Успамін аб Хатыні жыве ў сэрцах

Культура

22 сакавіка спаўняецца 75 гадоў з дня трагедыі, якая адбылася ў беларускай Хатыні. Сёння ні на адной геаграфічнай карце няма гэтай беларускай вёскі, знішчанай фашыстамі …

Да жудаснага дня 1943 года Хатынь была звычайнай беларускай вёсачкай, якая налічвала 26 двароў. Раніцай 22 сакавіка ў шасці кіламетрах ад яе партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону. Падчас перастрэлкі загінуў нямецкі афіцэр… Незаўбаве Хатынь акружылі карнікі, яны сагналі  ў хлеў усіх жыхароў Хатыні: старых, жанчын, дзяцей – зачынілі і падпалілі.  У здрадніцкім агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей.

Жудасныя падзеі той вясны да гэтага часу адгукаюцца болем у сэрцах беларусаў. Сёння мемарыял “Хатынь” –даніна памяці тым, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, трагічны напамін пра жахі вайны, якія нельга дапусціць яшчэ раз.

Да 75-годдзя Хатынскай трагедыі на Ашмяншчыне праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай падзеі.

На працягу месяца ў сельскім клубе-бібліятэцы вёскі Міхайлоўшчына працуе кніжная выстава “Хатынь – гэта памяць сэрца”.  Сярод выданняў — вядомыя творы Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, прысвечаныя трагедыі ў Хатыні, а таксама шматлікія артыкулы з перыядычных выданняў.

Для вучняў пачатковых класаў Кальчунскай сярэдняй школы прайшоў час памяці «Печальный набат Хатыни». Супрацоўнікі сельскай бібліятэкі арганізавалі тэматычную падборку кніг, часопісаў і артыкулаў з газет на тэму “Мы не забудзем боль Хатыні” і зрабілі яе агляд. Падчас мерапрыемства гучалі вершы, цікавыя факты з жыцця вёскі, відэаролікі “Хатынь” і  “Звон колоколов над деревней”.

Метадыст па складанні кінавідэапраграм Валянціна Бартановіч расказала, што на працягу сакавіка ў раёне праходзіць дэманстрацыя дакументальнай стужкі “І будзе жыць Хатынь”. Самая крывавая вайна ХХ стагоддзя забрала 2 мільёны 230 тысяч чалавечых жыццяў — кожнага чацвёртага жыхара Беларусі. Стваральнікі фільма заклікаюць схіліць галовы перад светлай памяццю ахвяр вайны — дарослых і дзяцей. І чарговы раз нагадваюць нам, што такія фільмы, безумоўна, патрэбныя для того, каб людзі памяталі…

— Фільм рэжысёра Генадзя Хмыза распавядзе пра гісторыю вёскі Хатынь з моманту яе ўзнікнення да сённяшняга часу, — расказвае Валянціна Іванаўна. — Сёння мала знойдзецца людзей у свеце, якія не чулі слова «Хатынь». Назва беларускай вёскі стала сімвалам трагедыі народа Беларусі ў часы Вялікай Айчыннай вайны.

 “Гудзяць званы памяці”

Пад такой назвай ў раённай бібліятэцы прайшоў вечар памяці, які арганізавалі супрацоўнікі бібліятэкі і раённага цэнтра культуры. У чытальнай зале сабраліся вучні сярэдніх школ горада і чытачы.

IMG_6594

Вядучыя мерапрыемства Вольга Тарашкевіч і Павел Вайгяніца расказалі прысутным аб вялікай трагедыі маленькай вёскі Хатынь, якая з’яўляецца сімвалам усіх спаленых вёсак у Беларусі. Сапраўды, з таго часу прайшло больш за сем дзясяткаў гадоў, а памяць аб гэтых падзеях працягвае жыць. Чорнае крыло вайны, чырвоныя іскры агню да гэтага часу абпальваюць нашыя сэрцы, нагадваючы аб тым, як важна захаваць мір на роднай зямлі.

IMG_6600

Разам з вядучымі вечара памяці госці гарталі дзясяткі старонак гістарычнай кнігі… На кожнай з іх захаваўся боль і горыч людзей, якія прайшлі кожнае выпрабаванне Вялікай Айчыннай вайны, канцэнтрацыйныя лагеры, агонь Хатыні… Рэхам у чытацкай зале адбіваліся прачытаныя ўспаміны Іосіфа Камінскага, Віктара Жалабковіча, Антона Бараноўскага, Валодзі і Соні Яскевічаў, Сашы Жалабковіча, якія сталі сведкамі і ўдзельнікамі Хатынскай трагедыі.

— Хатынь – гэта помнік усім вёскам, якія фашысты знішчылі на тэрыторыі Беларусі, — адзначае Вольга Тарашкевіч. – Сёння мемарыяльны комплекс наведваюць людзі з розных краін каб памаўчаць, паслухаць званы і ніколі не забыць Хатынскую трагедыю.

Вельмі пранікнёную, поўную горычы і жалю тэатральную пастаноўку “Ахвяры Хатыні” прадставілі артысты раённага цэнтра культуры. Перад гасцямі паўсталі жыхары Хатыні, якія хацелі жыць, марыць, радавацца кожнаму новаму дню… Таксама падчас мерапрыемства гучалі вершы і песні ў выкананні вучняў СШ №1, СШ №2 і гімназіі №1.

IMG_6622

Завяршыўся вечар памяці аглядам літаратуры з кніжнай выставы “Хатынь: трагедыя і памяць”. Сярод выданняў асаблівую ўвагу прыцягнулі надрукаваныя ўспаміны сведкаў Хатынскай трагедыі, даведнік па мемарыяльнаму комплексу, выдомыя творы беларускіх аўтараў, а таксама публікацыі са сродкаў масавай інфармацыі.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *