Дзяржаўнай установе адукацыі «Яслі-сад №7 г.Ашмяны» споўнілася 5 гадоў

Культура

Як хутка бяжыць час…Здаецца, яшчэ ўчора былі хваляванні падчас урачыстага адкрыцця дзіцячага садка ў новым мікрараёне горада, а сёння ўжо мы адзначылі наш першы маленькі юбілей. Дзяржаўнай установе адукацыі «Яслі-сад №7 г.Ашмяны» ў снежні споўнілася 5 гадоў.

IMG_1666

Увод у строй дзіцячага сада вырашыў праблему ўладкавання малышоў у дашкольныя ўстановы горада, стаўшы для 219 выхаванцаў і іх бацькоў навагоднім падарункам з моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, сучасным гульнёвым абсталяваннем. Аднак прыгожыя сцены патрабавалі змястоўнага напаўнення. На момант адкрыцця ва ўстанове працаваў толькі адзін выхавальнік, які меў кваліфікацыйную катэгорыю. Цяжкасцей было шмат. Маладым педагогам было складана планаваць адукацыйны працэс, ажыццяўляць яго на практыцы, будаваць узаемаадносіны з дзецьмі, знаходзіць агульную мову з бацькамі і калегамі.

Але ж нездарма загадчыкам новай дзіцячай установы была прызначана Алена Вацлаваўна Гудас. Яна стварыла каманду аднадумцаў, апантаных агульнай справай.

IMG_2807

Поступова, крок за крокам, малады калектыў засвойваў асновы прафесійнай дзейнасці. Выкарыстанне інтэрактыўных форм работы з кадрамі, сучасных адукацыйных і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій спрыяла павышэнню прафесійнага майстэрства.

Ужо трэці год дзіцячы садок працуе ў інавацыйным рэспубліканскім праекце «Фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай установы з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій». Гэта справа спрыяе павышэнню прафесійнага майстэрства педагогаў, дапамагае вызначыць траекторыі індывідуальнага развіцця вахавальнікаў, удасканальвае тэарэтычныя і практычныя веды. Інавацыйная дзейнасць дазваляе ўстанове перайсці на больш якасную ступень развіцця, стварае ўмовы для павышэння ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.

IMG_1698

Імкненне галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Жанны Паўлаўны Загорскай знайсці новыя шляхі прафесійнага развіцця педагогаў падштурхнула да наладжавання дзелавога супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. На базе дзіцячага сада адкрыты філіял кафедры прыватных методык інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя М.Танка. Педагогі актыўна ўдзельнічаюць у вебінарах і семінарах. Традыцыйна наведваюць дзіцячы садок студэнты-валанцёры. У канцы лістапада бягучага года ў рамках міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Адукацыя дарослых: кіраванне асабістым і прафесійным развіццём» педагогі дзяліліся вопытам работы з загадчыкамі ўстаноў дашкольнай адукацыі Літвы.

IMG_1746

На працягу пяці гадоў педагогі неаднаразова заяўлялі аб сабе на конкурсах рознага ўзроўню. Установа перамагала ў раённых спаборніцтвах на лепшую арганізацыю харчавання, у дзіцячай навукова-практычнай канферэнцыі «Я — даследчык», адкрытай раённай навукова-практычнай канферэнцыі «Ашмянскі ТЭМП — творчасць, эксперымент, майстэрства педагогаў», у конкурсах «Лепшая ўстанова дашкольнай адукацыі-2016», «Энергамарафон». На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Бяспечнае дзяцінства» яслі-сад узнагароджаны граматай. У верасні бягучага года мы перамаглі ў абласным конкурсе «Квітней, Беларусь!». Танцавальны калектыў «Іскрынкі» на міжнародным фестывалі сцэнічнага мастацтва Dance of Europe быў уганараваны дыпломам першай ступені. Настаўнік-дэфектолаг Таццяна Вацлаваўна Бартановіч стала пераможцам XII рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» за электронны адукацыйны рэсурс «Развіваем мову, гуляючы».

Нам ёсць чым ганарыцца. Але самыя значныя поспехі — гэта тыя, якія дасягаюцца штодзённымі намаганнямі ўсіх супрацоўнікаў установы дашкольнай адукацыі. Кожную раніцу спяшаюцца яны да маленькіх дзетак, каб дарыць свою любоў, пяшчоту, сардэчную дабрыню. Шмат шчырых слоў чуе ад бацькоў сваіх вахаванцаў Валянціна Іванаўна Садоўская. Выхавальнікі групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы Алена Мар’янаўна Гаранькова, Ганна Аляксандраўна Ждановіч, настаўнік-дэфектолаг Таццяна Віктараўна Барташэвіч не толькі дабіваюцца відавочнай дынамікі ў развіцці маўлення, але па-мацярынску ахінаюць цяплом кожнае дзіця. Аб’ядноўвае членаў калектыву, дапамагае маладым спецыялістам увайсці ў прафесію, а малым дзеткам пераадолець цяжкасці адаптатыўнага перыяду педагог-псіхолаг Ганна Ляонаўна Акулевіч. Вучыць клапаціцца аб здароўі і развівае выхаванцаў фізічна Антаніна Анатолеўна Колпак. Маладыя педагогі Вольга Віктараўна Ігнатовіч, Віялета Станіславаўна Родзь, Таццяна Пятроўна Маргуж годна прадстаўляюць установу адукацыі на прафесійных святах і конкурсах.

Тамара САЎЯНЕНКА, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзяржаўнай установы адукацыі «Яслі-сад №7 г.Ашмяны».

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *