Адкуль ты?!

Дзе б я ні была, колькі б дарог ні было пройдзена, якія б цуды ні здзіўлялі, перад вачыма заўсёды ззяла яркае, бліскучае святло майго роднага куточка. Куточка, дзе жылі мае продкі, бацькі, дзе я сама ўпершыню зачаравалася цёплымі сонечнымі промнямі, водарам кветак на зялёных, нібы аксамітных, палетках, чароўнымі пералівамі жаваронка пад высокімі пухнатымі аблокамі. Так і хочацца захаваць у памяці кожны куточак, кожную сцяжынку, узгорак, лясок. Той хутарок, дзе над люстэркам блакітнай сажалкі зіхацяць празрыстыя аблокі.

med_gallery_21828_1_724228

На працягу многіх гадоў я беражліва захоўваю ў сваім сэрцы памяць аб родным куточку, блізкіх людзях, важных падзеях… Напэўна, кожны чалавек згодзіцца з тым, што няма нідзе на свеце такога хараства, як тое, якое ён убачыў упершыню ў дзяцінстве і якое зачаравала назаўсёды. Менавіта таму мой хутарок для мяне і сёння застаецца самым ветлівым, утульным і па-свойму прыгожым месцам…

Дарэчы, амаль у кожнага чалавека ёсць такі ж куточак, які ён з асаблівай пяшчотай захоўвае ў сваім сэрцы. Але ёсць і тыя, хто “цураецца” сваёй маленькай радзімы, нават не таму, што гэта “правінцыя” ці “забыты Богам край”, а таму што надакучыла тлумачыць, дзе гэта самая вёсачка знаходзіцца. Здавалася б, колькі там той Беларусі, але выпадкі такія былі і са мною, падчас навучання ва ўніверсітэце… Гучала гэта прыкладна так: “Я нарадзілася ў Гальшанах… У той жа час я не зусім з Гальшан”. Напэўна, усё залежала ад таго, хто і навошта пытаў.

У маім выпадку: “Я не з горада Ашмяны, ад якога да літоўскай мяжы калісьці можна было даехаць на кані, не з Гальшан, дзе знаходзіцца вядомы замак, а з невялічкага хутара”. У асобных выпадках не было ніколі вялікага жадання ўсё гэта тлумачыць людзям! Ды гэта добра, калі пасля некалькіх хвілін разважанняў, слухачы ўсё ж змогуць зразумець, у якой частцы краіны гэтыя населеныя пункты знаходзяцца.

Мае знаёмыя з Мінска ці Гродна ўпэўнена скажуць вам: “Каця? Яна прыехала з Гальшан або з Ашмян!”. Запытайце ж у каго-небудзь з маіх сяброў, і  яны хутчэй за ўсё пачнуць спрачацца, што я не з Ашмян і не з Гальшан, а з хутара, які знаходзіцца амаль у дзесяці кіламетрах ад гістарычнага цэнтра. Увогуле некаторыя “сталічныя” могуць сказаць: “Ну, досыць, гэта нават не вёска, а зусім хутар!” Яны, канешне, маюць рацыю, але, згадзіцеся, практычна кожны чалавек, які пераехаў з вёскі ў горад,  называе родным горадам бліжэйшы мегаполіс. Атрымоўваецца, калі ты з Заслаўля і пераехаў у Мінск, то аўтаматычна сталіца становіцца родным горадам, ці, калі ты перабраўся з Азёраў у Гродна, то яго родным горадам становіцца Гродна…

Той, хто вырас у горадзе (дарэчы слова “горад” – гэта вельмі важнае слова ў лексіконе любога гараджаніна), упэўнена разважае аб тым, чым вясковыя адрозніваюцца ад гарадскіх. Нават калі чалавек прыехаў у “мегаполіс” з невялікага горада, у якім амаль усе ведаюць адзін аднаго. Канешне, адрозненняў хапае, але ці толькі ў гэтым справа!?

І, ведаеце, цяпер я заўсёды з гонарам расказваю ўсім, адкуль я. Напэўна, сэнс пытання “Адкуль ты?” не толькі ў тым, каб даць просты, кароткі адказ, але і пачаць размову, як і дзе ты вырасла. Акрамя таго, прыгажосць мястэчка, чым не нагода для гонару і змястоўнай размовы?

Паважаныя чытачы, а як вы ставіцеся да сваёй маленькай радзімы? Дасылайце лісты з цікавымі замаўлёўкамі аб роднай вёсачцы ў рэдакцыю —  oshvest@mail.grodno.by. Мы абавязкова іх прачытаем і надрукуем у наступных нумарах “Ашмянскага весніка”.

Кацярына РУДЗІК.

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля