У Ашмянах ушанавалі памяць загінуўшых у Афганістане

События

Штогод 15 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія выконвалі службовы абавязак далёка за межамі Айчыны. Гісторыя памятнай даты звязана з вывадам у 1989 годзе савецкіх войскаў з Афганістана. Кровапралітная вайна доўжылася 9 гадоў 1 месяц і 18 дзён.

 

З-за высокіх гор Гіндукуша доўгі час не было звестак, толькі паветраныя “чорныя цюльпаны”, якія дастаўлялі цынкавыя труны, нагадвалі аб тым, што ідзе сапраўдная вайна. Вайна, якая назаўсёды засталася балючым успамінам у сэрцах бацькоў, жонак і дзяцей тых юнакоў, якія вярталіся дамоў у цынкавых трунах. Свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане выконвалі і жыхары Ашмяншчыны, трое з якіх дамоў жывымі так і не вярнуліся…

IMG_3370

У мінулы чацвер на месцах пахаванняў воінаў-інтэрнацыяналістаў у вёсцы Паляны і горадзе Ашмяны адбылося ўскладанне вянкоў і кветак, у якім прынялі ўдзел дэлегацыі ветэранаў афганскай вайны, моладзі і грамадскасці. На палях бітваў той вайны склалі свае галовы трое салдат з Ашмяншчыны ─ Сяргей Залатароў, Эдуард Кеда і Сяргей Клінцэвіч. Разам з баявымі таварышамі яны мужна змагаліся сярод высокіх афганскіх гор, доўга блукаючы па гарачых жоўтых пясках… На гэтым шляху заўсёды побач ішла чорным ценем смерць і падсцерагала на кожным кроку. Аднойчы жудасным крылом яна гучна стукнула ў вокны бацькоўскіх дамоў, апавяшчаючы аб тым, што іх крывіначак не стала. Колькі страшных думак, слёз, гора абрынулася на іх сем’і ў адно імгненне! Герояў пасмертна ўзнагародзілі ордэнам «Чырвонай Зоркі».

Як заўсёды, шмат добрых слоў было сказана аб жыцці і подзвігах простых савецкіх хлопцаў. Як заўсёды, у глыбокім маўчанні стаялі воіны-афганцы ля магіл баявых таварышаў. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання, а ваенныя выпусцілі залпы ўрачыстага салюту ў гонар загінуўшых.

IMG_3319

IMG_3322

IMG_3328

Эстафета памяці традыцыйна працягнулася ля памятнага знака “Сынам зямлі Ашмянскай”. Некалькі год таму, дзякуючы ініцыятыве воінаў-інтэрнацыяналістаў на чале са старшынёй Ашмянскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалаем Лаздзіным у нашых землякоў-афганцаў з’явілася месца для сустрэч у Дні Памяці, правядзення мітынгаў, ускладання кветак. Баявая дэсантная машына БМД-1, якая прайшла крывавымі дарогамі Афганістана ў 80-я гады мінулага стагоддзя, сімвалізуе памяць жыхароў раёна аб падзеях той вайны. Тут жа ўладкавана мемарыяльная пліта з памятным подпісам воінам-інтэрнацыяналістам, удзельнікам лакальных войнаў і імёнамі загінуўшых вайскоўцаў.

IMG_3331

IMG_3345

IMG_3349

У Дзень памяці афганцы сустракаюцца, каб успомніць сяброў: і тых, хто жывы, і тых, хто не вярнуўся з перадавой, ускладаюць кветкі да помніка, успамінаюць таварышаў па службе, але стараюцца не ўзгадваць пра тую вайну…  Якім бы добрым лекарам не быў час — тыя падзеі з памяці не сцерці, як бы ні стараўся.

IMG_3352

IMG_3356

IMG_3361

Нязвыклы гарачы клімат, халоднае высакагор’е ці гарачыя пустыні, узброены вораг… А ўдалечыні ў іх засталася Радзіма, родны горад, вёсачка, дом, матулі, жонкі, дзеці. Шмат гора, бед і пакутаў прынеслі нашаму народу гэтыя дзевяць гадоў і пяцьдзясят адзін дзень жорсткіх бітваў у чужым краі… Гэтыя ўспаміны аб афганскай вайне назаўсёды засталіся ў сэрцах гэтых мужчын, якія моўчкі стаялі ля памятнага знака…

Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся з бою і пайменна ўспомнілі загінуўшых землякоў. Старшыня Ашмянскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалай Лаздзін падзякаваў сваім саслужыўцам, воінам-інтэрнацыяналістам, успомніў загінуўшых у Афганістане, а таксама расказаў аб дзейнасці аб’яднання. Божае бласлаўленне і каляндары з выявамі праваслаўных святых воінам-інтэрнацыяналістам даў настаяцель храма Уваскрасення Хрыстова Пётр Пятлеха.

Заключным акордам святкавання Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў стала ўрачыстае мерапрыемства ў СШ №3. У гэты дзень гучала шмат слоў падзякі воінам-інтэрнацыяналістам ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Маркевіча, старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Квяткевіча, намесніка старшыні райвыканкама Наталлі Станкевіч і іншых прадстаўнікоў грамадскасці. Гучала шмат шчырых слоў, вершаў, успамінаў, пранікнёных музычных кампазіцый ад таленавітых артыстаў Ашмяншчыны.

IMG_3380

IMG_3384

IMG_3389

IMG_3387

IMG_3393

У гэты дзень прысутныя ў зале воіны-афганцы ізноў прагарталі трагічныя старонкі падзей той вайны, яшчэ раз успомнілі аб вывадзе савецкіх войскаў з Афганістану, аб сваіх баявых таварышах… Дарэчы, афганская вайна яшчэ доўга будзе нагадваць аб сабе, пакуль жывыя бацькі, якія страцілі сыноў. Яна будзе жыць у памяці дзяцей, якія выраслі без бацькоўскай любові. Застануцца вершы і песні, напісаныя на вайне, распавядаючы пра сілу духа і мужнасць салдат, застануцца фотаздымкі і лісты, застануцца помнікі і абеліскі… А той боль будзе рэхам адгуквацца не толькі сярод высокіх афганскіх гор, але і ў нашых сэрцах.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *