Барунская школа адзначыла 400-гадовы юбілей

Культура

Тыдзень таму, суботнім вечарам, прыцягальныя агеньчыкі, што яркім святлом гарэлі ў школьных вокнах, збіралі сяброў юнацтва — выпускнікоў розных гадоў. Такія сустрэчы па традыцыі праходзілі ў кожнай школе.

Барунскі вучэбна-педагагічны комплекс святкаваў у гэты дзень двайную ўрачыстасць: акрамя сустрэчы з выпускнікамі, якім тут заўсёды рады, школа адзначала 400-гадовы юбілей. А таму і гасцей было надзвычай многа.

IMG_1392

Спяшаліся хоць на некалькі гадзін апынуцца ў родных сценах былыя выпускнікі — юбіляры з круглымі датамі і тыя, хто скончыў школу год — два назад. Завіталі на святочную імпрэзу і ветэраны педагагічнай працы, сярод якіх Алег Баляслававіч Дзедзюль, Ніна Іванаўна Марозава, Віктар Вацлававіч Кратынскі, Зоя Аляксандраўна Кратынкая, Франц Вацлававіч Станулевіч, Таццяна Вікенцьеўна Станулевіч, Раіса Мікалаеўна Капыш, Марыя Сяргееўна Кавалеўская, Галіна Іванаўна Кавалеўская, Леакадзія Аляксандраўна Міхалёнак, Антон Антонавіч Міхалёнак, Станіслава Уладзіславаўна Якубель, Зінаіда Міхайлаўна Стэльмах.

IMG_1398

— Менавіта дзякуючы вашым намаганням, шаноўныя ветэраны, — адзначыў у сваім прывітальным слове дырэктар Барунскага ВПК Аляксандр Анатольевіч Саванец, — школа будавалася, развівалася і прыгажэла. Сёння тут навучаецца 116 дзяцей, якія прадаўжаюць традыцыі, закладзеныя папярэднікамі — былымі выпускнікамі.

IMG_1400

Дарэчы, багатая на гісторыю Барунская школа за некалькі стагоддзяў свайго існавання дала адукацыю тысячам юнакоў і дзяўчат. Зразумела, у гэты зімовы вечар сваю alma mater наведала толькі невялікая частка былых вучняў. І ўсё ж вольных месцаў у святочна прыбранай зале не было. Паўсюль свяціліся шчаслівыя ўсмешкі, твары многіх прысутных, здаецца, скінулі цяжар гадоў і зноў акунуліся ў маладосць — столькі эмоцый выклікалі ў ветэранаў педагагічнай справы архіўныя фотаздымкі!

IMG_1448

Сваімі ўспамінамі падзялілася з гасцямі былы намеснік дырэктара Барунскай школы, яе выпускніца Раіса Мікалаеўна Капыш. Яшчэ больш глыбокую гісторыю сваёй навучальнай установы і аб ролі манахаў-базыльян у развіцці адукацыі на роднай зямлі нагадалі былы дырэктар Франц Вацлававіч Станулевіч і вядучыя праграмы «Гарадзеншчына».

IMG_1410

Цікава, але сем выпускнікоў школы зараз працуюць тут настаўнікамі. Відаць, моцна трымае сваіх былых вучняў Барунская школа.

Цёплыя словы віншаванняў і падарункі прымала яна ў гэты вечар ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Мікалаеўны Баркоўскай, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалая Мікалаевіча Кунцэвіча, старшыні Барунскага сельвыканкама Андрэя Зыгмундавіча Дулько, галоўнага бухгалтара селекцыйна-племяннога цэнтра жывёлагадоўлі Святланы Канстанцінаўны Манчак, выпускніцы школы, а зараз супрацоўніцы эксперыментальнай базы «Баруны» Настассі Якель.

IMG_1452

Прыгожы музычны падарунак падрыхтавалі прысутным народны ансамбль народнай песні «Жытніца», а таксама адзінаццацікласнікі Барунскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Безумоўна, ад выступлення таленавітых удзельнікаў мастацкай самадзейнасці асаблівую асалоду атрымалі людзі старэйшага ўзросту, бо са сцэны гучалі кампазіцыі іх юнацтва і маладосці. З задавальненнем падхоплівалі ветэраны знаёмыя матывы, шчодра адорваючы артыстаў бурнымі апладысментамі.

IMG_1472

З яшчэ большай цеплынёй сустрэлі ў зале звычайных вучняў, якія ўчора адказвалі дамашняе заданне, а сёння прыйшлі, каб стварыць добры настрой гасцям роднай школы. Выпускнікі — па традыцыі вечар сустрэчы рыхтуюць менавіта яны — падрыхтавалі цікавую святочную праграму: з вясёлымі гульнямі, інсцэніроўкамі, песнямі і танцамі. Знайшлося месца сучасным кампазіцыям і гламуру. Прыемным сюрпрызам для многіх сталі музычныя падарункі ад былых выпускнікоў Алены Лоўчай і гітарыста Ігара Альшука.

IMG_1507

IMG_1502

І хаця святочны канцэрт падыходзіў да завяршэння, узрушанасць не аціхала. Набягалі новыя ўспаміны, якімі хацелася падзяліцца з сябрамі, калегамі, вучнямі… Дарэчы, падзякаваць за атрыманыя веды, пакінуць свае пажаданні, голас свайго юнацтва мог кожны выпускнік у кнізе «Я гэтай школай ганаруся», падрыхтаванай адмыслова да 400-гадовага юбілею. Усе віншаванні роднай школе сышліся ў адным: і надалей заставацца цэнтрам асветніцтва ў Барунах, праз стагоддзі несці святло ведаў і культуры.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *