35 гадоў спаўняецца аднаму з выпускаў сярэдняй школы №1 г. Ашмяны

Культура

Сёлета 35 гадоў спаўняецца аднаму з выпускаў сярэдняй школы №1 горада Ашмяны. Дваццаць шэсць акрыленых ведамі, марамі і надзеямі юнакоў і дзяўчат атрымалі атэстат сталасці і, быццам птушаняты, разляцеліся з роднага гнязда… Працягвалі вучыцца, уладкоўваліся на працу, падарожнічалі, стваралі сем’і, нараджалі дзяцей… Але, нібы буслы, заўсёды вярталіся з выраю на радзіму — вечары сустрэчы штогод збіраюць у першай школе выпуск 1983 года.

EPSON MFP image

І тады ракой ліюцца ўспаміны, на тварах свецяцца радасныя, бесклапотныя, як у дзяцінстве, усмешкі — быццам і не было гэтых дзясяткаў гадоў, быццам і не раздзялялі іх сотні кіламетраў, уласныя праблемы.

Перад вачыма вось яна, родная першая школа, яшчэ ў старым будынку з помнікам піянеру-герою Алегу Кашавому, імя якога носіць піянерская дружына школы і сёння. Вось іх, нясмелых першаклашак, трымае за руку першая настаўніца Святлана Міхайлаўна Дубаневіч, з якой яны пачалі спасцігаць такі цікавы і неабсяжны свет школьных навук. Не паспелі азірнуцца, як пачатковая школа засталася за плячыма, а іх дружны 5 «Б» даручылі Таццяне Пятроўне Апанэль. Але ўжо праз год класны кіраўнік у «бэкаў» памяняўся — іх узяла маладая творчая, заўсёды прыветлівая настаўніца замежнай мовы Таццяна Сяргееўна Будкевіч.

СШ № 1 (фото 1)
2 «Б» клас СШ № 1 г. Ашмяны. 1975 год.

У многім менавіта дзякуючы ёй школьныя гады сталі для хлопчыкаў і дзяўчынак такімі яркімі і незабыўнымі, што ўспаміны пра іх і сёння саграваюць сэрцы былых выпускнікоў. У меру строгая, яна заўсёды знаходзіла патрэбныя словы, каб выказаць сваю незадаволенасць паводзінамі свавольнікаў, каб пахваліць за добрыя справы, усцешыць і падтрымаць у цяжкую хвіліну, каб падзякаваць за чуласць і спагаду. Гэтыя якасці дзеці ўпітвалі ў сябе, як губка. З класнага кіраўніка бралі прыклад ва ўсім. Можа таму, і зараз, праз столькі гадоў, яны як адна сям’я: нягледзячы на пасады і статусы, сэрцам адклікаюцца на бяду другога, разам адзначаюць юбілеі і іншыя святочныя даты…

— І тут прыклад нам падала класны кіраўнік, — адзначае былая выпускніца Вольга Віткоўская. — Таццяна Сяргееўна заўсёды была ў нас лідарам, на яе хацелася раўняцца. Аднак у той жа час яна магла разам з намі пагуляць у слана, закрыць вочы на тое, што мы спісваем адзін у аднаго дамашняе заданне.

Гэту ледзь улоўную дыстанцыю паміж вучнямі і настаўнікам, якая базіравалася на аўтарытэце і павазе, дапамагалі трымаць не толькі і нават не столькі ўрокі, колькі сумесныя паходы, працоўныя дэсанты, піянерскія кастры… Вось там бурліла жыццё. Па дарозе на Рачунскую ГЭС спявалі песні, а прыйшоўшы на месца, разбівалі лагер, каталіся на лодках, шукалі свае пернікі, якія тым часам паелі вучні трэцяй школы — яны таксама аблюбавалі тую палянку.

А колькі ўспамінаў выклікаюць экскурсіі ў Растоў, Вільнюс! Незабыўныя дні праводзілі ў лагеры працы і адпачынку, які ладзіўся на базе Кальчунскай школы. Днём сямікласнікі садзілі бручку, а ўвечары ўцякалі праз вокны на танцы ў мясцовы клуб. Хапала ў класнага кіраўніка клопату!

І ўсё ж з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаюць былыя выпускнікі той час. Здаецца, хоць зараз адматалі б плёнку жыцця назад і пайшлі капаць бульбу, спяваць піянерскія песні на Пясчанцы, удзельнічаць у спаборніцтвах. Дарэчы, у класе Таццяны Сяргееўны вучыліся заядлыя спартсмены — гандбалістка Марыя Чаплінская, прыхільніца лёгкай атлетыкі Марына Баравікова.

Любоў да спорту дзяўчатам і хлопцам прывівалі настаўнікі фізічнай культуры Часлава Ігнацьеўна і Раман Францавіч Руткоўскія, дзякуючы якім дзеці спяшаліся на снежныя схілы, з задавальненнем удзельнічалі ў кросах і эстафетах, сяброўскіх турнірах і матчах.

СШ № 1 (фото 2)

Нікога не засмучала, што на ўсю паралель — дзясятыя «А», «Б» і «В» — быў толькі адзін выпускнік з залатым медалём — Павел Сцяпура з 10 «Б», бо трывалыя веды, якія набылі юнакі і дзяўчаты ў школе, дазволілі многім атрымаць вышэйшую адукацыю і зрабіць правільны прафесійны выбар. Хтосьці, як Валодзя Сігаеў, звязаў жыццё з будаўніцтвам, хтосьці — з сацыяльнай сферай, нехта — з ваеннай справай, юрыспрудэнцыяй… Многія абралі пратаптаную школьнымі настаўнікамі сцежку. Пайшлі ў адукацыю Вольга Віткоўская, Марыя Чаплінская, Іван Ляшчэвіч.

Прыкладам адданасці любімай справе сталі дырэктар СШ №1 Дзмітрый Дзмітрыевіч Саламонаў, настаўнікі Марыя Віктараўна Каркотка, Вера Філіпаўна Тымуль, Валянціна Сцяпанаўна Шутава, Валянціна Іванаўна Пракоп’ева, класныя кіраўнікі Марыя Васільеўна Шэўчук (у «акаў»), Таццяна Сяргееўна Будкевіч (у «бэкаў»), Тамара Сяргееўна Ліпчанская (у «вэкаў»).

За іх педагагічнае майстэрства, вопыт і мудрасць даўно пасталеўшыя выпускнікі, шэрагі якіх, гэтаксама як і настаўнікаў, на жаль, парадзелі, удзячны і сёння. Са шчырай радасцю дарослыя сур’ёзныя людзі, а некалі непаседы-гарэзы вітаюць сваіх школьных сяброў і настаўнікаў не толькі на юбілейным вечары сустрэчы выпускнікоў, але і проста ў горадзе, бо іх назаўсёды з’яднала родная першая школа.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота з архіва выпускнікоў 1983 года.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *