Барунская школа. Найстарэйшай навучальнай установе краіны споўнілася 400 год

Культура

Пра тое, што Баруны з’яўляліся цэнтрам асветніцтва на Ашмяншчыне, было вядома даўно. Паводле гістарычных звестак, у 1700 годзе сюды з мястэчка Вішнева разам з маёмасцю і настаўнікамі была пераведзена трохгадовая базыльянская школа свецкага напрамку. Дарэчы, развіццё адукацыі ў той час было звязана з дзейнасцю менавіта гэтага ўніяцкага ордэна. Аднак, як стала вядома адносна нядаўна, ужо каля 1617 года, атрымаўшы прывілеі караля і Папы Рымскага, базыльяне адкрылі пачатковыя школы для манахаў і святароў у Полацку, Жыровіцах і Барунах. А гэта значыць, што мясцовая школа з усёй упэўненасцю можа адзначаць чатырохсотгадовы юбілей і ганарыцца багатай гісторыяй, якую ў Барунскім вучэбна-педагагічным комплексе беражліва захоўваюць.

Ля вытокаў

Звесткі аб тым, як развівалася адукацыя ў Барунах, захоўваюцца ў школьным музеі, заснавальнікам, а цяпер і кіраўніком якога з’яўляецца былы дырэктар Франц Вацлававіч Станулевіч. Зразумела, у гісторыі асветніцтва, якое разам са святлом веры неслі базыльяне, шмат «белых плям», аднак асноўныя вехі ўсё ж вядомы.

кляштар

Так, у 1740 годзе школа рыхтавала кандыдатаў у духоўнае званне, а ўжо ў 1780 яна зноў стала свецкай і ператварылася ў шасцігадовую. Гэта была навучальная ўстанова закрытага тыпу, дзе спачатку выкладалі выключна вучоныя манахі, аднак пасля з’явіліся і свецкія выкладчыкі. Навучанне першапачаткова вялося на польскай мове. Педагагічны калектыў складаўся з шасці прафесараў (выкладчыкаў) і шасці асноўных кафедраў: лацінскай мовы, арыфметыкі, красамоўства, гісторыі, фізікі і матэматыкі. Пры школе быў манах, які валодаў лекарскім майстэрствам і меў патрэбны набор лекаў — ну акурат, як сённяшняя медыцынская сястра!

Вучылі тут таксама геаграфіі, батаніцы, праву, эканоміцы, гісторыі святога Пісання, сельскай гаспадарцы, французскай, нямецкай , а з 1800 года і расійскай мовам.

Кляштар базыльян, у якім па 1979 г. знаходзілася Барунская школа
Кляштар базыльян, у якім па 1979 г. знаходзілася Барунская школа

На жаль, ніхто не ведае, дзе ў той час размяшчалася школа. Толькі ў 1788 годзе пачалося будаўніцтва манастырскага корпуса, у якім пазней размясціліся гімназічныя класы, памяшканні для манахаў, кватэры для настаўнікаў. Гэты будынак, напаўзакінуты, можна пабачыць у Барунах і сёння. Некаторыя выпускнікі мясцовай школы яшчэ памятаюць, як вучыліся ў старым памяшканні — па 1979 год установа адукацыі размяшчалася менавіта там. Але гэта амаль праз дзве сотні гадоў. А тады, у канцы ХVІІІ —  ХІХ стагоддзях тут існавалі гімназія, затым духоўная школа для сірот і дзяцей беднага духавенства, царкоўна-прыходскае вучылішча, народнае вучылішча. У розныя часы ў школе навучалася ад 140 да 200 юнакоў. Найбольш здольныя да навукі выпускнікі працягвалі вучобу ў Віленскім універсітэце.

«Вучыся, асёл, добра — будзеш мець хлеб»

Так, паводле мемуараў аднаго з барунскіх выпускнікоў Ігната Ходзькі, тлумачылі вучні выяву, якая была змешчана на школьнай харугві. З аднаго боку на ёй на белым атласе быў вышыты абраз Маці Божай, апякункі школы, з другога — сноп збожжа — эмблема плёну навук.

Хоць парада ў нечым і жартоўная, але да яе прыслухоўваліся. Сведчанне таму — шэраг вядомых імёнаў, якіх узгадавала барунская базыльянская школа. Дарэчы, праз гэта яна і стала вядомай яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Яе выхаванцы пакінулі выдатны след у навуцы, культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы. Сярод іх вядомыя пісьменнікі, сябры Адама Міцкевіча — Антон Эдвард Адынец і Ігнат Ходзька, паэт, перакладчык Юльян Корсак, гісторык, публіцыст Леанард Ходзька. Імёны некаторых настаўнікаў і выпускнікоў гэтай школы ўзышлі на навуковым гарызонце: Антоні Вырвіч — прафесар матэматыкі Віленскага ўніверсітэта, Вінцэнт Карчэўскі — ад’юнкт прафесара астраноміі Віленскага ўніверсітэта, Антон Камінскі — аўтар работ па асновам геаграфіі і матэматыкі…

Такія вынікі, безумоўна, невыпадковыя. Як успамінае Уладзіслаў Сыракомля:

«Нашых дзядоў сцябалі старыя іезуіты, нашых бацькоў секлі айцы-піяры, а мы паспыталі базыліянскія розгі, але няхай за гэтыя розгі ўшануюць іх нябёсы. Так здорава яны лупцавалі, калі было за што, але і кахалі яны дзяцей сардэчна і шчыра, старанна настаўлялі іх у навуцы і веры і строга пільнавалі мараль — шмат каго дала нашаму краю іх уважлівая апека».

Подых новага часу

У 1920 годзе, дзякуючы намаганням беларускага дзеяча і асветніка Сымона Рака-Міхайлоўскага ў двухпавярховым мураваным манастырскім будынку пачала працаваць беларуская настаўніцкая семінарыя. Але існаваць ёй было наканавана нядоўга. Распачатая на заходніх землях Беларусі паланізацыя прывяла да закрыцця ўстановы, на змену якой прыйшла польская настаўніцкая семінарыя. Апроч іншых выкладалі тут, як успамінае былы выпускнік, пісьменнік і перакладчык Пятро Бітэль, Тамаш і Марыя Багушэвіч — сын і нявестка класіка нашай літаратуры Францішка Багушэвіча. Ён вёў урокі ручной працы і малявання, яна выкладала польскую мову і літаратуру. Беларуская мова выкладалася таксама, але адносіны да яе былі даволі абыякавыя.

У 1933 годзе Барунская школа атрымала статус сямігадовай, у якім праіснавала больш за два дзесяцігоддзі. Дзверы храма навукі не зачыняліся нават падчас вайны. У 1944 годзе школа працавала як няпоўная сярэдняя, першым дырэктарам быў В.Ю. Ляшчэвіч, завучам у той час была Парфіяновіч, настаўнікам ваеннай справы М.Е. Кудраўцоў. У 1955 годзе школа стала сярэдняй і праз тры гады адправіла ў дарослае жыццё сваіх першых выпускнікоў. Сярод выпускнікоў — кандыдаты навук Генрых Іванавіч Кумпіцкі, Андрэй Францавіч Дубнік, Міхаіл Васільевіч Шыцік, Ларыса Александровіч.

У пасляваенны час дырэктарамі школы працавалі А.С. Панкратаў, М.К.Страх, Віктар Віктаравіч Віткоўскі, Вячаслаў Радзівонавіч Радзівонаў, В.І. Лінок, Алег Баляслававіч Дзедзюль, Віктар Вацлававіч Кратынскі. Амаль трыццаць год узначальваў калектыў Франц Вацлававіч Станулевіч, які ў мінулым годзе перадаў кіраўніцтва школай Аляксандру Анатольевічу Саванцу.

Шмат гадоў настаўніцтву аддалі былы намеснік дырэктара Раіса Мікалаеўна Капыш, настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Іванаўна Марозава, настаўніца хіміі і біялогіі Марыя Сяргееўна Кавалеўская, настаўнікі пачатковых класаў Клаўдзія Фёдараўна Рукевіч, Галіна Францаўна Дзерван, Валянціна Станіславаўна Зянкевіч, Леакадзія Уладзіславаўна Казлоўская, матэматык Леакадзія Аляксандраўна Міхалёнак, фізік Галіна Іванаўна Кавалеўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры Тэрэса Станіславаўна Кузміцкая, старшая піянерважатая Зінаіда Міхайлаўна Стэльмах.

Школа сёння

І сёння дзеляцца з вучнямі сваімі ведамі, а з калегамі — мудрасцю і вопытам ветэраны педагагічнай справы: настаўніца абслугоўваючай працы Станіслава Уладзіславаўна Якубель, настаўнік фізічнай культуры Антон Антонавіч Міхалёнак, настаўніца пачатковых класаў Таццяна Вікенцьеўна Станулевіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры Франц Вацлававіч Станулевіч.

Закладка фундамента новай школы
Закладка фундамента новай школы

У трохпавярховым утульным будынку, які быў пабудаваны ў 1980 годзе, зараз размяшчаецца школа, яслі-сад, а таксама амбулаторыя. У школе навучаецца 96 вучняў, яшчэ 20 наведваюць дзіцячы садок. На працягу шэрагу гадоў патрэбную дапамогу ў навучанні і сацыялізацыі  тут атрымліваюць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця —  школа з’яўляецца апорнай у раёне па гэтым накірунку. У вучэбна-педагагічным комплексе працуюць 28 педагогаў, якія не толькі даюць трывалыя веды і добрыя парады, але і акружаюць дзяцей клопатам і ўвагай.

Нават у вольны ад урокаў час хлопчыкі і дзяўчынкі спяшаюцца ў школу: каб наведаць любімы гурток, паўдзельнічаць у чарговых спаборніцтвах ці проста пагуляць на спартыўнай універсальнай пляцоўцы, якая была пабудавана ля школы ў 2008 годзе. Відаць, невыпадкова ў мінулым годзе Барунскі ВПК быў прызнаны лепшай спартыўнай школай у раёне.

Барунскі вучэбна-педагагічны комплекс сёння
Барунскі вучэбна-педагагічны комплекс сёння

Шмат увагі мясцовыя настаўнікі надаюць працоўнаму выхаванню вучняў: штогод дзеці праходзяць летнюю практыку на прышкольным участку, дапамагаюць Гальшанскаму лясніцтву, удзельнічаюць у лагеры працы і адпачынку. На памяць аб сабе кожны выпуск высаджвае дрэвы жыцця — вечназялёныя туі. Стромкімі верхавінамі яны, як дзеці да ведаў, цягнуцца да сваіх суседак — амаль саракалетніх елак, пасаджаных падчас адкрыцця школы. Няхай і надалей, праз стагоддзі, барунская школа нясе свет навукі, ганарыцца сваімі слыннымі выпускнікамі і творчымі настаўнікамі, упрыгожвае родны край добрымі справамі і дасягненнямі.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і са школьнага архіва.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *