Як некалі з шыкам у Жупранах гуляла шляхта

Культура

Фото использовано в качестве иллюстрации
Фото использовано в качестве иллюстрации

Пра гэта паведамляюць нам гістарычныя крыніцы. Нават адзін невялічкі дакумент з мінуўшчыны можа цяпер нам шмат расказаць пра тое, як раней жылі нашыя продкі. Да прыкладу, у рукі вядомага ашмянскага краязнаўцы Чэслава Янкоўскага пад канец XIX стагоддзя трапіла справаздача пра выдаткі жупранскага маёнтка князёў Радзівілаў за 1694 год.

З дакумента вынікае, што акурат тады адміністратару Жупранаў пану Андрэю Пэзарскаму ўдалося вырашыць зацяжную зямельную спрэчку з суседам панам Песляком. Відавочна, гаворка ідзе пра Мікалая Песляка, які пабудаваў з дрэва ў 1691 годзе барунскі касцёл і змясціў там цудадзейны абраз Божай Маці. У 1694 годзе пан Мікалай завітаў у Жупраны. Кіраўнік радзівілаўскага маёнтка запрасіў яго на адмысловы баль з нагоды замірэння. Прыехаў у мястэчка таксама вельмі важны чалавек ва ўсім павеце — падкаморы ашмянскі, ураднік, які займаўся пытаннямі размежавання зямельных уладанняў. Відаць, без яго пячаткі нельга было абысціся пасля падпісання адпаведных дакументаў. Крыніцы не кажуць пра імя і прозвішча тагачаснага падкаморага, але вядома, што яго пасада была вельмі прэстыжнай, а сам ураднік лічыўся ганаровым абаронцам бедных удоваў і сірот са шляхецкага стану.

Прымаючы гэтак шаноўных гасцей, адміністратар жупранскага маёнтка зладзіў надзвычай шыкоўны баль. Справаздача падае, што падчас гуляння выпілі чатыры бочкі медавухі (па 40 злотых бочка), «цэлае мноства» венгерскага віна (па 8 злотых гарнец; гарнец звычайна лічыўся адной чвэрцю вядра), дзесяць бочак піва (па 4 злотыя бочка), анісавай гарэлкі 8 гарнцаў, два гарнцы лавандавай гарэлкі. У справаздачы адзначана, што госці «з Божай дапамогай» спажылі: паўтары дзежкі масла (дзежка па 8 злотых), дванаццаць гусей, тузін качак, чатыры бараны, дзесяць парасят, цяля і ялавую карову, кавалак «сланіны» і шмат розных прыправаў, на закуп якіх выдаткавалі 20 злотых. Кухару, адмыслова запрошанага дзеля гэтай нагоды з Вільні, прызначылі за працу 14 злотых. Падкаморы ж атрымаў ганарар памерам 20 талераў. Кіраўнік маёнтка ў Жупранах аднатаваў агульную суму выдаткаў на гэты баль памерам 601 злоты 24 грошы.

Дзеля параўнання, у тым жа самым годзе ў Жупранах адбудавалі спалены падчас вайны з Масковіяй касцёл. Новыя сцены ўзводзілі цягам двух гадоў, а за дзень працы наймітам плацілі па 15-18 грошай. На ўсю ж двухгадовую працу выдаткавалі 900 злотых. Як відаць, толькі адзін шляхецкі баль у Жупранах каштаваў 2/3 гэтай сумы. Гэта дае ўяўленне аб размаху балю, за кошт якога ў мястэчку можна было пабудаваць калі не новы касцёл, то добрую капліцу або некалькі дамоў.

Віктар Шукеловіч, Жупраны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *