На Ашмяншчыне завяршылася дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”

Культура

Хутка праляцеў час зімовых святаў ─ скончыліся навагоднія мерапрыемствы ў школах і садках, адгрымелі дабрачынныя святы і канцэрты для дзяцей Ашмяншчыны. Цудоўнай навагодняй сустрэчай у сацыяльна-педагагічным цэнтры завяршылася дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, удзельнікі якой на працягу месяца дарылі ўвагу, клопат і станоўчыя эмоцыі дзецям.

У апошні дзень акцыі героямі навагодняга свята сталі дзеці сацыяльна-педагагічнага цэнтра, хлопчыкі і дзяўчынкі, якія жывуць у дамах сямейнага тыпу і іх бацькі. Прыемна было бачыць дружныя сем’і Карповічаў, Паповых і Міцкевічаў, якія стараюцца наведаць кожнае мерапрыемства ў поўным складзе.

Павіншаваць дзяцей са святамі прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Баркоўская і галоўны спецыяліст аддзела Тэрэса Кураловіч.

IMG_9073

IMG_9077

Падчас мерапрыемства дзеці не толькі чыталі вершы, кружыліся ў карагодзе, удзельнічалі ў конкурсах, але і расказвалі аб сабе і сваіх захапленнях, знаёміліся з гасцямі.  Прыемным сюрпрызам сталі і салодкія падарункі, якія падрыхтаваў дзецям ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”.

IMG_9085

IMG_9061

Апошняе навагодняе свята атрымалася сапраўды шчырым і ўтульным. Канешне, яно не было б такім без добрых чараўнікоў – гасцей свята, спонсараў, выхавальнікаў цэнтра і прыёмных бацькоў, якія дораць часцінку сардэчнай цеплыні і бацькоўскай любові, бо па-іншаму не ўмеюць.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *