Гульня-арыентаванне “Я этим городом храним» прайшла ў Ашмянах

Культура

Гульню-арыентаванне “Я этим городом храним», якую праводзяць ужо каторы год работнікі аддзела турызму і краязнаўства цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з вучнямі школ, скіравана перш за ўсё на вывучэнне гісторыі свайго краю і прывіццё павагі да зямлі, дзе яны нарадзіліся і жывуць.

IMG_4824

Як паведаміла метадыст аддзела Аліна Мікліс, гульня праходзіць у рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і раённага праекта “Вяршыня”. Сёлета ў ёй прынялі ўдзел каманды 12 школ раёна. Тэма гульні штогод мяняецца. У гэтым годзе па ініцыятыве загадчыка аддзела турызму і краязнаўства Анастасіі Дубнік большасць заданняў было распрацавана на аснове звестак краязнаўчага характару, змешчаных на старонках раённай газеты “Ашмянскі веснік”, прычым не толькі ў папяровым яе варыянце, але і электронным – на сайце.

IMG_4827

Падчас праходжання юнымі даследчыкамі-краязнаўцамі маршруту, на які адводзілася 90 хвілін, камандам неабходна было зрабіць здымак і адказаць на пытанні, прапанаваныя на кожным з пяці кантрольных пунктаў. Пытанні гэтыя тычыліся не толькі славутасцей нашага горада, пра якія паведамляла раённая газета, але і ведання спецыфікі дзейнасці раёнкі і яе калектыву: на якіх мовах выходзіць раёнка, назваць прозвішчы карэспандэнтаў (выбраць правільныя варыянты), перыядычнасць выхаду, змены назвы перыядычнага выдання і выхад першага яе нумара. Трэба адзначыць, што вучні паспяхова справіліся з гэтымі заданнямі, таксама як і з тэмамі пра касцёл францысканцаў і корчмы, якія, на жаль, зніклі з карты нашага горада бясследна. У пошуках адказаў на пытанні ўдзельнікі каманд маглі выкарыстаць сайт раённай газеты і кнігу-хроніку “Памяць. Ашмянскі раён”. Уменне знаходзіць адказы ў СМІ і кнігах (падчас гульні дазвалялася наведаць раённую бібліятэку) для некаторых каманд стала сапраўднай палачкай-выручалачкай.

IMG_4836

IMG_4850

Лепш за іншых веданне гісторыі свайго краю і раённай газеты прадэманстравала каманда СШ №3. Добрыя вынікі паказалі таксама краязнаўцы СШ №2, Кальчунскай СШ і гімназіі.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *