620-ю гадавіну пасялення татараў на беларускіх землях адзначылі ў Ашмянскай мусульманскай абшчыне

Культура

Больш шасці стагоддзяў жывуць на Беларусі татары. Трапіўшы калісьці ў Вялікае Княства Літоўскае па запрашэнні князя Вітаўта, яны сталі адным народам з ліцвінамі. Як адзначыў старшыня Рады імамаў на Беларусі Дзмітрый Радкевіч, татары тады паабяцалі, што «гэта зямля, гэта вада, гэты пясок, гэтыя дрэвы будуць агульнымі». Сваё абяцанне татары стрымалі: станавіліся поруч з ліцвінамі, каб абараніць нашы землі ад чужынцаў, супольна вырашалі праблемы і радаваліся перамогам. Яны сталі не бежанцамі і мігрантамі, а добрымі і надзейнымі суседзямі.

У гэтым годзе ў краіне праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 620-м угодкам пасялення татараў на беларускіх землях. Урачыстасць і святочны намаз прайшлі ў гэтыя дні ў саборнай мячэці ў Мінску. Вялікім колам адзінаверцаў і сяброў адзначылі гэту дату ў «татарскай сталіцы» — у горадзе Іўі. Святкаванні прайшлі і ў Ашмянскай мусульманскай абшчыне, дзе разам з вялікай падзеяй святкавалі дзесяцігоддзе адкрыцця малельнага дома — па часовых мерках малую, аднак для мусульманскай супольнасці вельмі значную дату.

IMG_4919

У невялікае, але цёплае і ўтульнае святое месца на вуліцы Кірава сабралася шмат гасцей. Прыехалі суседзі з Іўеўскай абшчыны на чале са старшынёй Іванам Шабановічам. Дзесяць год назад яны разам рабілі рамонт у набытым абшчынай старэнькім доме, укладаючы ў гэту справу свае ўменні і душу. Рады на свяце былі сябрам з Дагестана: разам з Карсунам Адылбегавым — старшынёй Духоўнага ўпраўлення мусульман Дагестана, імамам Мінскай саборнай мячэці, прыехалі браты Магамед і Амаргаджы Пашаевы, удзельнікі гурта «Батлух». Далучыліся да святочнага намазу турэцкія госці: аташэ па справах рэлігіі пасольства Турцыі ў Рэспубліцы Беларусь Байрам Аздэмір і імам Мустафа Такас.

IMG_4912

На ўрачыстасць была запрошана начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Людміла Каханоўская.

IMG_4901

Татары-мусульмане Ашмян на святочную службу прыйшлі сем’ямі. Абшчына, якой кіруе Фаціма Якубоўская, хаця і невялікая, аднак вельмі дружная. Ганароваму члену згуртавання Браніславу Шагідзевічу, які ў свой час быў старшынёй абшчыны, больш за дзевяноста год. Гэты паважаны чалавек шмат зведаў на сваім вяку, аднак не страціў веру ў людзей, не замкнуўся у сабе. Выжыць і выстаяць перад жыццёвымі нягодамі яму дапамагала вера. Ён і зараз, не зважаючы на ўзрост і дрэннае здароўе, стараецца не прапускаць ніводнай службы.

IMG_4884

Пачалася ўрачыстасць святочным намазам — штодзённай абавязковай малітвай мусульман, якая згодна са спецыяльным календаром адбываецца пяць разоў на дзень. Упрыгожаннем службы стала распеўнае чытанне імам Мустафой Такасам Свяшчэннага Карана.

На правах гаспадара імам Ашмянскай мусульманскай абшчыны, старшыня Рады імамаў Беларусі Дзмітрый Радкевіч павіншаваў усіх прысутных са знакавай падзеяй у жыцці татараў-мусульман і падзякаваў усім, хто знайшоў час і магчымасць наведацца ў гэты дзень у Ашмяны, каб раздзяліць светлыя пачуцці ў месяц нараджэння прарока Мухамеда.

— Мы павінны быць добрымі людзьмі не перад Богам, а перад другімі людзьмі, — падкрэсліў у сваёй прамове Дзмітрый Радкевіч. — Сённяшняму свету як ніколі патрэбны верацярплівасць і павага да людзей, якія вызнаюць іншую рэлігію.

Трэба заўважыць, што яго думка была галоўнай і ў выступленнях гасцей. Татары-мусульмане на Беларусі з’яўляюцца яскравым прыкладам міру і згоды для ўсіх культур і рэлігій. Яны сваімі паводзінамі, сваёй верай і адносінамі да іншых людзей імкнуцца  паказаць, што жадаюць, каб у свеце быў мір.

Аташэ па справах рэлігіі пасольства Турцыі ў Рэспубліцы Беларусь Байрам Аздэмір сказаў:

— Усе мы ўзыходзім ад адных бацькоў. Усе мы дзеці Адама і Евы. У нас адзіны Бог. У Беларусі мы жывём у мірных умовах і прапаведуем сваю рэлігію. І мы ўдзячны гэтай дзяржаве, яе народу і яе Прэзідэнту.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Каханоўская падкрэсліла, што ў Ашмянскім раёне зарэгістравана пяць рэлігійных абшчын, і ўсе яны жывуць у згодзе, пры гэтым захоўваюць і берагуць свае традыцыі.

Падчас урачыстага святкавання старшыня імамаў Беларусі Дзмітрый Радкевіч уручыў падзячнае пісьмо ад Сусветнага кангрэсу татараў старшыні Ашмянскай мусульманскай абшчыны Фаціме Якубоўскай. Граматай мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь узнагароджаны Браніслаў Шагідзевіч — самы старэйшы член абшчыны, ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

IMG_4867

— Для беларускіх татараў фактарам захавання этнасу стала тое, што яны цвёрда, паслядоўна прытрымліваліся сваёй рэлігіі. Менавіта іслам, не мова, а агульная рэлігія стала фактарам яднання нашай супольнасці, — адзначыў Дзмітрый Радкевіч.

IMG_4858

Наколькі беражліва адносяцца татары-мусульмане да сваіх традыцый, можна было назіраць падчас урачыстасці ў малельным доме. Даўно не адчувала сябе так утульна сярод, здавалася б, людзей зусім адрознай веры, у многім мне не зразумелай. З замілаваннем слухала вершы ў выкананні юных Ганны і Барыса Крыніцкіх. Немагчыма перадаць словамі тыя пачуцці, што нараджаліся ў душы ад чароўных галасоў братоў Пашаевых, якія зліваліся ў адно цэлае і напаўнялі прастору. У чарговы раз усплылі ў памяці радкі беларускага класіка: «Нашто на зямлі сваркі і звады?..» Нам патрэбен мір. Гэта пацвердзяць усе народы, якія жывуць у нашай Беларусі.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *