У Кальчунах прайшла краязнаўчая гасцёўня «Сустрэчы ў лістападзе-2017» (фота, відэа)

Культура

Канец лістапада — няўлоўная мяжа паміж восенню і зімой. Гэтыя дні ў прыродзе падобныя адзін да аднаго. Калі са снегам і слатой, зрэдчас — сонечныя, часцей — са сляпым і нудным дажджом, шэрыя і аголеныя перад самотным небам і людскім вокам. Між тым, не зважаючы на правіны надвор’я, ужо сёмы год лістапад для мяне па-душэўнаму цёплы і ўтульны. Можа, не ўсюды, але ў Кальчунскай школе, дзе праходзіць у апошнія дні восені міжнародная краязнаўчая гасцёўня ў памяць аб славутым землякухіміку і біёлагу, медыку, педагогу Енджэю Снядэцкім, пануе атмасфера сяброўства і гасціннасці. Тут цёпла ад адкрытых усмешак і шчырых поціскаў рук, ад усведамлення свайго дачынення да зямлі славутых продкаў. Думаецца, што і сам Снядэцкі быў бы ў значнай меры ўсцешаны тым фактам, што яго імя здольна аб’ядноўваць людзей розных краін, поглядаў і веравызнанняў, разбураць палітычныя амбіцыі і штучна ўзведзеныя масты, адкрываць нязгаданыя дагэтуль старонкі гісторыі і ганарыцца сваім краем. У актавай зале школы гучаць беларуская, польская, літоўская і руская мовы. Сюды збіраюцца краязнаўцы, настаўнікі і вучні, вучоныя, архітэктары, паэты і музыкі, мастакі, моладзь і людзі сталага ўзросту, мясцовыя жыхары і тыя, каму прыйшлося пераадолець не адну сотню кіламетраў, каб дабрацца да Кальчун.

Хтосьці прыходзіць на свята, прымеркаванае да дня нараджэння славутага вучонага і медыка, па запрашэнні Таццяны Давідовіч – арганізатара і натхняльніка гісторыка -культурнага праекта “Сустрэчы ў лістападзе”, а хтосьці па закліку душы – у прадчуванні цікавых знаёмстваў, новай інфармацыі і ўражанняў. Тут рады ўсім, хто задаецца пытаннямі “хто мы?”, “для чаго прыйшлі ў гэты свет”, “адкуль наш род?”.

IMG_4092

IMG_4106

IMG_4114

Традыцыйна пачынаецца свята ўшанаваннем памяці Енджэя Снядэцкага ў Гародніцкай капліцы – сямейнай усыпальніцы Снядэцкіх, дзе пахаваны сын Енджэя Юзаф з жонкай Антанінай з роду Сулістроўскіх і двума сынамі – Юзафам і Генрыхам. Тут, у капліцы, якая з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства, праводзіць набажэнства ксёндз-пробашч парафіі касцёла Святога Міхаіла Арханёла Ян Пузына. На святую імшу збіраюцца госці і мясцовыя жыхары, якія зберагаюць для нашчадкаў капліцу, даглядаюць магілу знакамітага вучонага і медыка.

IMG_4121

У гэтым годзе дзякуючы высілкам Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча, кіраўніцтва горада і гміны Мураваная Гасліна і ксяндза-пробашча парафіі касцёла Святога Міхаіла Арханёла ў Ашмянах Яна Пузыны ў капліцы былі праведзены рамонтна-кансервацыйныя работы: умацавана падмуроўка пабудовы, зроблены водаадвод, адноўлена падлога, прыведзены ў належны стан сцены крыпты, у скляпенні падключана асвятленне.  Трэба адзначыць, што рэстаўрацыя вядзецца таксама ў капліцы вёскі Паляны, на зямлі, якая падарыла свету Чэслава Янкоўскага, аўтара чатырохтомніка “Павет Ашмянскі”.

Некалькімі гадамі раней новы выгляд набылі абраз Маці Божай Гародніцкай і яго аздоба, рэстаўрыраваны помнік на магіле Енджэя Снядэцкага. Да гэтага святога месца ніколі не зарастае сцежка. Тут заўсёды стаяць кветкі, гараць лампадкі ў знак удзячнасці вернаму сыну Айчыны, які сваё “сціплае” (па ўласных мерках) жыццё аддаў служэнню навуцы і які пражыў у нашым краі, у маёнтку Болтуп, амаль палову свайго жыцця — 32 гады.

IMG_4124

IMG_4126

IMG_4129

IMG_4133

IMG_4150

IMG_4152

IMG_4156

IMG_4161

Кальчунская школа на працягу 48 год існавання славіцца сваёй гасціннасцю. Заўсёды рады гасцям у навучальнай установе яе дырэктар Яўген Навіцкі, настаўнікі і вучні. Звычайна напачатку ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Сябры музейнай справы” праводзяць экскурсію ў гісторыка-краязнаўчым музеі Вучоны нашай зямлі”, а затым запрашаюць у актавую залу. Сёлета тут можна было азнаёміцца з выставай лінагравюрных копій ілюстрацый Станіслава Бабінскага да кнігі Марыі Знатовіч-Шчапаньскай “Вакацыі ў Яшунах”, якія зрабіла настаўніца школы Ірына Шаверда. Выставы “Гародніцкая капліца: гісторыя і сучаснасць” і “Наш знакаміты продак” разгарнуліся ў фае школы.

IMG_4187

IMG_4190

IMG_4207

Наш слаўны зямляк, наш натхняльнік і кумір, наш вучоны… Менавіта так назвала Енджэя Снядэцкага Таццяна Давідовіч, дзякуючы намаганням якой ладзяцца міжнародныя краязнаўчыя гасцёўні ў Кальчунах, завязваюцца стасункі з людзьмі, якія цікавяцца гісторыяй і берагуць сваю спадчыну, дапамагаюць разблытваць вузельчыкі радаводу Снядэцкіх – Балінскіх у Польшчы, Літве, Расіі і на Беларусі.

IMG_4285

Пастаяннымі ўдзельнікамі “лістападаўскіх спатканняў” з’яўляюцца старшыня сельвыканкама Лілія Янушкевіч, бібліятэкар мясцовай бібліятэкі Алена Шкелда, краязнавец і паэт Васіль Юрша, стваральнік польскамоўнага сайта “Ашмяншчына” з польскага горада Быдгошч Міхал Буткевіч, ксёндз-пробашч Ян Пузына. З задавальненнем наведвае гэта мерапрыемства краязнавец і фатограф Тамара Філіповіч. У гэтым годзе ў гасцёўню былі запрошаны супрацоўнік Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча Ян Амброзяк, бургамістр горада і гміны Мураваная Гасліна Дарыюш Урбаньскі і яго намеснік Крыштаф Ачкоўскі, мастак і рэстаўратар з Варшавы Казімеж Патэюк, жыхарка аграгарадка Камаі Пастаўскага раёна Генуэфа Дубеловіч са сваёй зямлячкай Аленай Даўжук, загадчык аддзела бібліяграфіі бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Біруце Райлене, прафесар Вільнюскага ўніверсітэта Добілас Кірвяліс.

IMG_4210

IMG_4219

З прывітальным словам да людзей, аб’яднаных імем нашага выбітнага земляка, звярнулася начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Баркоўская, якая назвала мерапрыемства ў Кальчунах невыпадковым спатканнем сяброў і аднадумцаў, святам людзей, якія шануюць мінулае і робяць усё неабходнае, каб жыла памяць аб земляках.

У мінулым годзе ў пошуках інфармацыі пра вучонага дарога прывяла Таццяну Давідовіч на Астравеччыну, у Варняны, якімі пэўны час валодаў унук Снядэцкага Енджэй. Сёлета звесткі пра род Снядэцкіх былі адшуканы ў Камаях Пастаўскага раёна Віцебшчыны. Унук Енджэя Снядэцкага Казімеж узяў у жонкі Адэлю Сулістроўскую, сям’я якой паходзіць з Камайшчыны. Аб прыгожым мястэчку Камаі і яго ўнікальным касцёле абарончага тыпу расказала парафіянка святыні Генуэфа Дубеловіч. У прысутных была цудоўная магчымасць пачуць голас Алены Даўжук, які напаўняе касцёл Святога Іаана Хрысціцеля – месца, звязанае з лёсам сем’яў Сулістроўскіх, Снядэцкіх, Ромераў, з дзейнасцю святара Казіміра Сваяка і арганіста Браніслава Руткоўскага.

IMG_4263

Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі вучні Кальчунскай школы. Яны чыталі вершы Алеся Пісьмянкова і Уладзіміра Ліпскага, мясцовых аўтараў Генуэфы Кеўры і Галіны Даўгашэй. Тэатралізаваны пралог яскрава перадаў эпоху, у якой жыў і тварыў Снядэцкі. З таго часу шмат прайшло год, аднак мы і сёння карыстаемся зробленымі больш за два стагоддзі таму адкрыццямі і высновамі хіміка і медыка.

IMG_4239

З гэтага пункту гледжання даволі цікавымі былі навуковыя паведамленні гасцей з Вільнюса. Спадарыня Біруце Райлене зрабіла паведамленне па артыкуле вучонага, у якім ён выказаў погляды на ролю ежы для чалавека, ужыванне напояў і лад жыцця. Праца была надрукавана ў “Дзённіку Віленскім” у 1815 годзе. Ужо тады Снядэцкі заклікаў прытрымлівацца меры ў ежы, фізічнай працы і адпачынку. Вялікае значэнне надаваў ён лазні і іншым водным працэдурам. Раіў есці менш мяса. Ён зрабіў выснову, што сяляне больш шчаслівыя, бо “празмернасць да дабра не прыводзіць”.

IMG_4281

З дакладам “Тэорыя арганічных субстанцый” Снядэцкага як ідэйны пачатак сучаснай сінтэтычнай біялогіі” выступіў біяфізік Добілас Кірвяліс. Прафесар прыйшоў да высновы, што праца Снядэцкага  — гэта курс біяфізікі таго часу і падкрэсліў, што работа Снядэцкага мела поспех і была пераведзена на нямецкую і французскую мовы, перавыдавалася ў Вільні і Польшчы.

Як адзначыла Таццяна Давідовіч, у гэтым годзе стараннямі дырэктара музея Яшунскага палаца Казімежа  Карпіча перавыдадзена цудоўная кніга прапраўнучкі Енджэя Снядэцкага Марыі Знатовіч-Шчапаньскай “Вакацыі ў Яшунах” (кніга ўжо знаходзіцца ў фондах школьнага музея ў Кальчунах). Яна спадабаецца не толькі тым, хто цікавіцца гісторыяй роду Снядэцкіх – Балінскіх. Выданне адрасавана моладзі і дзецям, і ўсім, хто шануе сямейныя традыцыі.

Падчас краязнаўчай гасцёўні прэзентаваў сваю творчасць пастаянны госць “Сустрэч ў лістападзе”, наш зямляк Васіль Юрша. Ён не толькі апантаны і дапытлівы краязнавец, аўтар кніг пра радаводы ашмянскай шляхты, пра славутасці нашага краю, але і сеткавы паэт-гумарыст, паэт-лірык, аўтар цудоўных афарызмаў.

Фінальным акордам краязнаўчага спаткання стала ўзнагароджанне актыўных удзельнікаў гасцёўні. Стылізаваныя кляновыя лісткі, як неад’емная частка Радзімы, якой так быў адданы Енджэй Снядэцкі, разляцеліся ў мясціны, дзе ён пакінуў свае думы і сэрца, пакінуў добрую памяць у выглядзе нястомнай працы.

IMG_4303

IMG_4307IMG_4318

 

Падводзячы вынікі чарговага, сёмага спаткання, Таццяна Ягораўна адзначыла:

— Кожны чалавек — асоба. Кожнае жыццё – гэта кніга. Хочам мы таго ці не, але па спадчынных генах перадаецца ўсё важнае і важкае, што рухае нас па Зямлі і ўтрымлівае ў вобразе чалавека. Кожны чалавек змяшчае ядро са спадчыннымі генамі. А ў іх – наша мінулае, сённяшняе і будучае. Няхай гэта жыццёвая карусель будзе вечнай, каб народ не згубіў повязь часоў, каб мацнелі сем’і, на якіх трымаецца род і народ, іх моц і слава…

У 2018 годзе ўвесь навуковы свет адзначыць 250-годдзе з дня нараджэння Енджэя Снядэцкага. Святкаваць будзем гэты дзень і мы, падчас чарговай, восьмай “сустрэчы ў лістападзе”.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *