Дрэва-гліннае будаўніцтва ў Ашмянскім раёне

Культура

Пасля публікацыі ў «Ашмянскім весніку» за 13 жніўня 2014 года матэрыялу пра дрэва-глінныя пабудовы ў нашым краі пашчасціла наладзіць ліставанне з вядомым польскім даследчыкам гэтай тэмы, доктарам габілітаваным, то бок поўным доктарам навук, надзвычайным прафесарам архітэктурнага факультэта Беластоцкай палітэхнікі Яраславам Шэўчыкам. Шаноўны навукоўца даслаў для знаёмства сваю грунтоўную, на 420 старонак, працу «Будаўніцтва з паленняў для апалу», у якой упершыню, пасля доўгіх гадоў забыцця, распавёў гісторыю будаўніцтва з гліны і паленняў.

Аказалася, што такія будынкі па сённяшні дзень даследуюцца, аднаўляюцца і прапагандуюцца на Захадзе. Гэты тып канструкцый, вядомы там пад назвай cordwoodmasonry ці інакш stackwall, стаў апошнім часам вельмі папулярным. Напрыклад,  у паўночнаамерыканскім штаце Вісконсін захавалася каля дзясятка ўнікальных старых дамоў з такімі нетыповымі сценамі. Яны не толькі прыцягваюць увагу навукоўцаў, але становяцца мэтаю пілігрымак да іх шматлікіх прыхільнікаў гісторыі, архітэктараў, мастацтвазнаўцаў і фатографаў. У гэтым штаце большасць «паленавых» дамоў пабудавалі эмігранты з нашых ваколіц. Таксама прывабліваюць разнастайных турыстаў з усяго свету падобныя пабудовы ў чэшскіх Карконашах, у сярэдняй Швецыі і іншых замежных мясцінах.

Абуджаецца зацікаўленасць у такім будаўніцтве ў нашых польскіх суседзяў. Апошнім часам там адважныя эксперыментатары зноў пачалі ўзводзіць дрэва-глінныя і дрэва-бетонныя будынкі. У гэтай сувязі па ініцыятыве Я.Шэўчыка ў 2014 годзе, праз больш чым 80 гадоў, была перавыдадзена кніга М.Невяровіча «Парады вясковага вогнетрывалага будаўніцтва з гліны і дрэва альбо бетону і дрэва». Гартаючы дасланы рэпрынт, можна ў чарговы раз упэўніцца ў каштоўнасці дапаможніка, які і сёння не страціў сваёй актуальнасці. Пры гэтым патрэбна ўлічваць не толькі таннасць і хуткасць будаўніцтва, але памятаць пра здаровы антыбактэрыяльны і антыалергічны мікраклімат, які будзе панаваць унутры памяшканняў.

Працягваючы тэму былога дрэва-гліннага будаўніцтва ў нашым краі, варта будзе дапоўніць ранейшы матэрыял новымі каштоўнымі знаходкамі. 1 лютага 1927 года «Тыгоднік рольнічы» змясціў артыкул М.Невяровіча, дзе аўтар пералічыў некалькі пабудоў па сваёй сістэме ў межах Ашмянскага павета. У публікацыі быў пазначаны пабудаваны ў Нарбутоўшчыне вялікі гаспадарчы будынак са стайняй і аборай. Уладальнік аднайменнага маёнтка Ян Шатроўскі ўзвёў яго ў 1925 годзе. Каб даведацца пра лёс пабудовы, была здзейснена краязнаўчая вандроўка ў тую мясціну, якая сёння носіць назву Нарбуты. Адзін з мясцовых жыхароў пацвердзіў факт існавання глінабітнага будынка. На жаль, гэты помнік дойлідства не захаваўся да нашых дзён, яго разбурылі ў пасляваенны час. Але іншая знаходка ў той старонцы нагадала пра аналагічны тып будаўніцтва. Сядзібны дом Шатроўскіх, які належыць мясцовай жывёлагадоўчай ферме, таксама пабудаваны па метадзе Невяровіча, толькі замест гліны ў ім быў выкарыстаны бетон. Гэта пакуль адзіны мне вядомы помнік на тэрыторыі былога Ашмянскага павета, пабудаваны па  дрэва-бетоннай тэхналогіі.

Нарбутаўшчына. Сядзіба Шатроўскіх
Нарбутаўшчына. Сядзіба Шатроўскіх

Яшчэ адзін помнік глінабітнага будаўніцтва са зменамі знаходзіцца ў Жупранах, насупраць аўтобуснага прыпынку. Як адзначыла гаспадыня дома, адна частка яго ўзведзена са шлаку, другая збіта з гліны, знешне ён атынкаваны. Самым цікавым у гэтай глінабітнай палове з’яўляецца тое, што драўляныя паленні тут былі заменены звычайным сенам. Невядома з якіх меркаванняў была ўнесена будаўнікамі гэта замена, але яна таксама вытрымала выпрабаванне часам.

Жупраны
Жупраны

З класічнай глінабітнай пабудовай можна пазнаёміцца ў в.Куляшы Мураванаашмянкоўскага сельсавета. Вылучаецца гаспадарчы будынак не толькі мурам, які цалкам узведзены па метадзе М.Невяровіча, але і трывалым падмуркам з палявога каменю. Завершаны помнік вальмавым дахам. Упэўнены, што на тэрыторыі раёна захоўваецца яшчэ не адна глінабітная пабудова з цікавай архітэктурай і гісторыяй.

Глінабітка ў Куляшах
Глінабітка ў Куляшах

Калі прыступіў да вывучэння тэмы, самай загадкавай у ёй была асоба аўтара ўласнаназванай методыкі будаўніцтва. У кнізе-парадніку М. Невяровіч пазначыў тагачасны свой адрас: пошта Солы, павет Ашмянскі, паштовая скрыня №12. Гэтая звестка дала падставу даследчыкам меркаваць, што ён якімсьці чынам звязаны з Соламі. З дапамогай мінулагодніх знаходак сёння мы маем магчымасць узнавіць некаторыя старонкі біяграфіі добравядомай у свой час, а потым незаслужана забытай постаці.

Нарадзіўся Мікалай Рыгоравіч Невяровіч 5 кастрычніка 1866 года ў сям’і патомных праваслаўных дваран Смаленскай губерні і вучыўся ў Гатчынскім сіроцкім інстытуце і 2-м Канстанцінаўскім ваенным вучылішчы. Пасля заканчэння вучылішча 7 жніўня 1887 г. накіраваны ў 17-ю палявую артбрыгаду, затым служыў у 3-й рэзервовай артбрыгадзе. Штабс-капітан Невяровіч у 1896 годзе прызначаецца для выканання ад’ютанцкіх абавязкаў да камандуючага войскамі Віленскай ваеннай акругі з пераводам ў 27 артбрыгаду.

Тады ж ён ажаніўся з Нінай Івановай. Яе бацька, генерал Аўксенцій Сцяпанавіч Іваноў (1842-1923), набыў маёнтак Солы, і зяць актыўна дапамагае яму ва ўладкаванні новай маёмасці. Вось чаму па праекце Невяровіча і пад яго непасрэдным кіраўніцтвам у далейшым тут узводзіцца новы глінабітны сядзібны дом.

Пры штабе акругі Мікалай Рыгоравіч Невяровіч праслужыў шэсць гадоў, выконваючы якасна і ў тэрмін усе даручэнні. Звольнены са службы 18 студзеня 1903г. «па хатніх абставінах, у чыне палкоўніка з мундзірам» і ў той жа дзень прызначаны старэйшым чыноўнікам асобых даручэнняў пры Віленскім генерал-губернатару, князю П.Д. Святаполку-Мірскім.

Невяровіч сярод будаўнікоў. Ліпень 1927 года, Букішкі пад Вільняй
Невяровіч сярод будаўнікоў. Ліпень 1927 года, Букішкі пад Вільняй

У 1904 г. Мікалай Невяровіч быў прызначаны Беластоцкім уезным прадвадзіцелем дваранства, а ў наступным годзе стаў Гродзенскім павятовым прадвадзіцелем (маршалкам) дваранства. Выконваў абавязкі Гродзенскага губернскага прадвадзіцеля дваранства з 1906 па 1917 год, калі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі былі скасаваны дваранскія саслоўі і пасады прадвадзіцеляў.

Камергер, стацкі саветнік М.Р. Невяровіч з’яўляўся старшынёй Гродзенскага праўлення Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа, намеснікам старшыні Гродзенскага пажарнага таварыства,  членам савета Гродзенскага Сафійскага праваслаўнага брацтва, дырэктарам Гродзенскага дабрачыннага таварыства, ганаровым міравым суддзёй шэрагу павятовых з’ездаў дваранства, членам Гродзенскага царкоўна-археалагічнага камітэта, сябрам іншых грамадскіх камітэтаў і таварыстваў.

У перыяд Першай сусветнай вайны з 1915 года знаходзіўся ў эвакуацыі ў Калужскай губерніі. Вярнуўшыся з бежанства, у чэрвені 1923 года ён будуе для сябе ў недалёкім ад Солаў жончыным спадчынным фальварку Рудзішкі глінабітную сядзібу, дзе пражываў да 1930 года. Пасля гэтага года далейшы лёс М.Невяровіча невядомы, і каб даведацца пра гэты перыяд яго жыцця, трэба абавязкова працягнуць пошук, узгадаўшы пры гэтым парады прыказкі: «Хто шукае, той знаходзіць, хто пытае, той не блудзіць, так суладжана ў народзе, навучаюць нас так людзі».

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *