Як Ашмяншчыну хацелі зрабіць часткай каралеўства

Культура

Падчас Першай сусветнай вайны на занятых нямецкімі войскамі землях тагачаснай Расійскай імперыі шырыліся ідэі стварэння нацыянальных дзяржаў. Гэтыя тэндэнцыі яшчэ больш узмацніліся пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года.

Да прыкладу, на літоўскіх тэрыторыях, акупіраваных нямецкімі войскамі, мясцовы ўрад – Тарыба – абвясціў у лютым 1918 года незалежнасць ды пастанавіў, што краіна будзе канстытуцыйнай манархіяй. На трон запрасілі нямецкага герцага Вільгельма фон Ураха, які пагадзіўся прыняць імя Міндоўга II, пераехаць у Вільню ды вывучыць літоўскую мову. На выбар членаў Тарыбы паўплывала тое, што герцаг быў каталіком, а ягоная жонка, баварская прынцэса Амалія, паходзіла па мацярынскай лініі ад вялікіх князёў літоўскіх і польскіх каралёў.

Герцаг Вільгельм фон Урах са сваёй сям’ёй
Герцаг Вільгельм фон Урах са сваёй сям’ёй

Паводле Тарыбы, у склад каралеўства Літва мелі права ўвайсці і тэрыторыі з пераважна беларускім насельніцтвам: ваколіцы Ашмян, Гродна, Ваўкавыска, Дзятлава, Слоніма і гэтак далей. Праўда, калі б нехта сказаў тады вяскоўцам з-пад Ашмян, што яны могуць трапіць у падданства да Міндоўга ІІ, то тыя, пэўна, моцна б здзівіліся ды запыталіся: а хто гэта такі? Падобныя планы заставаліся толькі на паперы і залежалі перш за ўсё ад волі кайзераўскай Германіі, войскі якой акупіравалі значныя беларускія і літоўскія абшары.

Герцаг Вільгельм у Германіі, аднак, ужо выбіраў каранацыйны строй ды пакаваў фамільныя каштоўнасці, якія хацеў забраць з сабою ў Літву. У Вільні, якая мелася быць сталіцай новай дзяржавы, рыхтавалі пакоі ды шукалі рэпетытараў, якія павінны былі выкладаць літоўскую мову і гісторыю каралеўскай сям’і. Аднак гэтыя амбіцыёзныя планы не змаглі рэалізавацца: Германія была катэгарычна супраць, каб каралём стаў не прадстаўнік кайзераўскага роду Гагенцолернаў; у самой Тарыбе пачаліся спрэчкі, ці патрэбны Літве манарх; а яшчэ пазней Германія пачала прайграваць у вайне і не мела часу на справы ў Літве.

У пачатку лістапада 1918 года Літва абвесціла сябе рэспублікай ды адклікала рашэнне запрасіць Вільгельма фон Ураха на літоўскі трон. Намінальна Міндоўг II быў літоўскім каралём толькі каля 100 дзён, аднак каранацыі ніколі не адбылося, а сам Вільгельм фон Урах ні разу не наведаў Літвы. Герцаг, які з маладосці прысвяціў сябе вайсковай кар’еры, быў вельмі амбіцыёзным чалавекам ды вельмі марыў пра каралеўскую карону. Але ў выніку яго пачалі называць вялікім няўдахам, бо ён меў шанцы стаць манархам не толькі ў Літве, але і ў Албаніі, Латарынгіі ды Манака, але заняць трон яму нідзе не ўдалося.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.

 



1 комментарий по теме “Як Ашмяншчыну хацелі зрабіць часткай каралеўства

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *