Вучні СШ №2 г. Ашмяны прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі ў Вільнюсе

Культура

У Вільнюсе прайшла міжнародная вучнёўская навукова-практычная канферэнцыя “З XVI стагоддзя ў XXI”, прысвечаная 500-годдзю з’яўлення першай друкаванай кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім, у якой прынялі ўдзел вучні СШ №2 нашага горада Пётр Шведаў і Юлія Раманенка.

IMG_19252

Сярэдняя школа №2 на працягу шасці год падтрымлівае цесныя сяброўскія стасункі са сваімі калегамі з Вільнюскай беларускамоўнай гімназіі. Менавіта яны і запрасілі сваіх сяброў да ўдзелу ў краязнаўчым форуме, арганізаваным пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы, Саюза беларусаў на Літве, бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук імя Урублеўскіх. Удзел ў міжнароднай канферэнцыі з беларускага боку прыняў кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Уладзімір Куліковіч, а таксама школьнікі з Гродна, Ліды і Ашмян.

Як паведаміла навуковы кіраўнік даследчых работ ашмянскіх школьнікаў, загадчык музея СШ №2 Любоў Пятрова, на паездку ў Вільнюс згоду яны далі адразу ж, бо вучням і насамрэч было аб чым расказаць згодна з заяўленай тэмай. На Ашмяншчыне нарадзілася шмат цікавых і неардынарных асоб, якія пакінулі значны след у гісторыі колішняй вялікай дзяржавы. Адметнай у гэтым плане з’яўляецца постаць маршалка Вялікага Княства Літоўскага Крыштафа Дарагастайскага, які займаўся выдавецкай дзейнасцю і меў друкарню пад Мураванай Ашмянкай. Даследаванні вучня 10 “Б” класа Пятра Шведава пра дзейнасць вялікалітоўскага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча, доктара медыцыны і літаратара Крыштафа Мікалая Дарагастайскага выклікалі надзвычай вялікую цікавасць у аўдыторыі, аб чым сведчылі рознабаковыя пытанні, адрасаваныя выступоўцу. Пётр на ўсе з іх адказаў і нават падарыў членам журы выданне Дарагастайскага “Гіпіка”, перакладзенае на беларускую мову журналісткай Святланай Ішчанка. Трымаўся Пётр падчас свайго выступлення ўпэўнена, бо з гэтай тэмай ён выступаў не ўпершыню. Разам Глебам Смірновым ён стаў пераможцам раённага конкурсу вучнёўскіх праектаў “Пазнаём Ашмяншчыну разам”. Як прызнаўся Пётр, калі займацца даследчыцкай дзейнасцю падабаецца самаму, то і рэзультат будзе адпаведны і аўдыторыя ўспрыме тваё паведамленне станоўча. Таму і першае месца ў сваёй секцыі ашмянскі вучань атрымаў заслужана.

А вось васьмікласніца Юлія Раманенка ў навукова-практычнай канферэнцыі прымала ўдзел у першы раз. Яе спроба данесці інфармацыю пра кнігу «Живописная Россия. Царство Польское» (1896 год), што змешчана ў экспазіцыі школьнага музея, таксама мела поспех. Гэта рарытэтнае выданне трапіла ў музей праз настаўніцу гісторыі Таццяну Кіркоўскую і заўсёды прыцягвае ўвагу наведвальнікаў. У відэапрэзентацыі, якая суправаджала выступленне юнай даследчыцы, былі выкарыстаны матэрыялы з электроннай кнігі па гісторыі Ашмян, створанай вучнямі і настаўнікамі школы пад кіраўніцтвам Алены Апанэль. Юлія раздала ўдзельнікам пасяджэння буклеты з турыстычнымі маршрутамі Ашмяншчыны і запрасіла прыехаць у госці, каб азнаёміцца са славутасцямі нашага краю і наведаць шляхецкія сядзібы, захаваныя на тэрыторыі раёна.

Адзінагалосна першае месца было прысуджана рабоце Юліі Раманенкі.

Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікам навукова-практычнай канферэнцыі была прапанавана змястоўная экскурсія па Вільнюсе. У вучняў быў час, каб не толькі пабачыць цікавыя мясціны старажытнага і сучаснага горада, але і пазнаёміцца між сабой, абмяняцца адрасамі і тэлефонамі, адчуць гасціннасць і цеплыню, з якой прымалі беларускіх школьнікаў у літоўскай сталіцы.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *