Асновам бяспекі жыццядзейнасці навучылі ў СШ №3 г.Ашмяны

Культура

На мінулым тыдні ў сярэдняй школе №3 адбыўся семінар «Арганізацыя работы ва ўстанове адукацыі па фарміраванні ў навучэнцаў асноў бяспекі жыццядзейнасці» і адкрыццё раённага рэсурснага цэнтра. Падчас семінара педагогі, намеснікі дырэктароў па выхаваўчай рабоце і выкладчыкі прадмета «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», метадысты і спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму змаглі пазнаёміцца з цікавымі напрацоўкамі калег з сярэдняй школы №3, наведаць практычныя заняткі, прэзентацыі, выставы і майстар-класы.

У семінары таксама ўдзельнічалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Баркоўская, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Аксана Лукашэвіч,  старшы інспектар Ашмянскага аддзялення ДАІ Дзмітрый Сакалоўскі, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Ашмянскага РАНС Дзмітрый Болзан і загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Барысенка.

IMG_1939

Дырэктар СШ №3 Уладзімір Войнюш адзначыў, што асноўнай мэтай рэсурснага цэнтра стала стварэнне цэласнай адукацыйнай, асветніцкай і метадычнай прасторы па фарміраванні культуры бяспекі жыццядзейнасці, бяспечных паводзін і прафілактыцы шкодных звычак, а таксама комплекснай сістэмы прапаганды здаровага ладу жыцця. У хуткім часе ў навучальнай установе плануюць забяспечыць свабодны доступ педагогаў і валанцёраў раёна да ўсёй сабранай інфармацыі.

Гэту ініцыятыву падтрымала і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Баркоўская. Яна адзначыла, што дзякуючы граматна пабудаванай рабоце, вопыту, які калектыў назапасіў за гэты час, рэсурсны цэнтр зможа развівацца, правільна і цікава раскрываць важныя тэмы па асновах бяспекі жыццядзейнасці і знаходзіць новыя падыходы і метады.

Кіраўнік рэсурснага цэнтра па асновах бяспекі жыццядзейнасці Данута Янцэвіч падзялілася з гасцямі семінара напрацоўкамі цэнтра, пазнаёміла з педагогамі, якія ўжо не першы год працуюць у гэтым напрамку.

IMG_1981

IMG_1984

Больш падрабязна аб складніках здаровага і бяспечнага ладу жыцця прысутным «расказалі» практычныя заняткі і майстар-класы. Падчас семінара ў гасцей выдалася магчымасць пабываць на некаторых з іх. Урок «Бяспечны паход у магазін» правяла загадчык кабінета энергазберажэння Алена Місуна. Кабінет «Здаровае харчаванне» прадставілі класны кіраўнік Святлана Бражыцкая і малодшыя школьнікі ў выглядзе тэатралізаванага прадстаўлення, падчас якога смела разважалі аб  карысным і шкодным харчаванні, жартавалі і спявалі.

IMG_2000

Цікавым і патрэбным атрымаўся занятак з інспектарам ДАІ Дзмітрыем Сакалоўскім, які ён правёў спецыяльна для каманды юных інспектараў руху. Як не згубіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, расказвала старшыня раённай арганізацыі  Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Аксана Лукашэвіч на майстар-класе «Аказанне першай медыцынскай дапамогі пры ранах і крывацёках».

IMG_1990

Асаблівую цікавасць прысутных выклікаў даклад настаўніка пачатковых класаў Людмілы Багдановіч «Мультландыя, або Падарожжа па пластылінавай краіне». Людміла Францаўна разам з малодшымі школьнікамі ствараюць мультфільмы па вучэбных прадметах, прысвечаныя здароваму ладу жыцця і асновам бяспекі жыццядзейнасці. Спецыяліст расказала, што яе вучні займаюцца лепкай даўно. У шосты школьны дзень арганізоўваюць выставы творчых прац, праводзяць майстар-класы для дзяцей, якія прыйшлі на заняткі. Стварэнне мультфільма — доўгі і працаёмкі працэс.  Падрыхтоўка сцэны і абсталявання, здымачны працэс, мантаж, агучванне — гэта толькі невялікая частка таго, чым займаюцца школьнікі. Разам са сваім педагогам школьнікі стварылі некалькі пазнавальных відэаролікаў  на беларускай, рускай і англійскай мовах, закранулі важныя тэмы энергазберажэння, экалогіі і асноваў бяспекі жыццядзейнасці. Дарэчы, гэта праца не засталася незаўважнай не толькі ва ўстанове адукацыі, але і на абласным конкурсе «Энергамарафон-2014», дзе творчы тандэм атрымаў другое месца за відэаролікі «Цёплы дом восенню» і «Цёплы дом зімой».

IMG_1996

У фае школы была арганізавана выстава навукова-даследчых работ вучняў, працаваў фіта-бар «Аптэка на градцы», дзе кожны з прысутных змог паспрабаваць лекавы чай і атрымаць у падарунак карысны травяны збор.

Напрыканцы семінара для  прысутных была арганізавана дэманстрацыя пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі і выступленне агітбрыгады юных інспектараў руху.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *