Пажар 1935 года ў Гальшанах

Культура

Ва ўсе часы пажары з’ўляліся адной з галоўных пагроз для людзей, прыносячы насельніцтву велізарныя страты і турботы. Яны бязлітасна вынішчалі шматгадовыя набыткі гаспадароў, у агні гінула маёмасць, а часам і самі людзі. Валодаючы моцнай разбуральнай сілай, пажары ў мінулым ператваралі цэлыя вуліцы і нават кварталы паселішчаў у руіны і папялішчы.

Катастрафічны летні пажар 1929 года ў Гальшанах  запомніўся местачкоўцам тым, што ў яго полымі было знішчана 27 жылых дамоў і 4 гаспадарчыя пабудовы, цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці атрымалі некалькі гальшанскіх жыхароў. Так як маёмасць была застрахавана на добрыя сумы, то ўжо ў наступным годзе быў узведзены шэраг цагляных дамоў у пачатку Замкавай вуліцы. Гэтая трагічная падзея паклала пачатак цэлай серыі масавых пажараў у далейшым. У 1933 і 1934 годах у Гальшанах згарае па 11 дамоў, а ў 1935 годзе выбухнуў самы маштабны пажар міжваення.

Дамы на Ашмянскай вуліцы

У суботу 23 лістапада 1935 года стаяла марознае і ветранае надвор’е. З-за адсутнасці на працягу доўгага часу ападкаў, дахі, зямля і пыл высахлі і сталі лёгкімі. Па вуліцах і падворках мястэчка моцны парывісты вецер нёс у гэты дзень хмары пяску, бруду, саломы з дахаў. Як было ўстаноўлена павятовым камендантам ў час пазнейшага дазнання, паміж 10 і 11 гадзінамі дня іскра з тартака (лесапільнага завода) Аляксандра Ягміна запаліла саламяную страху хаты Казіміра Ганусевіча. Вір полымя з гэтай пабудовы перакінуўся на суседнія дахі, пачаўся грозны пажар драўлянага мястэчка.

Пакуль жыхары Гальшан зразумелі, што належыць арганізаваць тушэнне ці лакалізацыю агню, на Замкавай вуліцы шалела мора агню. Праз некалькі хвілін ад пачатку пажара гарэла ўжо некалькі дзясяткаў будынкаў. Агонь перакінуўся на процілеглы бок вуліцы і дайшоў да гальшанскай гміны, атачыў царкву і пагражаў касцёлу. Пачаў гарэць будынак, дзе размяшчаўся адзін з класаў паўшэхнай школы. У мястэчку пачалася паніка. Калі гарэла Замкавая і Трабская вуліцы, у накірунку пажара беглі натоўпы жыхароў з супрацьлеглых гальшанскіх кварталаў, аддаленых ад Трабскай вуліцы за 300 метраў. Вецер нёс ім насустрач клубы чорнага дыму і гарачы попел. Гэты вецер праз касцёл і мураваныя дамы перанёс пажар на саламяныя і гонтавыя дахі Ашмянскай вуліцы. Вецер быў такой моцы, што зносіў пылаючыя дахі і рэшткі лёну на вялікую адлегласць, таму агонь у кароткі тэрмін ахапіў будынкі гэтай вуліцы.

1939

Гальшанская добраахвотная пажарная ахова адразу прыбыла на месца пажару. Аднак, як гэта бывае з добраахвотнікамі ў падобных выпадках, аказалася разрозненай і няздольнай да мэтанакіраваных дзеянняў. Большасць пажарных падаліся на ратунак уласных памяшканняў, а пры мотапомпе засталося ўсяго 8 мясцовых ахоўнікаў. Крыху выправілі становішча добраахвотныя пажарныя службы з Доржаў, Граўжышак, Антанова і Барун. Ад кожнай з іх прыбыло ад 6 да 8 асоб з бочкамі для падвозу вады. Ліквідацыю пажару ўскладняў мароз і вялікая адлегласць да вады.

Трэба аддаць належнае прафесійнаму майстэрству ў лакалізацыі пажару на Ашмянскай вуліцы пажарнай ахове з Ашмянаў. Калі б яны не апанавалі ўзгаранне ў досыць кароткі час, памеры катастрофы і страт былі б значна большыя. Пажар быў ліквідаваны а 15 гадзіне, а пажарышча працягвалі заліваць яшчэ да позняй ночы. Дапамагалі ім у апошняй фазе барацьбы з агнём падаспеўшыя пажарныя каманды з Вільні. Большасць Ашмянскай і значная частка Замкавай вуліцы згарэлі дашчэнту, да апошняга вянка ў зрубах хат і хлявоў, толькі паўразбураныя печы і каміны на папялішчах сумна нагадвалі пра трагедыю.

Ад агню ў Гальшанах пацярпела 94 жылыя дамы, у тым ліку школа і пастарунак дзяржаўнай паліцыі, 120 гаспадарчых будынкаў з усім нерухомым інвентаром і вялікімі запасамі лёну, рукавіц, воўны і збожжа. У полымі згарэла 15 свіней, конь, 5 кароў і 8 авечак. Без даху над галавой засталіся 132 сям’і, якія налічвалі 664 асобы.

Віцэ-стараста павета Генрых Сыльвестровіч хутка арганізоўвае тэрміновую дапамогу пагарэльцам. У першую ноч пасля трагедыі было раздадзена пагарэльцам 1200 кілаграмаў хлеба, які даставілі з Ашмян, Дзевянішак і Крэва. Пацярпелых размясцілі па хатах у мястэчку і навакольных вёсках, таксама ў кляштары сясцёр місіянерак. Большасць людзей з разуменнем аднеслася да бяды землякоў, аднак некаторыя пастараліся выкарыстаць тэрміновую патрэбу ў памяшканнях і выставілі проста фантастычна высокую аплату.

Да павятовага доктара звярнулася больш за 30 гальшанцаў, пры гэтым толькі двое былі сапраўды пацярпелымі, астатнія скардзіліся на стамленне, прастуду і знерваванне. Нічога дзіўнага. Апавядалі аб мясцовай работніцы сістэмы аховы здароўя, якая ратуючы прылады з памяшкання, вынесла на плячах рэнтгенаўскі апарат. Пасля пажару ўзгаданую прыладу не змог занесці на ранейшае месца адзін з наймацнейшых мужчын мястэчка. Дапамога спатрэбілася спалоханым дзецям, якія паразбягаліся па навакольных вёсках, большасць з іх бацькі знайшлі толькі раніцай наступнага дня.

Па ініцыятыве ксяндза Яна Матулевіча, бацюшкі Уладзіміра Юзьвюка, рабіна Ходаса Рубіна, войта Ёзафа Карчэўскага і пад пратэктаратам пасла на Сейм Яніны Прысторавай быў створана гмінны камітэт дапамогі Гальшанскім пагарэльцам. Камітэт звярнуўся з просьбай да ўсіх інстытуцый, арганізацый і асоб, якім не абыякава людская нядоля, дапамагчы няшчасным бедакам і накіраваць свае ахвяраванні ў Гальшаны.

Крэдыты на адбудову згарэўшай часткі мястэчка выдзеляе каса ўзаемнага страхавання, дзяржаўная дырэкцыя лясоў прадстаўляе на ільготных умовах будаўнічы лес і дрэва для апалу. Для ўзвядзення новых вогнетрывалых дамоў мясцовыя ўлады закладваюць цагельню, і за некалькі наступных гадоў спаленыя кварталы мястэчка адраджаюцца з руін.

Сёння аб той падзеі ў Гальшанах нагадваюць некаторыя цагляныя дамы без архітэктурных упрыгожанняў і хаты, бакавыя сцены якіх выкладзены з цэглы. На фасадзе аднаго з дамоў па вуліцы Ашмянскай пазначана дата “1939”. Яна непасрэдна сведчыць аб годзе заканчэння адбудовы жылля. Разам з тым, яна адначасова з’яўляецца своеасаблівым напамінам аб гальшанскім пажары 1935 года. Папярэджвае нас аб тым, каб мы былі пільнымі і асцярожнымі ў абыходжанні з агнём.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *