Марта Сташкевіч: «Я хацела быць у нечым лепей за іншых, быць на крок уперадзе»

Культура

«Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой»

IMG_8696Напэўна, гэта выказванне Уладзіміра Караткевіча найбольш поўна адлюстроўвае сустрэчу з цікавым чалавекам, неба якога расквечана колерамі вясёлкі, цёплымі сонечнымі промнямі, мяккімі пухнатымі аблокамі… Гэта неба з яркімі талентамі, цікавымі падзеямі, прыемнымі сустрэчамі і знаёмствамі, прафесійнымі і асабістымі здабыткамі… Мая суразмоўца — простая, сціплая, прывабная дзяўчына. Яна не мае патрэбы ў прадстаўленні. Пра таленавітую і мэтанакіраваную Марту Сташкевіч раённая газета пісала не адзін раз, а старонкі выдання часта ўпрыгожвалі яе фотаздымкі. Тыя, хто наведвае раённыя святы, фестывалі і конкурсы, дакладна ведаюць, што без Марты не адбудзецца амаль ні адно мерапрыемства.

Вось толькі яе жыццё не заўсёды было такім блакітным і бясхмарным, як неба. Жыццёвыя акалічнасці склаліся так, што сямігадовая Марта трапіла ў школу-інтэрнат. Маленькай дзяўчынцы было складана, але дзякуючы клопату і любові выхавацеля Зоі Баляславаўны Казловай, якая падчас вучобы замяніла маці і цяпер цікавіцца жыццём дзяўчыны, Марта змагла перажыць усе цяжкасці. Надзейнай апорай і падтрымкай для дзяўчынкі таксама стала яе бабуля Яніна Віктараўна Сідаровіч. У дзяцінстве і цяпер у маладосці Марта карыстаецца парадамі мудрай бабулі. Яніна Віктараўна заўсёды вучыла дзяўчыну быць  добрым, моцным і мэтанакіраваным чалавекам, нягледзячы на абставіны. Чырвоная стужка, якой звязаны ўнучка і бабуля, здаецца, з гадамі стала больш моцнай і ніколі не парвецца. Вось і напрыканцы нашай размовы Марта вырашыла хоць на некалькі хвілін забегчы да бабулі, паразмаўляць з ёй, падзяліцца сваімі клопатамі і праблемамі, расказаць аб поспехах і добрых навінах як на працы, так і ў сямейным жыцці.

З самага дзяцінства Марта ўдзельнічала ў розных конкурсах і станавілася прызёрам, выступала на раённых мерапрыемствах і святах. Пуцёўку ў творчасць ёй дала кіраўнік хора «Пралескі» Вольга Пятроўна Емяльянава, якая падчас праслухоўвання заўважыла дзяўчынку з выдатным голасам. Праз некаторы час Марта ўпэўнена заняла месца салісткі хору, гастралявала разам з музыкантамі не толькі па Беларусі, але і за мяжой. Асаблівымі і запамінальнымі сталі выступленні на расійскай і італьянскай сцэне.

Акрамя таго, што дзяўчынка выдатна спраўлялася з вучэбнай праграмай, — аб гэтым сведчаць шматлікія граматы і дыпломы за ўдзел у розных конкурсах і алімпіядах, — яе дзень быў распісаны літаральна па хвілінах. У панядзелак, аўторак і чацвер Марту чакалі на рэпетыцыях хору, у аўторак і чацвер дзяўчынка спяшалася на харэаграфію, серада і пятніца клікалі ў школу мастацтваў спасцігаць хараство ігры на баяне. Дарэчы, хоць на гэтым інструменце дзяўчына зараз не іграе, але з цеплынёй успамінае не проста творчыя, але і жыццёвыя ўрокі ў Галіны Адамаўны Крыніцкай. Увогуле, у  школе-інтэрнаце ведалі, што ні адно мерапрыемства, ні адна тэатральная інсцэніроўка, спартландыя, алімпіяда, конкурс чытачоў польскай паэзіі не абыходзіцца без Марты.

Новыя старонкі ў творчай біяграфіі Марта пачала запаўняць у аграрна-эканамічным каледжы, куда паступіла пасля школы. Таленавітую дзяўчыну, будучага праграміста, адразу ўзяла пад сваё крыло музычны кіраўнік Таццяна Пятроўна Казак, якая прадоўжыла раскрываць творчы патэнцыял юнай спявачкі. Марта пачала займацца эстраднымі спевамі, расці прафесійна, а кожны новы выхад на сцэну атрымоўваўся больш упэўненым. Юная спявачка навучылася адчуваць песню, слухача, свой моцны голас. Марта Сташкевіч стала часцей з’яўляцца на сцэне, прымаць удзел у конкурсах выканальніцкага майстэрства. Праўда, дакладна дзяўчына не падлічыла, колькі «музычных спаборніцтваў» было за гэты час, але найбольш запамінальнымі сталі рэгіянальны конкурс «Адна зямля», раённы «Маладзёжны алімп Ашмяншчыны», абласны «Новыя імёны Беларусі», рэспубліканскі фестываль «Арт-вакацыі», усходнееўрапейскі конкурс «Рамантычная экспрэсія».

Рыхтавацца да конкурсаў, выступленняў на раённых святах Марце дапамагае кіраўнік народнага тэатра песні і танца «Імпульс» Марына Ягораўна Варановіч. Некалькі гадоў таму жанчына і запрасіла Марту ў калектыў. Дарэчы, рэпертуар у спявачкі рознабаковы — ад замежных хітоў да беларускіх кампазіцый розных накірункаў і жанраў. Больш за ўсё дзяўчыне падабаецца выконваць пранікнёныя песні Ані Лорак, Паліны Гагарынай і Гюнеш. Канешне, рэпертуар — гэта важна, але Марта лічыць, што самая вялікая ўзнагарода за творчасць — удзячныя гледачы, якія падтрымліваюць сваімі ўсмешкамі і аплыдысментамі.

— Любы артыст заўсёды хвалюецца перад выхадам на сцэну, незалежна ад таго колькі месяцаў ці гадоў ён выступае, — з усмешкай на твары дзеліцца мая суразмоўца. — Праўду кажуць, дрэнны той артыст, які не хвалюецца! Але калі выходзіш на сцэну — усё забываецца, толькі як  заканчваецца песня, адчуваеш, як трасуцца рукі і ногі.

Бліжэй да культуры ёй дапамагла наблізіцца работа хормайстрам у Будзёнаўскім сельскім клубе, куды яе запрасілі ў гэтым годзе. Марта Сташкевіч займаецца з малодшымі дзецьмі ў драматычным гуртку. У гэтым годзе дзіцячы калектыў заняў першае месца на раённым конкурсе за інсцэніроўку казкі «Зайкава хатка». Нават калі ў маладога хормайстра штосьці не атрымліваецца, на дапамогу заўсёды прыходзяць вопытныя калегі — загадчык клуба Наталля Лукашэвіч і мастацкі кіраўнік Анастасія Дорняк.

Актыўная жыццёвая пазіцыя, талент ад Бога, шчырасць і дабрыня — усім гэтым шчодра надзелена Марта. А ўсе песні, якія яна выконвала, чароўнымі мелодыямі пранікалі ў сэрцы слухачоў. Яе ўменне душой адчуць настрой песні, высокая патрабавальнасць яе,  як спявачкі, робіць кожную песню адметнай, пранікнёнай, а таксама запамінальнай.

— Мне падаецца, што яшчэ са школы я хацела быць у нечым лепей за іншых, быць на крок уперадзе, — дзеліцца Марта Сташкевіч. — Гэта было і ў навучанні, і ў спорце, і ў творчасці. Гэтай пазіцыі я прытрымліваюся і цяпер.

За гэты час Марта паспела змяніць некалькі месцаў працы: яшчэ падчас вучобы ў каледжы яна паспрабавала сябе ў якасці бухгалтара на прадпрыемстве «Аграпрамтэхніка», затым па размеркаванні маладога праграміста накіравалі ў СШ № 3, але ўсё роўна дзяўчына вярнулася на прадпрыемства, дзе творчую і старанную дзяўчыну запомніла кіраўніцтва, якое і прапанавала працоўнае месца.

Падчас нашай размовы Марта Сташкевіч падзялілася, што ўдзячна лёсу, які звязвае яе з цікавымі і шчырымі людзьмі. На шляху іх было шмат, нехта пакінуў вялікі адбітак у яе жыцці, нехта даў важную жыццёвую параду… Сённяшнім захапленнем Марты ганарацца яе блізкія людзі, педагогі, музычныя кіраўнікі, канешне ж, на прадпрыемстве «Аграпрамтэхніка» (дзе зараз працуе Марта) яе поспехі не застаюцца незаўважнымі. Тут Марта чатыры  гады працуе вядучым спецыялістам па абароне працы і тэхнікі бяспекі, а гэта пасада, якая патрабуе засяроджанасці і адказнасці.

Марта расказала, што кіраўнік прадпрыемства Генрых Браніслававіч Бубен заўсёды выдатна ставіўся да таленавітых людзей, любіць наведваць святы і мерапрыемствы. Нават калі канцэрт супадае з рабочым часам яго падначаленай, ён заўсёды адпускае і падтрымлівае творчае захапленне дзяўчыны. Хутка на прадпрыемстве будуць віншаваць юбіляраў, таму арганізацыя мерапрыемства лягла на плечы Марты. Таксама дзяўчына спявае ў самадзейным харавым калектыве, які на прадпрыемстве існуе ўжо некалькі гадоў, стварае відэавіншаванні. Сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ, Марта і тут трымаецца актыўнай жыццёвай пазіцыі…

На пытанне аб тым, як можна ўсё паспяваць, Марта адказвае, што на працы яна да пяці гадзін, а астатні час вольны.

Праўду кажуць, што таленавіты чалавек таланетавіты ва ўсім, дабіўшыся значных поспехаў на творчай ніве, Марта развіваецца прафесійна — завочна скончыла БДУІР па спецыяльнасці інжынер-праграміст, хоча больш сур’ёзна заняцца праграміраваннем і спасцігнуць асновы вэб-дызайну. Першыя і дастаткова ўпэўненыя крокі ў гэтым накірунку зроблены — Марта стварае відэаролікі і займаецца іх мантажом, працуе ў праграмах апрацоўкі фотаздымкаў.

З будучым мужам Ігарам Марта  пазнаёмілася, калі заканчвала школу. Калісьці ён падвёз яе на дыскатэку, з таго часу і пачаліся іх шчырыя адносіны. Ігар падтрымліваў Марту, стаў надзейнай апорай на доўгі час. У мінулым годзе яны ажаніліся і плануюць нарадзіць дзіця, каб падарыць яму любоў, якой калісьці не хапала ёй самой.

Марта смяецца, што Ігар зусім не творчы чалавек (ён працуе вадзіцелем-дальнабойшчыкам), але заўсёды падтрымлівае шматлікія захапленні жонкі, а калі ёсць час, то абавязкова стараецца наведваць выступленні каханай.

Большасць часу муж праводзіць на працы, але ад адзіноцтва ратуе тое, што Марта заўсёды ў прыемных клопатах, займаецца любімай справай, працуе з годнымі людзьмі.  Гэты творчы чалавек з невычэрпным запалам і ветлівай усмешкай на дасягнутым спыняцца не думае. А як жа інакш!? Патрэбна займацца творчасцю і расці прафесійна.

Доўгі працоўны дзень, рэпетыцыі, заняткі для душы, наведванне танцавальнай студыі, актыўны ўдзел у грамадскіх справах прадпрыемства, сямейныя клопаты, сустрэчы з сябрамі, дапамога любімай бабулі — гэтаму далёка не поўнаму спісу спраў знаходзіцца час у жыцці гэтай цікавай і таленавітай  дзяўчыны.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



2 комментария по теме “Марта Сташкевіч: «Я хацела быць у нечым лепей за іншых, быць на крок уперадзе»

  1. И правда талантливый человек талантливый во всем! Умница Марта!

  2. Часто посещаю праздники и Марта там действительно — гвоздь программы! Умница, красавица и талантливый человек!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *