Як настаўнік з Жупран выйграў у латарэю і стаў спонсарам школы

Культура

Ён зрабіўся знакамітым у адзін момант. Пра яго пісалі найбуйнейшыя газеты Вільні, Варшавы ды Кракава. А ўсё сталася дзякуючы неверагоднай удачы.

У маі 1935 года самыя папулярныя газеты тагачаснай Польшчы паведамілі, што сціплы настаўнік Францішак Стрэнк (часам пісалі Стрэнг) з «маляўнічага мястэчка» Жупраны ў Ашмянскім павеце выйграў у латарэю 200 000 злотых. На тыя часы гэта была неверагодна вялікая сума, бо за адно яйка плацілі тады толькі адзін грош — адпаведнік сённяшняй капейкі, а за кілаграм вельмі добрай ялавічыны — толькі 40 грошай.

zuprany_140

Газета «Кур’ер віленскі» за 21 кастрычніка 1935 года паведаміла, што жупранскі настаўнік Францішак Стрэнк, неспадзявана атрымаўшы значную суму грошай, купіў і ахвяраваў пад будаўніцтва школы ў Жупранах пляц памерам у 1 гектар. Газета падавала, што дагэтуль у Жупранах, колькасць жыхароў якіх дасягала тысячы, не было асобнага школьнага гмаху, а для навучання дзяцей былі арандаваныя адразу некалькі будынкаў. Выданне інфармавала, што настаўнік купіў таксама новы радыёпрыёмнік для жупранскага аддзела Саюза стральцоў (парамілітарная арганізацыя, якая займалася спартыўным выхаваннем моладзі і падрыхтоўкай яе да службы ў войску). Удзельнікі гэтай арганізацыі між іншым дапамаглі капаць равы для падмуркаў будучай школы, паведаміла выданне.

Яшчэ адзін артыкул з назвай «З Вільні да Смаргоні», апублікаваны ў 1935 годзе ў «Кур’еры віленскім», інфармуе, што Францішак Стрэнк працаваў настаўнікам у Жупранах 14 гадоў, гэта значыць з 1921 года. Педагог заплаціў за пляц пад жупранскую школу 800 злотых. Аўтар артыкула, які падпісаўся як «Гопка» (верагодна, прозвішча), адзначыў, што ўся жупранская ваколіца жыла толькі абмеркаваннем выйгрышу настаўніка. «Велічыня сумы зрабіла з беднага педагога героя дня», — заўважыў аўтар. Паводле яго, да Францішка Стрэнка раптам пачалі пісаць яго калегі ды родзічы, літаральна засыпаўшы яго лістамі. Розныя фірмы не пераставалі высылаць яму прапановы сваіх тавараў. У дом да настаўніка ноччу нават улезлі злодзеі, бо спадзяваліся пажывіцца грашыма, але нічога не знайшлі, бо педагог трымаў свае сродкі ў віленскім банку. Газета пісала, што Францішак Стрэнк планаваў адпрацаваць у Жупранах яшчэ адзін год, а пазней збіраўся выйсці на ранейшую пенсію, пры якой атрымліваў бы 40 працэнтаў ад поўнай пенсійнай выплаты.

Як інфармуе «Віленскі ваяводскі дзённік», у 1936 годзе Францішак Стрэнк быў адным з 11 уладальнікаў матацыклаў ва ўсім былым Ашмянскім павеце. Пра тое, што гэта быў у тыя часы дарагі і рэдкі тэхнічны набытак, сведчыць факт, што, да прыкладу, ніхто не валодаў матацыклам у тагачаснай Смаргоні, якая адміністрацыйна належала да Ашмянскага павета.

Паводле звестак польскамоўнай інтэрнэт-старонкі  oszmianszczyzna.pl Францішак Стрэнк перад ІІ сусветнай вайной выехаў на поўдзень Польшчы, адкуль, верагодна, быў родам. Выйграны ў латарэі капітал дазволіў яму распачаць уласны бізнес — неўзабаве ён адкрыў у Кракаве гадзіннікавую краму. Як далей склаўся яго лёс, на жаль, невядома.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны-Варшава.

На ФОТА: Францішак Стрэнк (сядзіць крайні справа) з настаўнікамі ды вучнямі Жупранскай школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *