Восеньскі кірмаш прайшоў у Ашмянах (фота, відэа)

События

Традыцыйны восеньскі кірмаш прайшоў у Ашмянах 7 кастрычніка. Гараджан і гасцей горада чакалі багатыя гандлёвыя палаткі і машыны сельгасарганізацый раёна, прадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак, а таксама ўвішныя гаспадары, якія прывезлі на продаж лішкі вырашчанай на сваіх участках садавіны і гародніны, і нават выгадаваную жыўнасць.

IMG_0270

IMG_0274

IMG_0277

IMG_0286

За пакупкамі запрашалі не толькі гандляры, але і народны ансамбль цыганскай песні раённага цэнтра культуры “Джана Рома”, заслухаўшыся якім, людзі забываліся пра  клопаты аб запасах на зіму.

IMG_0290

IMG_0299

IMG_0300

IMG_0306

Што набывалі ашмянцы на кірмашы? Многіх цікавіла бульба. Куплялі яе цэлымі мяхамі. Дэмакратычны кошт дазваляў гэта зрабіць без урону для свайго кашалька. У сярэднім прапаноўвалі “другі хлеб”  па 30 капеек за кілаграм. Хутка разыходзілася капуста, морква, цыбуля, памідоры і буракі.  Цікавіліся  пакупнікі салодкім балгарскім перцам. Попытам карысталіся саджанцы пладовых дрэў і кустоў, а таксама рознай экзотыкі накшталт актынідыі, ягад годжы і буякоў. Гэты тавар, а таксама саджанцы агрэсту, ажыны без калючак, вінаграду латвійскай селекцыі, арэха грэцкага, журавін, шматлікіх гатункаў клубніц прапаноўвалі не толькі свае фермеры, але і гаспадары ажно з Копыля і Бабруйска.

Шмат было хрызантэмы – восеньскай кветкі, якая не перастае нас радаваць яркімі колерамі ў пахмурныя шэрыя дні.

IMG_0318

IMG_0332

Вялікім попытам карысталася ў ашмянцаў збожжа. Да машын сельскіх гаспадарак  выстройвалася значная чарга.  Напрыклад, КСУП “Крэйванцы” прапаноўваў ячмень па 25 капеек, а пшаніцу  — па 30 капеек за кілаграм. Разышлося зерне ў імгненне вока. Цікавіліся пакупнікі і яблыкамі КСУП “Ашмянскі світанак”. За рубель можна было набыць гатункі “імант”, “беларускі салодкі” і “заслаўскі”.  Прыватныя асобы садавіну прадавалі даражэй: некаторыя гатункі   яблыкаў гандляры не хацелі аддаваць танней, чым за 2 рублі. Столькі каштавалі і грушы.

IMG_0335

IMG_0338

IMG_0342

Шмат цікаўных збіралася ля трусоў французскай пароды “рэкс”. Гадаванцаў Ігара Філатава з Ліды хацелася не толькі пагладзіць, але і купіць.  Шыкоўная  труска Жозэфіна   дазваляла нават зрабіць з ёй здымак. Ігар Мікалаевіч па спецыяльнасці оптык, таму нядзіўна, што ён захапіўся яшчэ адной цікавай справай –  вырабам упрыгожанняў  са шкла  ў тэхніцы “лэмпворк” (стварэнне бусін шляхам плаўлення шкла ў агні газавай гарэлкі).  Шкляны цуд, які прывёз лідскі майстар, немагчыма было не купіць, хаця, прызнацца, вырабы каштуюць немалых грошай.  Вырабы народных майстроў прапаноўваў і ашмянскі раённы цэнтр культуры.

IMG_0344

IMG_0347

Ніхто не пакідаў кірмашу з пустымі рукамі. ААТ “Белкава” запрашала падсілкавацца кавай. Побач філіял спажывецкага таварыства заклікаў паласавацца кандытарскімі вырабамі, а таксама набыць мясныя паўфабрыкаты. На кірмашы можна было купіць жывую рыбу, прывезеную з Солаў, грыбы, квашаную капусту.  Гандлявалі ў гэты дзень і цёплымі курткамі, вязанымі шапкамі і шалікамі, рукавіцамі і шкарпэткамі.  Было шмат абутку: ад гумовых ботаў да зімовых чаравікаў.

Наступны кірмаш пройдзе ў Ашмянах у нядзелю, 22 кастрычніка. Хто не паспеў закупіцца  на зіму, зможа  зрабіць гэта напрыканцы кастрычніка.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Відэа Аляксандра НАУМЧЫКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *