Дзе працуюць студатрады ў Ашмянскім раёне (фота, відэа)

Главное

У райкаме  БРСМ дакладна ведаюць, што лета школьнікі і студэнты правялі з карысцю — адпачылі ад лекцый і семінараў, знайшлі новых сяброў, набраліся вопыту і атрымалі свае першыя заробкі. Сёлета моладзь працавала ў сэрвісных, педагагічных, будаўнічых, сельскагаспадарчых і экалагічных студатрадах.

IMG_9388

Скончыліся летнія дні, запоўнены першыя старонкі працоўнай біяграфіі ў гаспадарках раёна — КСУП «Гальшаны», «Ашмянскі світанак», «Кракоўка», «Ашмянская Ясная Паляна», «Крэйванцы», «Прыгранічны», «Эксперыментальная база «Баруны», у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», філіяле Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, ЖКГ, ААТ «Будаўнік» і «Смаргонскім вопытным лясгасе».

IMG_9390

Але дзейнасць студатрадаў працягваецца ў верасні і кастрычніку. Яшчэ неабходна сабраць ураджай яблыкаў у КСУП «Ашмянскі світанак», вывезці з палеткаў «другі хлеб» у КСУП «Эксперыментальная база «Баруны» і «Ашмянская Ясная Паляна». Тут поўным ходам ідзе ўборка бульбы, а праца пераважна ручная, нягледзячы на тое, што на некаторых палях шчыруюць спецыяльныя камбайны. Дарэчы, у такіх умовах бачна, як патрэбны студэнцкія працоўныя рукі.

IMG_9508

Восенню ў гаспадарках раёна працуюць навучэнцы аграрна-эканамічнага і аграрна-тэхнічнага каледжаў — больш за дзвесце чалавек. Як адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Вольга Шыдлоўская, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый задаволены работай моладзі, працуюць навучэнцы каледжаў якасна і хутка. Канешне ж, працаваць, асабліва ў спякотнае ці наадварот халоднае надвор’е, нялёгка, але студатрадаўцы не скардзяцца, стараюцца нават перавыконваць дзённыя нормы. Некаторыя юнакі і дзяўчаты ўжо маюць пэўны вопыт работы — многія былі ў студатрадах раней.

У сваю чаргу, і работадаўцы імкнуцца стварыць для  моладзі камфортныя ўмовы працы і адпачынку. Асаблівая ўвага надаецца бяспечным умовам працы.

IMG_9516

Не першы год разам  з навучэнцамі аграрна-эканамічнага каледжа выязджаюць на працу выкладчыкі Валянціна Жукоўская і Алена Гаўрыловіч, якія не проста сочаць за працэсам уборкі, але і самі стараюцца дапамагчы сваім выхаванцам. Будучы бухгалтар Валянціна Мацкевіч шчыруе на палетках упершыню, але падзялілася, што працаваць ёй падабаецца.

Толькі на першы погляд работа ў сельскагаспадарчым атрадзе можа паказацца простай, але навучэнцы пасля працоўных гадзін (або перад імі) адпраўляюцца на вучобу. Самая прыемная праца ў навучэнцаў аграрна-эканамічнага каледжа, якія дапамагаюць КСУП «Ашмянскі світанак» збіраць яблыкі. Разам з педагогамі — Вольгай Савашынскай, Святланай Аляксеевай, Бажэнай Яўташук, Вольгай Баравіковай яны з самай раніцы ў садзе.

IMG_9409

IMG_9419

— У гэтым годзе ў нас выдатны ўраджай, у асноўным мы вырошчваем такія гатункі яблыкаў, як «Беларускае салодкае», «Заслаўскае», «Алеся», — падзяліўся  старэйшы садавод-аграном Максім Багінскі. — Студатрады працуюць выдатна — юнакі і дзяўчаты старанна выконваць работу, гэта і нядзіўна — некаторыя дапамагаюць гаспадарцы не першы год.

Для маладых работнікаў прадугледжаны заработная плата без утрымання падаходнага падатку, афіцыйнае афармленне на працу, спецыяльны графік. А яшчэ вопыт, які абавязкова спатрэбіцца ў дарослым жыцці. Вольга Шыдлоўская расказала, што лепшыя студатрады і іх удзельнікі будуць узнагароджаны граматамі і памятнымі падарункамі ў канцы кастрычніка. Спецыяльна для іх пройдзе мерапрыемства, на якім традыцыйна будуць падведзены вынікі дзейнасці студатрадаўцаў і закрыццё трэцяга працоўнага семестра.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Відэа Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *