Неўміручае слова Якуба Коласа

Главное

У бягучым годзе спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча), паэта, празаіка, драматурга, крытыка, вучонага, грамадскага дзеяча.

8bf6ff743acc86f6d3533639307d11c0

Творчасць паэта складае цэлую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры,  яго заслужана лічаць заснавальнікам нацыянальнай прозы, хаця пяру вядомага празаіка належаць і паэтычныя шэдэўры: паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Якуб Колас узняў беларускае мастацкае слова на небывалую вышыню, яго творчасць параўноўваюць з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, якая прадстаўляе сабой сапраўдную энцыклапедыю жыцця беларускага народа. Ад першага да апошняга слова творчасць Коласа належыць Беларусі і яго нацыянальнай культуры. У розныя часы, у залежнасці ад абставін, творца станавіўся то лірыкам, то прарокам, то філосафам, што характарызуе яго як надзвычай таленавітага чалавека.

Якуб Колас быў, так бы мовіць, чалавекам закрытым. На сябе траціў мала, але шмат займаўся дабрачыннасцю, кожны выпадак разглядаў асобна,  проста грошы не кідаў. І як многія ўспамінаюць пра  Якуба Коласа, то і сем’янінам ён быў вельмі станоўчым: жонку сваю  паважаў і кахаў, і калі бывала нешта не так скажа, то абавязкова папросіць потым прабачэння.

У Коласа была вялікая працаздольнасць. Сёння яго збор твораў выдаюць  у 20 тамах. А ён жа не толькі пісаў! Якуб Колас актыўна ўдзельнічаў у развіцці беларускай гуманітарнай навукі, цалкам і поўнасцю аддаваўся дэпутацкай дзейнасці. Творы Якуба Коласа неаднаразова перакладаліся, на сцэнах многіх тэатраў ставіліся п’есы па яго апавяданнях, аповесцях, трылогіях. Многія яго творы экранізаваны, на  вершы напісаны песні. З якой асалодай мы зноў і зноў слухаем песню Ігара Лучанка на словы Якуба Коласа “Мой родны кут”! Менавіта гэта цудоўная песня гучала, калі ў гарадской бібліятэцы ладзілася літаратурна-музычная кампазіцыя “Зямлі вялікай галасы”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння класіка. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу “Гаворыць сэрца роднай мовай”. Падчас мерапрыемства гучалі музычныя творы на вершы вядомага паэта, а таксама ўрыўкі з паэмы “Новая зямля”.

У кожнай нацыі ёсць свае апосталы. Да ліку апосталаў беларускай нацыі, безумоўна, адносіцца Якуб Колас. Ён адзін з заснавальнікаў беларускай мовы – той мовы, якой мы з вамі карыстаемся і сёння. Заўжды будзе патрэбна багатая і таленавітая спадчына Якуба Коласа: яго паэмы, вершы і апавяданні, яго “Палеская трылогія”, драматургія, публіцыстыка, вершы для дзяцей. І вобраз дзядзькі Якуба заўсёды будзе натхняць беларускіх паэтаў…

Людміла ЗАРЭЦКАЯ, загадчык гарадской бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *