Адной са славутасцей нашага краю з’яўляецца… «ашмянскі» конь

Культура

Спадчына ашмянскага краю мае непаўторную адметнасць, ёю ганарацца жыхары былога павета, выхадцы з гэтых мясцін, усе прыхільнікі гістарычнага мінулага. Добравядомыя і раскручаныя прыродна-гістарычныя помнікі рэгіёна з кожным годам усё больш і больш цікавяць мясцовых людзей, турыстаў і гасцей. Але сярод іх сустракаюцца і тыя, хто з цягам часу, па розных прычынах, не набылі той належнай увагі, якой яны вартыя.

Адной з такіх славутасцей нашай зямлі з’яўляецца мясцовы конь, якога працяглы час не толькі тут, але далёка за межамі павета ведалі пад назваю «ашмянскі». Больш таго, менавіта гэты конь стаў папярэднікам і адыграў галоўную ролю ў фарміраванні беларускай запражной – адной з найбольш маладых парод коней сярод выведзеных на постсавецкіх прасторах. Афіцыйнае прызнанне беларуская запражная атрымала 20 мая 2000 года, аднак станаўленне каня праходзіла на працягу доўгага часу і пачалося яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Свайго росквіту конегадоўля «ашмянцам» дасягнула ў міжваенны час мінулага стагоддзя, таму варта раскрыць падрабязней гэты перыяд.

1

Конегадоўля ў гэты час развіваецца дзякуючы спадчыннаму запалу мясцовых людзей і эканамічным выгодам, якія даваў продаж каня ў войска. Каня трымаюць як заможныя гаспадары, так і малазямельныя сяляне, якія мелі 3-6 гектараў пашы. Апошнія пры гадаванні «кандыдата да войска» выкарыстоўваюць яго на лёгкіх работах у полі, дапамагаючы пры гэтым развіццю сваёй уласнай гаспадаркі. Пасля яго продажу вайсковай камісіі і атрымання каля тысячы злотых уладальнік каня  дакупляў 2-3 гектары зямлі і станавіўся паўнавартасным гаспадаром, павялічваў свой дабрабыт.

У тагачасных рэаліях улічваўся і такі факт, што дзяўчына, якая атрымлівала каня ў пасаг, ахвотна заўважалася сватамі, а гаспадар, які меў добрага каня ці некалькі коней, быў добравядомым на тэрыторыі некалькіх гмін. Прыносіла карысць гадаванне коней і маладым ашмянскім хлопцам, якія потым праходзілі службу ў конных аддзелах войска і ганарыліся такім выбарам.

2

Выстаўкі коней і закупы іх для войска адбываюцца некалькі разоў на год, прыносячы значны прыбытак конегадавальнікам. Так, у 1936 годзе рамантовымі камісіямі, то бок камісіямі па набыцці каней для войска, было выплачана мясцовым гаспадарам 700 тысяч злотых, даволі значныя грошы на той час. Газеты і радыё спецыяльна падкрэсліваюць, што Ашмяны на Віленшчыне сталі галоўным асяродкам гадоўлі сярэднецяжкага цяглавага каня. На думку экспертаў гэта быў найлепшы ў Еўропе тып каня артылерыйскага.

На так званым ашмянскім конскім рынку, які знаходзіўся на гарадскім вялікім выгане пры вуліцы Касцельнай, адбываюцца закупы коней для патрэб польскага войска. Незалежна ад гэтага прыязджаюць сюды вайсковыя камісіі румынскай, грэчаскай, нямецкай, французскай, балгарскай і латышскай армій, якія таксама ўдзельнічаюць у закупах селекцыйных і пародзістых ашмянскіх коней. Конскі базар у Ашмянах прыцягваў да сябе большую ўвагу, чым аналагічны базар у Любліне з той нагоды, што вялікі выбар даваў тут лепшую магчымасць купіць добрых жывёл як для цяглавай працы, так і для працы на зямлі. Адсюль у сакавіку 1931 года накіраваліся на сельскагаспадарчую выставу ў італьянскую Верону 12 мясцовых коней артылерыйскага тыпу. Пасля агляду частку іх закупілі для італьянскай арміі, а рэшту набылі мясцовыя земляробы.

Конегадоўля патрабавала даволі вялікіх высілкаў і ведаў, таму ў 1930 годзе з ініцыятывы і стараннямі Францішка графа Чапскага ў Ашмянах ствараецца кола конегадоўцаў. Аб’яднанне становіцца пасрэднікам паміж гаспадаром каня і рамантовай камісіяй пры продажы, займаецца прапагандай рацыянальных і сучасных падыходаў у выхаванні і гадаванні коней сярод земляробаў. У 1936 годзе кола конегадоўцаў у Ашмянах налічвала 357 сяброў, большую частку якіх складалі дробныя землеўласнікі. Старшынёй аб’яднання быў Ф.Чапскі, у раду ўваходзілі інжынеры З.Мінейка і У.Тэсецкі, дактары П.Папоў і Ф.Высоцкі. Прызнаючы заслугі ў дзейнасці кола конегадоўцаў Вайсковы аддзел рамонту коней некалькі разоў прызначаў яму залаты медаль, а за прафесійнае выхаванне ўласнага статку ў 1932 годзе срэбным медалём быў узнагароджаны сам старшыня — граф Чапскі.

Яркай і запамінальнай падзеяй у жыцці мясцовых конегадоўцаў стала выстава коней, прымеркаваная да прыезду ў Ашмяны прэзідэнта Рэчыпаспалітай Польшчы прафесара Ігнація Масціцкага. Ля маляўнічай уяздной брамы прэзідэнта павітаў гр.Чапскі, які суправаджаў Масціцкага на працягу ўсёй выставы, даючы госцю паясненні. Паказана было разам з жарабятамі пры матках 939 коней, прызначана і выдана 25 узнагарод Міністэрства сельскай гаспадаркі на суму 1000 злотых, 7 ганаровых узнагарод. Апрача гэтага само ашмянскае кола конегадоўцаў выдала 25 грашовых узнагарод на суму 850 злотых і 50 кніжак па конегадоўлі. Удалы паказ коней выклікаў вялікае ўражанне ў прысутных. У час паказу адзначана якасцю патомства ад жарабцоў дзяржаўнай завадской стайні, прыведзенае з навасёлкаўскай стайні Францішка Чапскага. Гэты статак налічваў 26 коней.

Стайня ў Навасёлках
Стайня ў Навасёлках

У міжваенны перыяд адным са значных цэнтраў па конегадоўлі з’яўлялася менавіта стайня ў Навасёлках, пабудовы якой захаваліся да нашых дзён. У ёй утрымліваліся коні з графскага статку, былі заснаваны боксы і стойлы станцыі расплоду, дзе стаялі дзяржаўныя жарабцы паўночна-шведскай пароды. Сярод іх вылучаліся гудбрандсдальскія жарабцы Алсінг і Холм-Тор ІІ, вядомыя таксама як «шведы». Іх нашчадкаў па сённяшні дзень можна сустрэць на прасторах ашмянскага краю.

Конь Орлік І, праўнук Холм-Тора ІІ
Конь Орлік І, праўнук Холм-Тора ІІ

Калі майму цесцю, светлай памяці Вацлаву Дмухоўскаму, прапанавалі напрыканцы мінулага стагоддзя абмяняць легкавік на каня, ён гэта зрабіў не задумваючыся. Нічога дзіўнага ў яго ўчынку не было, любоў і павага да каня перадаецца на гэтых землях з пакалення ў пакаленне. А вось назва  «Швэд», якую ён даў свайму пестуну, доўгі час з’яўлялася для мяне загадкай.  Толькі цяпер зразумеў я гэты выбар. У разуменні людзей пакалення цесця патомкі “шведаў” з’яўляліся ўзорам каня, своеасаблівым знакам якасці для гаспадароў, таму выбар прыпаў на такую назву.

Не памятаю, з якой крыніцы, калісьці даведаўся аб існаванні помніка каню ў Ашмянах. Толькі нядаўна знайшоў пацвярджэнне факта і крыху больш інфармацыі пра аб’ект. У публікацыі “Кур’ера Віленскага” за 20 жніўня 1935 года адзначана, што стаяў помнік каля брамы палаца Стругача. У час Першай сусветнай вайны там быў размешчаны шпіталь для каней і немцы паставілі ім спецыяльны помнік. Стала зразумелым, што гэты помнік ад акупантаў не мае ніякага дачынення да нашай спадчыны, да ўшанавання ашмянскага каня.   Найлепшай памяццю пра мясцовага гадаванца быў бы працяг яго жыцця ў будучым. Калі б сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, прыватныя ўладальнікі захавалі б пагалоўе каней на дастатковым для існавання ўзроўні. Каб іх прысутнасць на нашай зямлі надалей магла  нас радаваць.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



1 комментарий по теме “Адной са славутасцей нашага краю з’яўляецца… «ашмянскі» конь

  1. Дзякуй Уладзіміру Уладзіміравічу за цікавыя і змястоўныя матэрыялы пра наш край!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *