На Ашмяншчыне адкрылі тыдзень культуры

Культура

30 верасня ў  аддзеле культуры і вольнага часу  аграгарадка Гальшаны адбылося адкрыццё тыдня культуры “Наша культурная спадчына”. Работнікі культуры аграгарадкоў Гальшаны і Граўжышкі правялі гістарычны экскурс “Даследчык Гальшанскага краю”, прысвечаны памяці выдатнага краязнаўцы Эдуарда Корзуна.

DSCN6236

Гледачы разам з вядучымі Алёнай Юневіч і Любоўю Шчарбаковай прайшліся нялёгкімі жыццёвымі дарогамі, чалавека, які душой і сэрцам належаў Гальшанам — мястэчку са старадаўняй і цікавай гісторыяй.

Вучаніцы Гальшанскай сярэдняй школы Анастасія Адашкевіч і Мілена Дулько расказалі аб ідэі Э. Корзуна – стварэнні музея вёскі, аб тым як вёўся актыўны пошук інфармацыі ў бібліятэках, архівах і музеях Беларусі, а таксама ўсяго Савецкага Саюза. Зачыталі верш Пятра Шаколы “Заўчасна адыходзяць лепшыя”, прысвечаны краязнаўцу.

Эдуард Сямёнавіч любіў паслухаць беларускія песні, асабліва “Люблю наш край старонку гэту”, “Цячэ вада ў ярок”, “Спадчына”. Менавіта гэтыя песні  гучалі падчас мерапрыемства  ў выкананні настаўнікаў Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў.

DSCN6225

Памяць аб таленавітым настаўніку засталася і сярод калег-педагогаў, і сяброў, якія прыйшлі на мерапрыемства. Часлава Акулевіч і Валянціна Лабуніна выказалі шмат добрых слоў у адрас Эдуарда Сямёнавіча.

Напрыканцы мерапрыемства прысутным прапанавалі відэаролік фрагмента экскурсіі ў гісторыка-краязнаўчым музеі імя Э.С.Корзуна і “Літаратурная Ашмяншчына”.

Алёна ЮНЕВІЧ, загадчык сельскай бібліятэкі аграгарадка Гальшаны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *