Гальшанскі яслі-сад. Тут пануюць творчасць і цеплыня

Местное управление Общество

Калі я ішла на сустрэчу з загадчыцай Гальшанскага ясляў-сада Ганнай Міхайлаўнай Каваліцкай, незнарок, гартаючы старонкі нататніка, прачытала выказванне класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа: «Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш». Напэўна таму, што са сваім жыццёвым шляхам Ганна Міхайлаўна вызначылася яшчэ ў дзяцінстве, яна з гадамі не растраціла лёгкасць, цікавасць і творчасць да сваёй працы.

IMG_8161

Мая суразмоўца — простая, сціплая, прывабная жанчына. Яна вельмі любіць дзяцей і не ўяўляе свайго жыцця без іх. Нягледзячы на тое, што ў дзяцінстве яна марыла стаць філолагам, а першы запіс у працоўнай кніжцы быў «памочнік майстра» на заводзе, лёсам ёй было наканавана звязаць сваё жыццё з дашкольнай адукацыяй. Свае першыя працоўныя крокі ў педагогіцы Ганна зрабіла тры дзясяткі гадоў таму, пасля вучобы ў Пінскім педагагічным вучылішчы імя Пушкіна. З першых дзіцячых галасоў, з першых усмешак трыццаці самых маленькіх  і цікаўных наведвальнікаў Вілейскага дзіцячага садка маладая выхавальніца Ганна Міхайлаўна зразумела, што дашкольная адукацыя — гэта яе  прызванне. Наступныя старонкі працоўнай біяграфіі педагог запаўняла ў расійскім горадзе Усінску, дзе займалася з выхаванцамі ў садку, які працаваў у эстэтычным накірунку.

…На Ашмяншчыну Ганна Каваліцкая прыехала ў 1995 годзе, а праз тры гады ўладкавалася на працу ва ўстанову адукацыі. З асаблівай пяшчотай яна ўспамінае першыя старонкі працоўнай біяграфіі ў Гальшанскім дзіцячым садку, які хутка ўзначаліла. Ёй адразу спадабаліся творчыя і неабыякавыя выхавальнікі, з якімі яна адразу знайшла ўзаемаразуменне.

На адказнай пасадзе спатрэбіліся педагагічныя веды і назапашаны вопыт, уменне разумець людзей, а таксама гаспадарчыя  навыкі… Ганна Міхайлаўна з першых дзён працы клапацілася, каб дзецям было добра ў садку, а іх бацькі, пакуль былі на рабоце, не перажывалі за сваіх дзетак. За васямнаццаць гадоў была праведзена вялікая работа па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы, дзякуючы чаму садок стаў выглядаць больш прыгожа і ўтульна. Нямала зроблена ў плане добраўпарадкавання як самаго будынка, так і тэрыторыі (дарэчы, адчувальную дапамогу ў гэтым цяпер аказваюць некаторыя бацькі, а таксама КСУП «Гальшаны» (старшыня Мікалай Праўко), крухмальны завод (дырэктар Сяргей Чудзілоўскі).

IMG_8167

Канешне, у гэтым заслуга не толькі загадчыцы ясляў-сада Ганны Каваліцкай, але і яе калектыву. Яна вельмі рада, што лёс звёў яе з працавітымі, мэтанакіраванымі, добразычлівымі, творчымі людзьмі. Асабліва цёпла кіраўнік адзываецца аб сваім намесніку па асноўнай дзейнасці Тамары Ігараўне Вайгеніцы, на якую можна смела разлічваць ва ўсіх адказных справах.

Тут працуюць таленавітыя педагогі, якія пастаянна прымяняюць цікавыя падыходы і метады ў выхаванні дашкольнікаў, а яшчэ актыўна дзеляцца з калегамі сваімі метадычнымі напрацоўкамі, праводзяць майстар-класы і часта ўдзельнічаюць у творчых конкурсах. Увогуле, з дзецьмі працуе надзейная і прафесійная каманда выхавальнікаў-аднадумцаў, адданых сваёй прафесіі, якія дораць ім клопат і ласку.

— Наш калектыў сталы, сфарміраваны і дружны, — расказвае загадчыца дашкольнай установы. — Тут ніколі не было выпадковых людзей, а толькі тыя, хто любіць і жадае працаваць з дзецьмі.

Шмат гадоў працуюць з дзецьмі, клапоцяцца аб іх усебаковым выхаванні і развіцці вопытныя спецыялісты — Данута Скаржынская, Валянціна Макевіч, Марына Каралевіч, Ірына Жукоўская і Алена Кропа. Вялікую падтрымку ў гэтай справе аказваюць памочнікі выхавальнікаў Марына Астаневіч, Надзея Трот, Святлана Чымбар і Наталля Адашкевіч, спецыяліст Марына Герасім. Заўсёды смачныя і карысныя стравы гатуе для маленькіх гарэз повар Ганна Кавалёнак. Парадак ва  ўстанове падтрымліваюць намеснік загадчыка па гаспадарчай частцы Таццяна Барташэвіч і кладаўшчык Таццяна Сасноўская. Дарэчы, незвычайны дызайн, мастацкае афармленне ясляў-сада і тэрыторыі — справа рук Таццяны Сасноўскай. Яскравыя і цікавыя святы, майстэрскія тэатральныя пастаноўкі і харэаграфічныя нумары разам з дзецьмі стварае музычны кіраўнік Марына Александровіч.

IMG_9313

За гэты час Ганна Міхайлаўна разам са сваімі калегамі падрыхтавалі да школы не адну сотню выхаванцаў, а ўстанова адукацыі зарэкамендавала сябе на Ашмяншчыне. Кожную раніцу семдзесят адзін маленькі жыхар Гальшан і суседніх Семернікоў, Доргішак, Міхайлоўшчыны, Плябанцаў, Рамейкішак, Чуркаў і іншых вёсачак пешшу ці на аўтобусе спяшаецца ў садок.

Сёння тут функцыянуюць чатыры групы — дзве рознаўзроставыя і дзве інтэграваныя. Выхаванцы вучацца ў добраўладкаваных кабінетах, займаюцца фізічнай культурай у абноўленай спартыўнай зале, спяваюць і танцуюць у музычнай зале, спазнаюць гісторыю роднай старонкі ў этнаграфічным пакоі. Сумесна са школьнікамі педагогі арганізоўваюць экскурсіі па мястэчку, наведваюць бібліятэку, разам з  музыкантамі школы мастацтваў удзельнічаюць у канцэртах.

Ганна Каваліцкая расказала, што сад ужо дзесяць год працуе ў культуралагічным накірунку. Тут стараюцца выхоўваць у дзяцей маральна-патрыятычныя якасці, выкарыстоўваючы традыцыі беларускага народа, фальклор. Для гэтага педагагічны калектыў сумесна з бацькамі папаўняе  экспазіцыі створаных у групах міні-музеяў па сучасным дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі. Трэці год яслі-сад з’яўляецца пляцоўкай для рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта  «Внедрение модели организации процесса патриотического воспитания в учреждении дошкольного образования». Загадчыца садка расказала, што ва ўстанове адукацыі часта праходзяць семінары, майстар-класы і творчыя сустрэчы з беларускімі і замежнымі калегамі, якія пашыраюць кругагляд і дазваляюць дзяліцца назапашаным за час розных праектаў і непасрэдна прафесійнай дзейнасці вопытам.

Выхаванцы ясляў-сада ўдзельнічаюць у розных раённых  і абласных конкурсах, даследчых канферэнцыях і алімпіядах, дзе заўсёды займаюць прызавыя месцы. За самаадданую працу, добрую падрыхтоўку выхаванцаў педагогі неаднаразова былі адзначаны раённым аддзелам адукацыі.

IMG_9338

Ганна Каваліцкая заўсёды цікавіцца працай выхавальнікаў і навучаннем дзяцей, таму кожны дзень хоць на некалькі хвілін абавязкова заходзіць у групы, каб паразмаўляць з выхавальнікамі, паназіраць за дзецьмі. Ад дзяцей яна і сама бярэ гэту жыццярадаснасць, вучыцца непасрэднасці і аптымізму, а сама ўзамен дзеліцца з імі ўсмешкамі і радасцю, дорыць станоўчыя эмоцыі.

Адным з важных крытэрыяў работы Ганна Каваліцкая лічыць пастаяннае самаразвіццё. Таму яна прымае актыўны ўдзел у разнастайных семінарах, канферэнцыях, дзе не толькі набывае прафесійны вопыт, але і дзеліцца ім з калегамі беларускіх і нават замежных устаноў адукацыі.

IMG_9350

У Ганны Міхайлаўны не адна значная ўзнагарода — шмат раённых, абласных грамат і дыпломаў, у 2014 годзе спецыяліст узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі за шматгадовую добрасумленную працу. Высокія дасягненні для яе важны, але не менш Ганна Міхайлаўна ганарыцца поспехамі сённяшніх і былых выхаванцаў. Многія з іх даўно дарослыя  і паспяховыя людзі. Некаторыя ўжо прыводзяць на выхаванне сваіх дзетак. Напэўна, гэты давер для Ганны Міхайлаўны — самая лепшая ўзнагарода.

Спецыяліст прызнаецца, што ні разу за гэты час не пашкадавала аб выбары прафесіі, а толькі атрымала ўпэўненасць у тым, што некалькі дзясяткаў гадоў таму выбрала правільную дарогу. Кожны дзень яна ідзе на працу з вялікім задавальненнем, прыносіць  дзецям бязмежную любоў, калегам — паразуменне і мноства новых ідэй. Яна ўпэўнена, што ў гэтым няма нічога дзіўнага — проста за любую справу трэба брацца з душой.

IMG_9355

Ганна Каваліцкая разам з мужам Юрыем выхавалі і далі пуцёўку ў самастойнае жыццё дваім дзецям — Дзмітрыю і Аляксандры. Муж заўсёды разумее і падтрымлівае Ганну Міхайлаўну. Жанчына пераканана, што менавіта дзякуючы яму, яна можа спакойна спалучаць і работу, і хатнія справы.

У дзяцей ужо свае сем’і, свае хатнія клопаты, любімая справа, але яны стараюцца як мага часцей патэлефанаваць бацькам і распытаць аб надзённым. Згодна з сямейнай традыцыяй, на кожнае рэлігійнае ці іншае свята за вялікім сталом сын Дзмітрый з жонкай Вікторыяй і сынам Цімафеем, дачка Аляксандра з мужам Анджэем збіраюцца разам. Ганна Міхайлаўна любіць расказваць аб сваёй сям’і, хатніх клопатах, любімых занятках. Яе мацярынскае сэрца вельмі радуецца за Дзмітрыя, які разам з жонкай мае сваю творчую справу — займаецца афармленнем вяселляў, за Аляксандру — студэнтку 4 курса ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якая ў складзе ансамбля «Грамніцы» аб’ездзіла мноства прыбалтыйскіх і еўрапейскіх гарадоў. Дзяўчына ўжо дакладна ведае, што пасля заканчэння навучальнай установы абавязкова звяжа сваё жыццё з педагогікай, як мама.

…Пасля цікавай размовы мы з Ганнай Міхайлаўнай выйшлі на вуліцу. Яна ахвотна правяла экскурсію па тэрыторыі садка. Сонечныя «зайчыкі» быццам у хованкі гулялі з маленькімі жыхарамі дзіцячага садка, якія разам з выхавацелямі бавілі час на свежым паветры. Яркія промні асвятлялі яркія і прыгожыя кветнікі, альтанкі, арэлі, карту Беларусі, выкладзеную з камянёў, пясочніцы.

Назіраючы за малышамі і клапатлівымі выхавацелямі, я незнарок падумала, як пашанцавала гэтым дзецям і іх бацькам, што яны могуць смела давяраць работнікам Гальшанскага ясляў-сада. Тут насамрэч пануе творчая і шчырая атмасфера, тут маленькім выхаванцам няма калі сумаваць. А ўтульнасць і парадак, жывыя кветкі, цікавае аздабленне пакояў і рэчаў — неад’емныя «атрыбуты» дашкольнай установы.  Хто заходзіць у пакоі садка ўпершыню, адразу захапляецца той прыгажосцю і ўтульнасцю, якую, дзякуючы сваёй крэатыўнасці і ўменням, стварылі работнікі сада.

Аб прафесійных здабытках, дасягненнях і заслугах кіраўніка і педагагічнага калектыву можна гаварыць доўга, але самае галоўнае не гэта, а тое, што дзеці заўсёды спяшаюцца ў садок, які стаў для іх таямнічым казачным куточкам цеплыні, шчырасці, разумення і клопату.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *