Уборка бульбы ў Ашмянскім раёне

Главное

Бульбу ў раёне вырошчваюць чатыры гаспадаркі: «Кракоўка», «Ашмянская Ясная Паляна», «Гальшаны», «Баруны».  Усяго пяць гектараў пасаджана ў КСУП «Кракоўка», чатырнаццаць — КСУП «Ашмянская Ясная Паляна»,  пятнаццаць — «Гальшаны» і самая вялікая плошча ў КСУП «Эксперыментальная база «Баруны» — сто гектараў.

IMG_9151

На палях эксперыментальнай базы «Баруны» ў гэтыя восеньскія дні праца ідзе поўным ходам. З кожным вераснёўскім днём набірае тэмпы ўборка бульбы. З палеткаў ужо ўбрана болей за 40. Рупліўцы адзначаюць, што сёлета ўзрасла ўраджайнасць «другога хлеба» — каля 300 цэнтнераў з гектара, у мінулым годзе сярэдняя ўраджайнасць склала 250.

Анатоль Амяльян
Анатоль Амяльян

Трэба адзначыць, што да вырошчвання гэтай культуры ў гаспадарцы заўсёды падыходзяць сур’ёзна: выкарыстоўваецца якаснае насенне, своечасова вядзецца пасадка клубняў, апрацоўка і догляд пасеваў. Усё гэта дазваляе калгаснікам амаль заўсёды  атрымліваць выдатныя ўраджаі.

Памочнік загадчыка ўчастка Анатоль Тадэвушавіч Амяльян расказаў, што вырошчваюць у гаспадарцы высокаўраджайныя гатункі, сярод якіх пачэснае месца займаюць  «янка», «уладар» і «скарб».

Летам бульбяныя палеткі эксперыментальнай базы «Баруны» радавалі вока роўнымі цёмна-зялёнымі радамі, здаровай батвой. І хоць лета не радавала ўстойлівым надвор’ем, не забывалі тут і пра апрацоўку супраць аднаго з самых небяспечных ворагаў бульбы — фітафторы.

У аўторак на палях каля вёскі Зялёны Бор працавалі спецыяльныя камбайны, магчымасці такой уборачнай тэхнікі дазваляюць штодня спраўляцца з вялікімі плошчамі. Запатрабавана ў гаспадарцы і ручная праца — на суседнім полі ў вёсцы Гейстуны працуюць навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа. Дарэчы і сам памочнік загадчыка ўчастка Анатоль Амяльян працуе на камбайне, займаецца падвозам абедаў, можна сказаць, што кантралюе ўвесь працэс.

На адвозцы задзейнічаны некалькі аўтамабіляў, на адным з іх другі год шчыруе малады вадзіцель Алег Пабядзінскі. Сабраны ўраджай адвозіцца ў бульбасховішча, дзе ідзе яго пераборка і сартыроўка. Захоўвацца «другі хлеб» будзе ў спецыяльным памяшканні, якое загадзя падрыхтавалі работнікі эксперыментальнай базы. Зараз ідзе закладка бульбы для далейшага захоўвання і забеспячэння пад поўную патрэбу насеннага матэрыялу. Астатні ўраджай пойдзе на рэалізацыю праз гандлёвыя кропкі, будзе выкарыстаны на крухмальным заводзе, а дробная  бульба патрэбна на корм жывёле.

Алег Пабядзінскі
Алег Пабядзінскі

«Бабіна лета» дазволіла рупліўцам працаваць, не адступаючы ад запланаванага графіка. За рулём бульбаўборачных камбайнаў працуюць вопытныя і адказныя механізатары. Сярод іх, Казімір Браніслававіч Бражыцкі, які прысвяціў вадзіцельскай справе ў гаспадарцы сорак гадоў.

Казімір Бражыцкі
Казімір Бражыцкі

Клапоціцца аб стварэнні належных умоў працы механізатараў кіраўніцтва гаспадаркі: на поле дастаўляюцца гарачыя абеды, усе забяспечаны спецвопраткай. А вось дастойная аплата працы ў большасці сваёй залежыць ад саміх аграрыяў, таму яны працуюць амаль без адпачынку, з раніцы і да позняга вечара.

IMG_9179

Забяспечваючы высокі тэмп правядзення ўборачных работ, рупліўцы эксперыментальнай базы «Баруны» плануюць убраць «другі хлеб» да сярэдзіны кастрычніка.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *