У Ашмянскім раёне ідзе ўборка цукровых буракоў

Главное

Цукровыя буракі ў раёне вырошчваюць чатыры гаспадаркі: «Ашмянскі світанак», «Кракоўка», «Прыгранічны» і «Гальшаны». Усе яны забяспечаны адпаведнай тэхнікай для сяўбы, догляду і ўборкі гэтай культуры. Сёлета бураковыя плантацыі ў раёне займаюць 1050 гектараў.

IMG_7874

У КСУП «Кракоўка» вырошчваннем цукровых буракоў сур’ёзна  займаюцца шмат гадоў і маюць нядрэнны вопыт у гэтай справе. Сёлета пад культуру была адведзена найбольшая плошча ў раёне — 300 гектараў, 70 з якіх рупліўцы ўжо паспяхова ўбралі.

Да ўмоў росту цукровыя буракі прад’яўляюць высокія патрабаванні. Гэта культура, якой патрэбна святло, вільгаць і цяпло, хімпраполка. Але і занадта высокія тэмпературы не на карысць: яны прыгнятаюць культуру і выклікаюць хваробу лісцяў. Дарэчы, старшыня КСУП «Кракоўка» Антон Іосіфавіч Буткевіч расказаў карэспандэнтам раённай газеты, што бягучы год выдаўся ўдалым для вырошчвання буракоў. Уборку цукровых буракоў у гаспадарцы пачалі трэцяга верасня. Дарэчы, у гэтым годзе ўзрасла ўраджайнасць гэтай расліны — папярэдне 400 цэнтнераў з гектара, для параўнання — у мінулым 255.

— Цукровыя буракі — найважнейшая тэхнічная культура, якая дае сыравіну для цукровай прамысловасці, — расказвае Антон Іосіфавіч. — Гэту культуру мы вырошчваем больш за 10 гадоў. Сабраны ў гаспадарцы ўраджай адпраўляецца на перапрацоўку на Слуцкі цукроварафінадны камбінат, які ўжо з пачатку верасня пачаў прыём буракоў сёлетняга ўраджаю. Адходы перапрацоўкі ідуць на патрэбы жывёлагадоўлі.

З самага пачатку верасня на бураковых палетках гаспадаркі кіпіць напружаная праца. Даручана ўбіраць цукровыя буракі вопытнаму механізатару Уладзіміру Зыку, які ўжо дзесяць сезонаў шчыруе на буракаўборачным камбайне. Другі год дапамагае яму механізатар гаспадаркі Андрэй Аўсюкевіч. У сераду іх экіпаж працаваў паблізу вёскі Нарбуты, тут якраз ідзе пагрузка новай партыі ўраджаю. Мужчыны расказваюць, што за гэты час сабралі больш за дзве тысячы тон буракоў. Нягледзячы на капрызы надвор’я і непаладкі з транспартам, праца спорыцца, а ўборка ідзе строга па графіку. Уладзімір Зык дваццаць пяць год працуе механізатарам у гаспадарцы, а Андрэй Аўсюкевіч усяго сем гадоў, — яны заўсёды бяруцца за ўсе сезонныя працы. Але ў верасні іх галоўная задача — своечасова і акуратна ўбраць салодкія карняплоды. Таму з раніцы і да позняга вечара яны на бураковым полі.

IMG_7885

Пагрузку цукровых буракоў з буртоў у кузавы аўтамабіляў забяспечвае Зыгмунд Мешчановіч. Нягледзячы на тое, што спецыяліст ужо некалькі гадоў на пенсіі, яго вопыт і прафесіяналізм запатрабаваны ў КСУП «Кракоўка». На перавозцы буракоў заняты вадзіцель прадпрыемства «Аграпрамтэхніка» Мікалай Ждановіч.

IMG_7908

Сабраныя з палеткаў гаспадаркі некалькі соцень тон салодкіх карняплодаў у хуткім часе будуць дастаўленыя на цукровы завод у Слуцк. Патрэбна адзначыць, што свой унёсак робіць і беларуская чыгунка, бо менавіта чыгуначным транспартам  са станцыі Ашмяны ажыццяўляецца перавозка карняплодаў на прадпрыемства па перапрацоўцы.

IMG_7870

Яшчэ некалькі тыдняў напружаная і важная работа будзе кіпець на палетках Ашмяншчыны. Хоць верасень у гэтым годзе і не песціць сонечнымі днямі, хоць тэхніка і вязне ў гразі, але ж кожны, хто сёння шчыруе на цукровым полі, стараецца з усіх сіл, каб як мага хутчэй скончыць уборку.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *