Літаратурна-тэатралізаванае свята ў Ашмянскай бібліятэцы

Культура

Наўрад ці сустрэнеш у нашай краіне чалавека, які б не ведаў, хто такі Францыск Скарына. У сучаснай Беларусі яго лічаць адным з самых выбітных дзеячоў у гісторыі чалавецтва. Легендарны асветнік, першадрукар усходнеславянскіх зямель, наш суайчыннік і праз 500 год жыве ў народнай памяці. Яго імя прысвоена ўніверсітэту, медалю і ордэну. Помнікі першадрукару ўстаноўлены ў Мінску, Полацку, Лідзе…

Сын свайго часу, Скарына быў яркім увасабленнем тых падзей, што адбываліся ў Беларусі і на суседніх землях болей як паўтысячы гадоў назад. Здолеўшы набыць веды па многіх галінах, вывучыўшы некалькі моў, маючы прагу да падарожжаў, Францыск Скарына прыняў для сябе, а як пасля высветлілася — і для ўсёй беларускай гісторыі, лёсавызначальнае рашэнне: выкласці Біблію на зразумелай усім мове. Так, у Празе, грунтуючыся на еўрапейскім вопыце, маючы на ўвазе чэшскія, італьянскія і нямецкія выданні, вывучаючы стараславянскія, стараяўрэйскія, грэчаскія і лацінскія тэксты, наш зямляк пераклаў і выдаў 22 кнігі Бібліі. Так быў зроблены важкі па сваёй сутнасці і па разуменні перспектыў будаўніцтва новага грамадства крок. І ў сілу гэтага Францыска Скарыну можна смела залічваць у спіс «тытанаў» эпохі Адраджэння.

У 1517 годзе Скарына выдае першую друкаваную беларускую кнігу — «Псалтыр». Гэта значная падзея  лягла ў аснову святкавання ў краіне Дня пісьменства і друку. Не абыйшлі яе работнікі клубных і бібліятэчных устаноў, сродкі масавай інфармацыі. Размова пра ролю Францыска Скарыны ў развіцці грамадства вядзецца ў навучальных установах Беларусі, менавіта ёй быў прысвечаны першы ў новым навучальным годзе ўрок.

IMG_7507

Значнай для нашай краіны даце – 500-годдзю беларускага кнігадрукавання прысвяцілі мерапрыемства супрацоўнікі раённай бібліятэкі. На літаратурна-тэатралізаванае свята “Слову беларускаму паклонімся” былі запрошаны вучні гімназіі горада і бібліятэкары раёна. Пачалася дзея тэатралізаваным пралогам, у якім Кнігі, сучасная і старажытная (Валянціна Ліштван і Аліна Кеда), распачалі спрэчку з Францыскам Скарынам (Яўгенам Астрамовічам) аб сваёй ролі ў жыцці чалавецтва. Аб жыццёвым шляху асветніка і гуманіста, яго творчых здабытках распавялі ўдзельнікам мерапрыемства Сяргей Жылік і Вольга Тарашкевіч.

IMG_7522

IMG_7523

IMG_7532

IMG_7546

Музычныя кампазіцыі ў гонар слыннага сына беларускага народа выканалі педагогі дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Чэрская, Ірына Асмольская і Віталь Юрэвіч. Вершы класікаў айчыннай літаратуры  пра Скарыну чыталі вучні гімназіі: Аляксандра Лукашэвіч, Сафія Вяржынская, Паліна Разон, Антаніна Ляпко, Ілона Корзан, Анастасія Саванец.

Работнікі бібліятэкі падрыхтавалі да святкавання юбілейнай даты тэматычныя кніжныя выставы.

Аліна САНЮК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *