Свята «Табе, радзiмае мястэчка!» прайшло ў Гальшанах

Культура

«Недалёка ад Ашмян размясцiлася мястэчка, тонкай стужачкай цячэ тут Гальшанка-рэчка, плошча ёсць на скрыжаваннi, тут легенды i паданнi…», — пісала ў сваім вершы зямлячка Таццяна Лаўрыновіч. Сапраўды, ёсць нешта прывабнае ў гэтым гістарычным куточку. Для шматлікіх падарожнікаў і аматараў гісторыі Гальшаны — гэта не проста маленькая кропка на карце Беларусі, а таямнічае, аўтэнтычнае мястэчка, напоўненае незвычайнымі паданнямі і легендамі.

DSC_1410

Для тых, хто нарадзіўся і вырас у Гальшанах, гэта бацькоўскі дом, тое месца, адкуль пайшоў адлік жыцця і падзей, якімі яно напоўнена. Менавіта сюды вяскоўцы імкнуцца сэрцам, стомленыя рознымі нягодамі і жыццёвымі акалічнасцямі — добрымі ці дрэннымі. У родным куточку заўсёды цёпла і ўтульна,  добра і ціха, тут пануюць вера і надзея, жыве любоў. Тут кожны чалавек не проста сусед ці знаёмы, а сапраўдны сябра і дарадца, які заўсёды дапаможа і падтрымае. Так было некалькі дзясяткаў гадоў таму, так, хочацца верыць,  будзе заўсёды…

Напрыканцы жніўня ў Гальшанах было асабліва шматлюдна — тут сабраліся жыхары мястэчка, прыехалі і тыя, хто даўно перабраўся ў горад, каб пабачыцца з блізкімі, землякамі, успомніць былое. Для іх работнікі аддзела культуры і вольнага часу арганізавалі шчырае свята «Табе, радзiмае мястэчка!». У гэтым годзе дзень калектыўнага адпачынку прысвяцілі 737-й гадавіне з дня заснавання аграгарадка. Свята стала своеасаблівай дошкай гонару вяскоўцаў, адраджэннем ранейшых традыцый і ўспамінаў аб мінулых падзеях, з якіх складвалася жыццё на гэтай зямлі.

DSC_1415

Згодна са старадаўнім звычаем, хлебам-соллю і добрымі пажаданнямі віталі гасцей мерапрыемства вядучыя Каралiна Адашкевiч і Таццяна Мальдзiс. Адкрываючы свята, старшыня сельскага Савета Войцех Коўзан падзякаваў жыхарам, якія штодзень самааддана працуюць на роднай зямлі, ствараюць утульнасць і хараство на сваіх падворках, падтрымліваюць адзін аднаго ў розных жыццёвых абставінах.

Гасцей свята вядучыя запрасілі зазірнуць у гісторыю вёсачкі і перагарнуць яе старонкі. І не для простай цікавасці, а каб яшчэ раз зразумець, адчуць, з чаго ўсё пачыналася, і аддаць павагу старэйшаму пакаленню. Разам з вядучымі аднавяскоўцы «блукалі» каля вялікай гары, на якой князь Гольша пабудаваў драўляны замак, а пасля прайшлі ўздоўж рэчкі Карабель. Менавіта з 1280 года паўстала мястэчка Гальшаны, якое адыграла вялікую ролю не толькі ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы, але і ў цэлым свеце.

DSC_1417

Гальшанцы ўважліва слухалі аповед вядучых і ў думках «будавалі» касцёл і кляштар францысканцаў, царкву, замак, паперню,  млын, яўрэйскія дамы… Разважалі аб шматлікіх паўстаннях і войнах, якія закранулі Гальшаны, а пасля, як продкам хапіла мужнасці і сілы аднавіць жыццё  і сваё мястэчка пасля жудасных падзей, праславіць вытворчымі здабыткамі.

Зачапіла вёсачку сваім жудасным крылом Вялікая Айчынная вайна. На франтах змагаліся і нашы аднавяскоўцы.  18  чалавек не вярнуліся з вайны, сёння іх імёны высечаны на помніку, які знаходзіцца ў цэнтры Гальшан. Памяць аб продках ушанавалі хвілінай маўчання. Сёння ў Гальшанах жывуць сведкі тых падзей, ветэраны вайны — Іван Вікенцьевіч Гардзей і Эдвард Антонавіч Сарока, а таксама вязні — Марыя Ягораўна Селядцова і Марыя Канстанцінаўна Касцючэнка. Дарэчы, Марыя Ягораўна прыйшла на свята і падзялілася з прысутнымі цяжкімі ўспамінамі аб вайне, аб перажытых днях у канцэнтрацыйным лагеры.

Шмат выпрабаванняў выпала на долю старэйшых жыхароў вёскі — Марыі Пятроўны Ягела, Марыі Канстанцiнаўны Касцючэнка, Ядзвiгі Iосiфаўны Дземiдовiч, Рэгiны Iосiфаўны Жур, Ганны Андрэеўны Круцько, Вольгі Iванаўны Лапуцкай, Янiны Мiхайлаўны Люткоўскай, Эдварда Антонавiча Сарокі, Надзеі Якаўлеўны Саўко, Iвана Вікенцьевiча Гардзея…  Жыццё гэтых людзей прайшло ў Гальшанах, а некаторыя прыехалі сюды, каб звязаць з гэтым мястэчкам свой лёс. Але ўсе яны могуць шмат паведаць пра Гальшаны, пра падзеі, людзей…

Наступная старонка ў гісторыі — афганскія падзеі. Там давялося выконваць свой інтэрнацыянальны абавязак Сяргею Антонавічу Гардзею і Алегу Антонавічу Лапаце. Пасля віншаванняў са святам вёскі мужчыны ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым у гады вайны вяскоўцам.

З пакалення ў пакаленне перадаюцца святыя паняцці: гонар, любоў да Радзімы. Сёння лепшыя традыцыі мінулых пакаленняў памнажаюць ваеннаслужачыя Узброеных Сіл Беларусі, дзеці, унукі, праўнукі франтавікоў. Служаць  гальшанскія юнакі — Дзяніс Травіцкі, Анатоль Раўпук і Павел Дукель.

Важна, што ў Гальшанах беражліва захоўваецца гісторыя і пішуцца яе новыя старонкі рукамі мясцовых краязнаўцаў Яніны Іванаўны Корзун і Валянціны Сцяпанаўны Лабунінай. Яніна Корзун працягвае справу свайго мужа Эдуарда Сямёнавіча — працуе ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі імя Корзуна, вучыць школьнікаў гэтай цікавай справе. З вялікім задавальненнем збірае звесткі аб Гальшанах і гальшанцах, публікуе іх у раённай газеце, стварае фотавыставы  Валянціна Лабуніна.

Увогуле з вёскі выйшла нямала працавітых,  таленавітых людзей, якія шчыравалі і шчыруюць у розных галінах народнай гаспадаркі нашай краіны, а таксама за яе мяжой. Многія здабывалі славу мясцовай сельскай гаспадарцы. Дзякуючы рукам працавітых гаспадароў і шчырых гаспадынь вёска квітнее.

Сёння запаўняюць новыя старонкі гісторыі 1045 жыхароў, разрастаюцца і прыгажэюць вуліцы, будуюцца новыя дамы, працуе пошта, філіял Беларусбанка, таксама пабудаваны новы будынак амбулаторыi і аптэка, Дом быта, баня, кафэ і магазіны.

Падчас свята вёскі адбылося ўшанаванне народжанага і зарэгістраванага ў сельскім Савеце немаўляці Матвея (сям’я Андрэя і Анжэлы Канавалюкоў). Дарэчы, у гэтым годзе ў  вёсцы вялікае папаўненне — на свет з’явілася дзесяць немаўлятак.

Шмат цёплых пажаданняў было сказана  мнагадзетным сям’ям (а іх у Гальшанах 18). Асобыя словы падзякі вядучыя выказалі сям’і Супрановічаў. Ганна Уладзіміраўна і Павел Іосіфавіч выхоўваюць шасцёра дзяцей. Да свята дачка Анастасія падрыхтавала гасцям музычны падарунак.

Ад душы весяліліся ў гэты дзень як жыхары, так і госці свята. Добры настрой стваралі Анастасія Супрановіч, Аляксандра Талапіла, Караліна Адашкевіч, калектыў Аляксандра Ката, Марыны Гайдановіч і Любові Шчарбаковай, Ганна Ляўковіч, Мікалай Матузевіч і Віктар Трот, танцавальныя групы «Фіеста» і «Мэры Попінс».

Цудоўным падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Барунскага сельскага клуба (Таццяна Чарняўская і Павел Завадскі), аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Навасёлкі (Анастасія Бернат, Дзяніс Евушка, Арцём Гружэўскі). Для дзяцей працавалі надзіманыя атракцыёны, можна было паласавацца папкорнам і салодкай ватай. Спецыяльна для самых маленькіх гульнявую праграму правяла Алена Альшук. Дарэчы, музыка доўга гучала над Гальшанамі, але яшчэ даўжэй, без сумнення, сэрцы вяскоўцаў будзе саграваць успамін аб свяце.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *