Святочныя мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства ў Полацку распачнуцца 1 верасня

Культура

Удзел у свяце прымуць пісьменнікі з дзесяці краін свету, а таксама больш за сто беларускіх творцаў. Ёсць сярод іх і гродзенцы.
d217b688d8543147d9fd1810be36f0d9
У першы дзень верасня тыя, хто стварае сучасную беларускую літаратуру, завітаюць на ўрачыстую лінейку, каб павіншаваць вучняў, настаўнікаў і бацькоў з Днём ведаў.

Сустрэцца з пісьменнікамі можна будзе цягам двух дзён. У суботу і нядзелю ля гарадскога фантана будзе працаваць творчая пляцоўка “Слова пісьменніка”. Свае забаўляльна-пазнавальныя праграмы рыхтуе кожнае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Як распавяла старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, літаратары Прынёмання таксама падрыхтавалі цікавую праграму. Тут можна будзе пачуць вершы і нават песні ў выкананні аўтараў. Пройдуць прэзентацыі кніг і аўтограф-сесіі. Да прыкладу, Ліна Багданава прапануе сваю першую кнігу з серыі “Вконтакте” пад назвай “А кто сказал, что будет просто”. Яна пабачыла свет у гэтым годзе ў выдавецтве “Народная асвета”. Складаецца кніга з кароткіх аповедаў, што ўздымаюць тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца дзеці ў школе: нехта носіць акуляры, хтосьці не падобны на іншых… Пасля кожнага аповеду ёсць каментарыі ды парады псіхолагаў, бацькоў, сяброў.

Яшчэ на адну прэзентацыю запрашае Людміла Кебіч: увазе гасцей пляцоўкі яна прапануе свой паэтычны зборнік “Рай для адзіноты”, які пабачыў свет летась.

Асобна будзе працаваць падчас Дня беларускага пісьменства дзіцячая пляцоўка. Там са сваімі кнігамі малых чытачоў і іх бацькоў разам з іншымі творцамі пазнаёмяць і гродзенцы Ганна Скаржынская-Савіцкая, Наталля Цвірко і Таццяна Сучкова. Прымуць удзел аўтары Прынямоння і ў прэзентацыях, што будуць ладзіць выдавецтвы на сваіх пляцоўках.

Пасля насычанага на сустрэчы дня літаратараў і чытачоў запрашаюць на ўрачыстую цырымонію адкрыцця свята.

У Полацк, сталіцу Дня беларускага пісьменства, з Прынямоння едуць і дзеці – пераможцы абласнога этапу конкурсу “Жывая класіка”. Фінал конкурсу стане адной з яркіх падзей свята. Пераможцаў Міністэрства адукацыі заахвоціць пуцёўкамі ў аздараўленчы лагер “Зубраня”.

Святочная нядзеля таксама будзе насычанай. На асноўнай пляцоўцы вырашыцца галоўная інтрыга: хто стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Саюз пісьменнікаў Беларусі таксама прадставіць літаратурна-музычную праграму “Як на свет нарадзіўся Янка” па матывах рок-оперы “Курган”, непасрэднае дачыненне да стварэння якой мае знакаміты паэт Андрэй Скарынкін.

Пройдзе прэзентацыя аўдыёдыска, дзе галасамі знакамітых акцёраў – заслужанай артысткі Тамары Апіёк-Мікалаевай, акцёра і рэжысёра беларускага радыё Алега Вінярскага, артысткі літаратурнага тэатра “Слова”, уладальніцы медаля Францыска Скарыны Зінаіды Феакціставай-Каладзяжнай будуць агучаны лепшыя творы ўдзельнікаў конкурсу “Скарынавай душой узлашчанае слова”.

Творчую эстафету на галоўнай сцэне падхопіць цэлае сузор’е беларускіх паэтаў, членаў пісьменніцкага саюза. Да іх далучацца артысты, музыканты.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *