У Ашмянах прайшла жнівеньская нарада настаўнікаў (дададзена відэа)

События

Для вучняў новы навучальны год заўсёды пачынаецца 1 верасня, з першага школьнага званка. Для настаўнікаў ён бярэ свой адлік крыху раней – на традыцыйнай жнівеньскай нарадзе. Менавіта тут падводзяцца вынікі мінулага навучальнага года, тут вызначаюцца задачы, тут гучаць імёны тых, хто дасягнуў значных поспехаў у прафесійнай дзейнасці і зрабіў уклад у развіццё сістэмы адукацыі Ашмяншчыны.

IMG_5742

У панядзелак адбылася чарговая раённая педагагічная нарада, у якой прынялі ўдзел настаўнікі, выхавацелі, метадысты, спецыялісты аддзела, адукацыі, спорту і турызму,  маладыя педагогі, старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек, яго намеснік Наталля Станкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Кунцэвіч, прарэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Пішчык. Усе яны сабраліся, каб абмеркаваць кола важных прафесійных пытанняў. Большасць з іх падымалася падчас рэспубліканскага педагагічнага савету з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які прайшоў у Мінску на мінулым тыдні. Акцэнт на галоўных тэзісах кіраўніка дзяржавы зрабіла ў сваім выступленні начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Мікалаеўна Баркоўская.

IMG_5760

IMG_5784

IMG_5840

Яна адзначыла, што аснова любой сістэмы – гэта кадры, работу з якімі ў нашым раёне можна лічыць паспяховай. Установы адукацыі раёна цалкам забяспечаны педагагічнымі кадрамі – толькі сёлета было размеркавана 55 маладых спецыялістаў. Станоўчая дынаміка назіраецца і ў павышэнні адукацыйнага, катэгарыйнага ўзроўню настаўнікаў, у замацаванні маладых педагогаў. Пацвярджэннем граматнай работы з кадрамі з’яўляюцца поспехі настаўнікаў. Сёлета ў раёне сустракалі пераможцу абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” — настаўніцу гісторыі гімназіі №1 Ларысу Аляксандраўну Ларыёнаву. Радаваліся плённым вынікам педагогаў дашкольнай адукацыі: настаўнік дэфектолаг ясляў-сада №7 Таццяна Вацлаваўна Бартановіч перамагла ў рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, калектыў ясляў-сада №3 заняў 3-е месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2016”.

IMG_5849

Падрабязна спынілася Святлана Мікалаеўна на выніках і прыярытэтных напрамках развіцця дашкольнай, сярэдняй, спецыяльнай, дадатковай адукацыі, на праблемах выхавання дзяцей і моладзі, на ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі раёна.

Вынікі мінулага года, зазначыла ў дакладзе начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму, сведчаць аб стабільнасці асноўных паказчыкаў якасці адукацыі. Сёлета 41 дзевяцікласнік закончыў базавую школу з адзнакай, 32 выпускнікі ўзнагароджаны медалямі – усе яны прадоўжаць навучанне ў вышэшых навучальных установах. Прыемнымі навінамі парадавалі выпускнікі школ раёна і пасля цэнтралізаванага тэсціравання: вучаніца СШ №1 Анастасія Шчыкно атрымала 100 балаў па біялогіі, высокія паказчыкі па асобных прадметах (92 – 97 балаў) у выпускнікоў СШ №1, СШ №2, СШ №3, гімназіі, Гальшанскай СШ. Добры вынік – дыплом другой ступені – паказаў падчас рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі вучань СШ №2 Максім Барысевіч.

IMG_5883

Канешне, гэта толькі невялікая частка тых перамог, якімі ганарацца педагогі Ашмяншчыны. Але галавакружэння ад поспехаў няма, кожны ведае, што трэба і далей старанна працаваць: як зазначыў кіраўнік дзяржавы, павышаць сваю кваліфікацыю, праходзіць перападрыхтоўку, выхоўваць сапраўдных грамадзян і патрыётаў, даваць моладзі патрэбныя арыенціры, якасна арганізоўваць работу на ўроках і ў шосты школьны дзень, клапаціцца пра бяспеку маладога пакалення ў інфармацыйных сетках, звяртаць пільную ўвагу на працоўнае выхаванне і многае іншае.

IMG_5886

Вопыт па шматлікіх накірунках у раёне ёсць. Ім з калегамі дзяліліся кіраўнікі школ, іх намеснікі, настаўнікі. Так, дырэктар сярэдняй школы №1 Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі прадставіў свой погляд на школу як тэрыторыю здароўя. Тэма, блізкая кожнаму педагогу, для СШ №1 тым больш актуальная, што ўстанова ўвайшла ў міжнародны праект па здароўезберажэнні вучняў.

IMG_5892

З вынікамі паспяховай праектнай дзейнасці пазнаёміла прысутных дырэктар Гальшанскай СШ Аксана Анатольеўна Землякова. Школа прыняла ўдзел у чатырох міжнародных праектах, дзякуючы чаму не толькі рэалізавала цікавыя ініцыятывы, але і палепшыла матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, набыла веласіпеды, а таксама зарабіла грошай.

IMG_5896

Вопытам прафарыентацыйнай работы з вучнямі падзялілася намеснік дырэктара Цудзенішскага вучэбна-педагагічнага комплексу Таццяна Стэфанаўна Плоская. Як працуе са школьнікамі і іх бацькамі ў сацыяльных сетках, расказала класны кіраўнік СШ №3 Алена Мікалаеўна Місюкевіч. Сапраўдную прэзентацыю ўласнаму адукацыйнаму электроннаму даведніку правяла настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада №7 Таццяна Вацлаваўна Бартановіч. Дзякуючы сучасным тэхналогіям педагогу ўдаецца пераадольваць агульнае недаразвіццё мовы ў сваіх выхаванцаў.

Шмат напрацовак з вопыту работы педагогаў раёна змясціла выстава, якую зладзілі да жнівеньскай нарады ўстановы адукацыі Ашмяншчыны.

IMG_5911

Лагічным працягам форума стала ўзнагароджанне лепшых настаўнікаў. Віншаванні і заслужаныя ўзнагароды яны прымалі ад старшыні райвыканкама Міраслава Эдмундавіча Сарасека, прарэктара Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольгі Генадзьеўны Пішчык, якая першаснай у сістэме адукацыі назвала асобу настаўніка і пажадала кожнаму здзяйснення прафесійнай місіі. Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны настаўніца пачатковых класаў СШ №3 Людміла Францаўна Багдановіч, намеснік дырэктара СШ №3 Алена Анатольеўна Кумпіцкая, хормайстар узорнага ансамблю песні і танца Вера Іванаўна Федарэнка. Грамату Міністэрства адукацыі атрымала і намеснік дырэктара СШ №2 Алена Іванаўна Апанэль. Шэраг настаўнікаў раёна адзначаны граматамі і дыпломамі Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, а таксама райвыканкама.

IMG_5921

Шчырыя віншаванні з нагоды першага ў сваім прафесійным жыцці навучальнага года прымалі і маладыя педагогі. Наказ калегам дала дырэктар гімназіі №1 Вольга Уладзіміраўна Саванец. У сваю чаргу яны паабяцалі быць годнымі высокага звання “настаўнік” і прыкласці ўсе намаганні, каб сістэма адукацыі раёна развівалася.

З музычнымі падарункамі завіталі на педагагічную нараду выхаванцы ясляў-сада №7 і школ Ашмяншчыны. Святочны канцэрт завяршыў раённы форум і даў старт чарговаму марафону ведаў.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *