Загадка гары Піліканкі каля Жупран

Культура

На ўскраіне Жупран ёсць таямнічае месца — гара Піліканка, пра якую расказваюць шматлікія легенды. Дагэтуль краязнаўцы ламаюць галовы над паходжаннем незвычайнай і загадкавай назвы гэтай мясціны.

Парослая лесам Піліканка ўзвышаецца над Жупранамі на беразе ракі Ашмянкі з правага боку, калі ўязджаць у мястэчка з Ашмян у бок Смаргоні. Вышыня гары — 207,7 м над узроўнем мора.

Старэйшыя жупранцы расказваюць, што ў перадваенны час менавіта тут збіралася мясцовая моладзь на святкаванне Купалля, тут раскладалі вогнішчы, спявалі і весяліліся. Існуе легенда, што некалі на Піліканцы стаяў шыкоўны касцёл, які славіўся сваім багатым убранствам — залатымі ўпрыгожваннямі і каштоўнымі камянямі. Распавядаюць, што слава пра скарбы гэтага касцёла грымела нават у далёкіх краях, а людзі наведвалі святыню не для малітвы, а найперш для таго, каб палюбавацца каштоўнасцямі. Аднаго разу людзей сабралася ў касцёле так шмат, што храм праваліўся пад зямлю. Некаторыя палічылі гэта Божай карай за сквапнасць і прывязанасць да матэрыяльных рэчаў. У Жупранах можна пачуць згадкі, што даўней адзін з мясцовых жыхароў хацеў адкапаць легендарны касцёл, але ўночы яму прысніўся анёл, які прасіў не капаць на Піліканцы. Мужчына не паслухаўся, але не змог завяршыць сваёй справы, бо праз некаторы час памёр.

E1Gx76wqCFo

Яшчэ ў 1960-1970 гады жупранцы засталі на Піліканцы адтуліну ў зямлі, у якую можна было кінуць каменьчык, які толькі праз некалькі дзясяткаў секундаў даваў гук «дзілінь-дзілінь», нібыта трапіўшы ў ваду.

Дагэтуль незразумелай шмат для каго застаецца назва гары — Піліканка. Некаторыя запісваюць яе як Пеліканка. На міжваенных польскіх картах яна пазначана як Пелікан. Гэтак жа яна названа ў сучасным даведніку калектыўнага аўтарства «Вертикальная Беларусь». Праўда, птушкі пеліканы ў Жупранах ніколі не былі заўважаны і цяжка растлумачыць іх сувязь з гарой. Літаратуразнаўца Уладзімір Содаль па-свойму тлумачыць гэту назву. Паводле яго, гара магла некалі называцца Веліканкай, а пазней гэта форма змянілася ў Піліканку. Падаецца, усе гэтыя варыянты — вынік таго, што нехта няправільна пачуў альбо памылкова растлумачыў паводле фанетычнай асацыяцыі «дзіўную» для слыху назву.

На Ашмяншчыне ёсць шмат тапонімаў, якія маюць балцкі радавод. Да прыкладу, назву горада Ашмяны выводзяць ад літоўскіх слоў «a menys» (вастрыё) або «akmenas» (камень), назва мястэчка Граўжышкі можа паходзіць ад літоўскага слова «gra us» (прыгожы). А калі пашукаць у літоўскай мове таксама карані наймення «Піліканка»?

І сапраўды, як высвятляецца, у сучаснай літоўскай мове ёсць слова «piliakalnis», якое абазначае «гарадзішча», месца даўнейшага ўмацаванага паселішча. Гарадзішчы ўзніклі ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу, калі людзі ад збіральніцтва ды палявання пераходзілі да земляробства і жывёлагадоўлі. Нашы продкі тады мусілі гуртавацца, аб’ядноўвацца, жыць ва ўмацаваным і агароджаным месцы, каб ахоўваць ад нападаў ворагаў самае каштоўнае, што яны мелі, — свае харчовыя запасы. Звычайна гарадзішчы ўзнікалі на берагах рэк, часамі на натуральных узвышшах. Паселішчы на гарадзішчах можна назваць продкамі сучасных гарадоў, а самі гарадзішчы пасля пабудовы на іх сярэднявечных замкаў называліся «замчышчамі». Такое старажытнае гарадзішча, як вынікае, было некалі і на Піліканцы. Пра селішча ў гэтым месцы сведчаць, напрыклад, археалагічныя пошукі, пра якія пісаў у 1994 годзе ў часопісе «Весці АН Беларусі» даследчык Эдвард Зайкоўскі.

Некаторыя жупранцы, збіраючы грыбы ды ягады, знаходзілі часам на гары гліняныя чарапкі ды металічныя рэчы. Ранейшая адтуліна ў зямлі, куды кідалі каменьчыкі, магла быць закінутай старажытнай студняй.

Відаць, Піліканку меў на ўвазе слынны ашмянскі краязнаўца Чэслаў Янкоўскі, які ў канцы XIX стагоддзя пісаў: «… старадаўняе мястэчка Жупраны. Справа перад намі ўзгоркі, а на адным з іх сляды жупранскага, амаль перадгістарычнага гарадзішча». У іншым месцы Янкоўскі называе Жупраны адным з самых старажытных селішчаў у былым Вялікім Княстве Літоўскім: «Пачатак іх (Жупранаў) як месца жыцця людзей гіне літаральна ў глыбіні вякоў».

Падаецца, гара Піліканка, легенды, звязаныя з ёю, ды рэшткі старажытнага селішча на беразе ракі Ашмянкі маглі б паслужыць яшчэ большаму прыцягненню турыстаў у сённяшнія Жупраны.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *