У гарадской бібліятэцы прайшло літаратурнае падарожжа «Пакуль ёсць Купала — будзе народ»

Культура

yanka_kupalaЁсць пісьменнікі, творчасць якіх з’яўляецца жывым увасабленнем духоўных сіл народа, яго нацыянальнай культуры. Менавіта да такіх творцаў належыць Янка Купала — мастак яркага і непаўторнага таленту. Яго творы перакладзены болей чым на 100 моў свету.

Помнікі і мемарыяльныя дошкі паэту ўстаноўлены ў Расіі, Амерыцы, Украіне і Літве. У 1996 годзе створаны Міжнародны фонд Янкі Купалы.

Янка Купала пражыў няпростае жыццё, поўнае цяжкасцей і выпрабаванняў. Аднак яго высокія якасці як чалавека, грамадзяніна і творцы: высакароднасць, гуманізм, любоў да сваёй Радзімы і да свайго народа, адданасць ідэі творчасці — нацыянальнаму і духоўнаму вызваленню, раскрытай на высокім мастацкім узроўні, засталася нязменнай і неаспрэчнай на працягу ўсяго часу.

Першы зборнік Янкі Купалы, які называўся «Жалейка», выйшаў у 1908 годзе ў Санкт-Пецярбургу. У лірычных творах паэт паказаў цяжкую долю беларускага селяніна, яго мары і імкненні. У зборніку ўпершыню быў надрукаваны верш «А хто там ідзе?», які адыграў значную ролю ў станаўленні беларускай нацыі і на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам. З творчасцю Янкі Купалы пазнаёміўся Максім Горкі, на якога вялікае ўражанне зрабіла творчасць беларускага паэта. Вядома, што Горкі зрабіў пераклад верша «А хто там ідзе?». З лёгкай рукі Максіма Горкага творы Янкі Купалы сталі перакладаць на іншыя мовы свету.

Музай паэта, надзейнай апорай і падтрымкай стала яго жонка Уладзіслава Станкевіч. Яна была адукаванай жанчынай: ведала чатыры мовы, танцавала ў тэатральнай трупе, прыгожа спявала. Маці Уладзіславы — францужанка Эмілія Мане, сваячка вядомага мастака-імпрэсіяніста Мане. Эмілія прыехала ў Беларусь з Парыжа, каб выкладаць французскую мову. Як вядома, яна мае дачыненне і да Ашмянскага краю: Эмілія выйшла замуж за Франца Станкевіча, ляснічага Ашмянскага павета.

Сучаснікі Янкі Купалы ўспамінаюць, што ён быў сапраўдным дэндзі. Купала насіў элегантныя касцюмы, заўсёды быў пры гальштуку, з густам апранаўся. Паэт любіў адпачываць на моры ў Грузіі. Адтуль ён прывозіў марскія камяні і рассыпаў іх дзе-небудзь у кабінеце. Яму падабалася, узяўшы камяні ў рукі, сядзець у любімым крэсле і ўспамінаць прыемныя гадзіны адпачынку.

У дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры ў гарадской бібліятэцы прайшло літаратурнае падарожжа «Пакуль ёсць Купала — будзе народ». На кніжнай выставе «Беларускай зямлі песняры» былі прадстаўлены творы самога аўтара, а таксама крытычныя матэрыялы і артыкулы з перыядычных выданняў. Падарожжа па родных мясцінах народнага паэта Беларусі «Шляхамі Янкі Купалы» дало магчымасць віртуальна наведаць месцы, дарагія сэрцу паэта. Падчас гутаркі «Я адплаціў народу, чым моц мая магла» бібліятэкары нагадалі пра багатую літаратурную творчасць і цікавыя факты з жыцця Янкі Купалы. Прыемна было яшчэ раз паслухаць вершы вядомага паэта ў выкананні вучняў школы-інтэрната Аляксея Арцем’ева і Арцёма Базарскага.

Людміла ЗАРЭЦКАЯ, загадчык

гарадской бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *