Свята “Добры дзень, суседзі” зладзілі ў аграгарадку Навасёлкі

Культура

У аграгарадку Навасёлкі прайшло свята “Добры дзень, суседзі”, на якое былі запрошаны жыхары суседняга, Барунскага сельсавета.

IMG_8637

IMG_8640

IMG_8642

У зале мясцовага Дома культуры сабраліся моладзь і людзі сталага ўзросту, матулі з маленькімі дзецьмі, школьнікі, работнікі мясцовай гаспадаркі, спецыялісты сацыяльнай сферы. Удзел у свяце прынялі старшыні сельвыканкамаў: Навасёлкаўскага – Андрэй Садоўскі і Барунскага – Андрэй Дулько, кіраўнікі сельгасарганізацый: “КСУП “Ашмянскі Світанак” – Віктар Клімашэўскі і КРСУП “Эксперыментальная база “Баруны” – Сяргей Мядзведскас, а таксама работнікі культуры сельскага клуба аг. Баруны (загадчык Алена Альшук) і аддзела культуры і вольнага часу аг. Навасёлкі (в.а. загадчыка Генадзь Чаплінскі), якія і выступілі арганізатарамі мерапрыемства.

На правах гаспадара мясцовых жыхароў, а таксама гасцей свята вітаў старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Андрэў Садоўскі, які выказаў падзяку працаўнікам вёскі за іх залатыя рукі, клопат пра ўраджай, адказнасць і стараннасць у выхаванні дзяцей, увагу ў лячэнні хворых, імкненне да адраджэння духоўных традыцый… За неабыякавасць і жаданне зрабіць свае населеныя пункты ўтульнымі і прыгожымі.

IMG_8678

IMG_8688

Свята было зладжана ў выглядзе конкурсу, што складаўся з візітоўкі, канцэртнай і гульнявой праграм – для дзяцей і дарослых. Падчас мерапрыемства ў выкананні мясцовых жыхароў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці двух аграгарадкоў гучалі вершы і байкі, песні. Вучні Навасёлкаўскага ВПК падрыхтавалі харэаграфічную кампазіцыю. Шчыра віталі гледачы сваіх землякоў і суседзяў Валянціну Турноўскую, Віталя Евушку, Анастасію Матузевіч, Валянціна Романа, Арцёма Гружэўскага, Алену Альшук, Марту Бабовік, Галіну Вяржынскую. Прыехалі на свята і госці з Ашмян: Марта Буткевіч, Святлана Ганусевіч і Таццяна Чэрская.

IMG_8706

IMG_8735

IMG_8772

На школьным стадыёне прайшоў матч па міні-футболе, у якім з лікам 1:0 гаспадароў перамагла каманда з Барун. На стылізаваных вясковых падворках, дзе былі прадстаўлены вырабы мясцовых майстроў і кулінарныя шэдэўры повараў сельгасгаспадарак, смачна пахла шашлыкамі і юшкай. Дзеці маглі паласавацца папкорнам і салодкай ватай, купіць прысмакі ў гандлёвай кропцы спажывецкага таварыства, паскакаць на батуце, тарзанцы і надзіманай горцы.

IMG_8787

IMG_8796

IMG_8624

У фае клубнай установы была арганізавана выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучняў і настаўнікаў Барунскага і Навасёлкаўскага ВПК, работнікаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры в. Паляны.

— Свята атрымалася, — адзначыў напрыканцы мерапрыемства старшыня КРСУП “Эксперыментальная база “Баруны” Сяргей Мядзвецкас. – Распачаты работнікамі культуры  творчы праект “Добры дзень, суседзі!” у чарговы раз пацвердзіў, што мы ўмеем не толькі працаваць, але і адпачываць. Жыхары нашых сельсаветаў звязаны не толькі суседскімі адносінамі, але і кроўным радством, сяброўскімі сувязямі. Няхай яны і надалей мацуюцца, праз такія вось цудоўныя формы ў тым ліку.

На памяць аб свяце старшыні гаспадарак абмяняліся падарункамі: карцінамі з краявідамі мясцовай прыроды.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *