Папяровыя карункі — на радасць і ў падарункі

Главное

Белыя сняжынкі ціхутка падаюць на зямлю. Чароўным пэндзлем мароз малюе на шкле ажурныя кветкі і галінкі.  Так было і будзе да той пары, пакуль на планеце не стоміцца надыходзіць зіма.  Ёсць падазрэнне, што яна  спецыяльна прыходзіць дзеля таго, каб здзівіць нас ажурнымі ўзорамі. А людзі пад уздзеяннем  марозных дзівосаў пачынаюць ствараць свой цуд, такі ж адмысловы, як  і ўзведзены  зімой. Цуд гэты завецца выцінанкай.

Выцінанка на Беларусі  з’явілася вельмі даўно – разам з  развіццём  вытворчасці  паперы.  Часцей за ўсё папяровыя карункі служылі  для ўпрыгожвання сялянскага жытла:  полак,  ікон, дзвярных вушакоў, люстэркаў, акон.  Складаныя сюжэтныя кампазіцыі чорнага колеру пакрывалі пабеленыя сцены беларускіх хат, а вокны дэкарыраваліся беласнежнымі папяровымі фіранкамі.

З таго часу шмат  што змянілася.  Вельмі рэдка, больш на выставах, можна ўбачыць  выразаны з паперы   узор “дрэва жыцця” – разлапістыя дрэвы з магутнымі стваламі, з вавёркамі і птушкамі ў кроне і зайцамі, лісамі і мядзведзямі пад дрэвам, альбо “жаночую долю” – букеты  кветак у шырокіх вазонах. У сучасным інтэр’еры выцінанкі прадстаўлены хіба што сняжынкамі на вокнах напярэдадні навагодніх свят, ды і то толькі там, дзе жывуць дзеці.

Заўсёды непаўторна выглядае ў навагоднія святы Кальчунскі дзіцячы садок. На вокнах тут   селяцца не толькі сняжынкі, але і цэлыя казачныя сюжэты. Усю гэту прыгажосць ствараюць выхавацелі дашкольнай установы. Сваю чароўную руку на працягу многіх гадоў прыкладвала да гэтай  зімовай казкі і Святлана Юр’еўна Сярпейка. Гэта яна звычайную папяровую сняжынку развіла тут  да сапраўднага мастацтва. Уменне выразаць  сняжынкі перадала ёй маці. Аднак няўрымслівай творчай натуры аднойчы стала цесна.  Пад ўздзеяннем  беларускай культуры і яе багатых традыцый  расіянка  Святлана пачала выразаць  калядныя і велікодныя сюжэты. “Гэта ўсё ад зямлі, ад таленавітых і адкрытых  людзей, якія тут  жылі і будуць жыць, — заўважае Святлана  Юр’еўна. – Жывучы ў Беларусі, немагчыма сядзець склаўшы рукі. Хочацца ствараць прыгажосць і дзяліцца ёю  з гасціннымі і шчырымі  людзьмі.”  А яны пастаянна акружаюць таленавітую жанчыну – майстра ў справе выцінанкі.

Як родную дачку дваццаць пяць гадоў назад  прыняла на Ашмяншчыне сваю нявестку  Францішка Браніславаўна Сярпейка: сын Іосіф  прывёз жонку аж  з Хабараўска, дзе служыў у войску. У Сякераўцах, дзе жыла сям’я,  Францішку любілі і паважалі. Яна заўсёды прыходзіла на дапамогу вяскоўцам. А яшчэ жанчына ўмела ткаць квяцістыя, адрозныя ад іншых  дываны і посцілкі. Нявестка адразу ж знайшла агульную мову са свякроўю – цяга да прыгажосці  і мастацтва з’яднала жанчын.  Святлана пачала захапляцца маляваннем. Разам з тым рукі пацягнуліся да залатой саломкі.  У яе атрымліваліся таксама  вельмі прыгожыя аб’ёмныя карціны, аплікацыі і мяккія цацкі. І сёння складана сказаць,  які від творчасці не асвоіла Святлана Юр’еўна. На гэта пытанне яна, пасля невялікай паўзы, адказала, што хіба толькі пісаць музыку і іграць на гітары ці саксафоне.

— Кампазітары  для мяне – гэта жыхары неба, — прызналася жанчына. – Яны атрымалі свой дар ад Бога і дораць яго людзям.

Зараз Святлана Юр’еўна  вядзе гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці  “Сувенірная крама” ў Кальчунскай школе. Школьнікі з  ахвотай наведваюць заняткі.  Яны  не толькі даведваюцца ад сваёй настаўніцы аб розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і самі спасцігаюць гэтую цікавую навуку, вучацца бачыць прыгажосць, а затым дзеляцца ёю  са сваімі блізкімі.

Адзін з любімых заняткаў Святланы Юр’еўны – выцінанка. У гэтай вобласці яна выдатны тэарэтык і адмысловы практык.  Народжаныя ў галаве сюжэты яна з дапамогай нажніц можа ажыццявіць самае большае за  трыццаць хвілін. Яна ніколі не малюе ўзор,  не карыстаецца спецыяльнымі разакамі. Толькі папера, часцей белая, бо на ёй лепш бачны цені, нажніцы і фантазія майстра.  Работы Святланы Юр’еўны не раз у ліку лепшых прымалі ўдзел у абласных конкурсах і фестывалях, выстаўляліся на раённых святах і форумах. Зацікавіўся яе выцінанкамі  рэспубліканскі часопіс “Пралеска”.  Аднак самае важнае, што яны дастаўляюць задавальненне  іх аўтару, напаўняюць жыццё радасцю.  Праз іх Святлана Юр’еўна адчувае повязь пакаленняў.

Яна, гэта повязь,  была і будзе. Вось і дачка   Дар’я паступіла ў Мінскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Танка на аддзяленне дэкаратыўна-прыкладной творчасці.  І кальчунскія хлопчыкі і дзяўчынкі імкнуцца спасцігнуць пакінутыя ад  сваіх бабуляў і дзядуляў  рамёствы і дэкаратыўную творчасць. І гэта не важна, што на кухонным стале сёння  больш  прывабна глядзяцца жалюзі альбо рымскія шторы. Аднак яны не вечныя. Мода на іх  хутка пройдзе. Толькі тое, што не модна, можа называцца вечным. Бо яно, як тое “дрэва жыцця”, падпітвае свае карані багатымі традыцыямі   нашых продкаў.

Аліна САНЮК.

На здымку: Святлана Юр’еўна і яе работы.

Фота  Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *