У Ашмянскім раёне будзе працаваць 30 аздараўленчых летнікаў

Общество

Май – самы жаданы месяц для школьнікаў, бо за ім наступае любімая дзіцячая пара. Летнія канікулы такія доўгія і цёплыя, такія чароўныя, што ад адной толькі думкі аб гэтым вусны расплываюцца ў лагоднай усмешцы! Аднак калі для дзяцей гэты час бесклапотны, то для бацькоў яго чаканне напоўнена турботамі пра арганізацыю адпачынку сына ці дачкі.

IMG_3373

Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Лілія Іванаўна Малашкевіч, сёлета перад юнымі жыхарамі раёна адчыняць свае дзверы 30 аздараўленчых летнікаў: 12 — кругласутачных і 18 – дзённых. У бягучым годзе плануецца аздаравіць 1460 дзяцей і падлеткаў (у мінулым – 1367). 460 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 год адпачнуць летам у “Дружбе”. Летнік ужо цалкам падрыхтаваны да адкрыцця сезону. У гэтым годзе на падрыхтоўку выхаваўча-аздараўленчай установы з абласнога бюджэту было выдаткавана звыш 21 тысячы рублёў, якія пайшлі на набыццё сантэхнікі, пасцельнай бялізны, посуду, рамонт домікаў і падключэнне сістэмы супрацьпажарнай сігналізацыі. За сродкі рэспубліканскага бюджэту (3150 рублёў) заменены вокны і дзверы ў медыцынскім пункце, адрамантавана столь абедзеннай залы. Набыццё мэблі, пральнай машыны, бойлера і мотакасы прафінансавана са сродкаў, заробленых падчас рэспубліканскага суботніка.

Каб дзіцячы адпачынак у “Дружбе” быў цікавым і змястоўным, паклапоцяцца педагагічныя калектывы гарадскіх школ. Усе чатыры змены ў летніку будуць профільнымі, працягласцю 18 дзён. Ужо 3 чэрвеня Замасцяны пачнуць прымаць сваіх наведвальнікаў. Першая змена будзе мастацка-эстэтычнага напрамку (СШ №3), другая — па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці (СШ №2), трэцяя – культуралагічная (СШ №1). Традыцыйна чацвёртая змена была аддадзена ў распараджэнне спартсменаў. У гэтым годзе ад традыцыі вырашылі адступіць. З 5 жніўня дзяцей прыме змена інтэлектуальна-творчага накірунку, якую арганізуюць педагогі гімназіі №1 горада.

Што тычыцца кошту пуцёвак, то ў “Дружбе” ён вагаецца ў залежнасці ад узроставай катэгорыі. Кошт на першую-чацвёртую змены: 6-10 год – 295 рублёў, 11-13 год – 305, 14-17 год – 320 рублёў. Ад гэтай сумы трэба адняць 175 рублёў (гэта датацыя Фонду сацыяльнага страхавання насельніцтва).

Аматараў фізічнай культуры і спорту збярэ летнік на базе ДЮСШ. У гэтым годзе адпачынак з фізкультурна-спартыўным ухілам будзе арганізаваны ў дзве змены (чэрвень і ліпень). Дзевяцідзённы спартыўна-аздараўленчы летнік адчыніцца з 1 жніўня пры СШ №3. Таксама будуць створаны спартыўныя атрады падчас работы ў гарадскіх школах летнікаў з дзённым наведваннем дзяцей.

Васемнаццацідзённы аздараўленчы летнік экалагічнай накіраванасці “Лясная акадэмія” пры Мураванаашмянкоўскім ВПК запросіць да сябе 30 дзяцей з 1 ліпеня. Жупранская школа імя Францішка Багушэвіча арганізуе адпачынак для адораных вучняў. У летнікі, разлічаныя на 18 дзён, набыццё пуцёвак праходзіць праз камісіі па аздараўленні пры калектывах арганізацый і прадпрыемстваў, дзе працуюць бацькі дзяцей.

Кругласутачны летнік для сваіх выхаванцаў будзе працаваць пры школе-інтэрнаце. Дзевяцідзённыя лагеры адчыняць дзверы пры Гальшанскай школе (гісторыка-археалагічны — “Кентаўры”і працы і адпачынку), Барунскім ВПК, СШ №1, Навасёлкаўскім ВПК (працы і адпачынку). На ваенна-патрыятычнае выхаванне будзе скіравана работа летнікаў пры СШ №1 і Цудзенішскім ВПК.

Трэба адзначыць, што на працягу года атрымаць пуцёўку ў летнік (“Дружбу”, а таксама кругласутачныя 18-дзённыя летнікі пры школах) дзеці маюць магчымасць толькі адзін раз. Двойчы аздаравіцца могуць дзеці-сіроты, дзеці са шматдзетных і няпоўных сем’яў, дзеці непрацуючых пенсіянераў.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *