Як адзначылі Сусветны Дзень здароўя ў Ашмянах

Культура

У сярэдзіне красавіка ў межах праекта «Вовлечение сообществ в продвижение здорового образа жизни» адбылося раённае мерапрыемства, прысвечанае Сусветнаму Дню здароўя. Яго арганізатарам выступіла Таварыства Беларускага Чырвонага Крыжа на чале з Аксанай Лукашэвіч.

IMG_6647

На сапраўднае свята здароўя, фізічнай культуры, творчасці і выдатнага настрою запрасілі вучняў шостых, сёмых і восьмых класаў школ горада і гімназіі №1, Гальшанскай СШ і Дакурнішскага ВПК. У фае цэнтра творчасці дзяцей і моладзі школьнікаў сустракалі супрацоўнікі раённага цэнтра культуры ў раставых касцюмах казачных герояў. Кот і Чабурашка віншавалі дзяцей са святам і запрашалі прыняць удзел у шматлікіх гульнях, спаборніцтвах, віктарынах і конкурсах. Вялікую дапамогу ў іх правядзенні аказалі валанцёры атрада «Данка» аграрна-эканамічнага каледжа і ўдзельнікі моладзевага парламента.

IMG_6651

У сценах цэнтра творчасці было шматлюдна. Кожны з гасцей мерапрыемства знайшоў занятак па душы.  Па калідорах установы разліваўся звонкі смех дзяцей, якія выйгралі памятныя прызы і сувеніры ў латарэі. У спартыўных залах  былі чутныя гучныя галасы балельшчыкаў і пераможцаў спартыўных спаборніцтваў па тэнісе, дартсе і эстафетных паядынкаў. Напоўнілася яркімі фарбамі тэрыторыя цэнтра творчасці дзяцей і моладзі — асфальт упрыгожылі рознакаляровыя малюнкі школьнікаў. Кожная «карціна» была прысвечана здароваму ладу жыцця і барацьбе з дрэннымі звычкамі.

IMG_6662

IMG_6668

Не менш цікавымі і карыснымі былі кансультацыі са спецыялістамі: псіхолагам ЦРБ Валянцінай Масілевіч, урачом тэрапеўтам Людмілай Сінкевіч і выконваючым абавязкі галоўнага ўрача цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Юрыем Ларыонавым. Наведвальнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва спецыяльна завіталі да спецыялістаў. Жанчыны з вялікім задавальненнем размаўлялі з Юрыем Ларыонавым аб здаровым харчаванні і наступствах гіпадынаміі. Школьнікі не саромеліся задаваць пытанні псіхолагу і шчыра адказваць на шматлікія тэсты. Вялікая чарга сабралася да тэрапеўта, які мераў артэрыяльны ціск.

IMG_6674

IMG_6677

IMG_6692

Час праляцеў хутка. Завяршыў мерапрыемства флэшмоб «Разам да здароўя», пасля якога дзеці выпусцілі ў неба дзясяткі рознакаляровых паветраных шароў. Адметна, што Дзень здароўя стаў для вучняў розных школ не толькі пачаткам новага сяброўства, але і скрынкай карысных парадаў, якія спатрэбяцца ў паўсядзённым жыцці.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *