У КСУП «Крэйванцы» засеяна 587 гектараў яравых зерневых і зернебабовых

События

Кожны, хто працуе на зямлі, дбае зараз аб адным — будучым ураджаі. Шмат клопатаў у аграрыяў з-за працяглых дажджоў, якія мяшаюць адсеяцца ў тэрмін. Але гэта, як паказала «нябесная канцылярыя», не адзіная перашкода. Новая навала ў выглядзе марозу апанавала земляробаў.

IMG_7201

Вось і ў КСУП «Крэйванцы» хвалююцца:

— Раніцай зямля ўмерзлая, — расказвае механізатар Мар’ян Яўгенавіч Бараноўскі, якога мы запынілі на полі ля вёскі Стульгі. — А зараз адпусціла, зрабілася каша, таму работа ідзе марудна, трэба часта спыняцца і чысціць сеялку ад зямлі, — паказвае ён на поле, у якім гразнуць нават ногі, не кажучы ўжо пра цяжкавагавую тэхніку.

IMG_7204

Такімі тэмпамі ў Мар’яна Яўгенавіча, для якога гэта ўжо 23-я вясна на крэйванцаўскіх палетках, атрымліваецца пасеяць каля 25 гектараў ячменю, яравую пшаніцу, зернебабовыя і авёс у гаспадарцы ўжо пасеялі. Цяпер застаецца спадзявацца, што мароз не пашкодзіць ні азімыя ўсходы, ні яравыя — авёс ужо ўзышоў.

Аглядаючы палеткі, галоўны аграном Вацлаў Іванавіч Яжэвіч гоніць ад сябе благія думкі, тым больш што клопатаў у гаспадарцы хапае: вядзецца ўнясенне мінеральных і арганічных угнаенняў, рыхтуецца глеба пад кукурузу і яравы рапс, працягваецца сяўба ячменю. Па дадзеных на 20 красавіка, у КСУП «Крэйванцы» пасеяна 587 гектараў яравых зерневых і зернебабовых, што складае 72 працэнты ад запланаваных плошчаў. Гэта на пяць працэнтаў больш, чым у сярэднім па раёне. Па-ранейшаму высокі тэмп паказваюць аграрыі КСУП «Ашмянскі світанак», «Гальшаны», эксперыментальнай базы «Баруны».

За якасцю сяўбы і выкананнем нормы высева, а гэта 235 кілаграмаў на гектар, на полі ля вёскі Стульгі сочыць загадчык участка, малады спецыяліст Вадзім Віктаравіч Ракаловіч. У КСУП «Крэйванцы» ён працуе другі год, стараецца ўнікаць у земляробчую справу, бо толькі тады, калі кожны будзе адказна ставіцца да сваёй працы, на нашым стале будзе хлеб.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *