У Ашмянскім краязнаўчым музеі працуе выстава «Напалеон Орда. Падарожныя замалёўкі»

Культура

IMG_6580У Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча адбылося адкрыццё выставы «Напалеон Орда. Падарожныя замалёўкі», прысвечанай выдатнаму мастаку, кампазітару, піяністу, пісьменніку Налалеону Ордзе.

У лютым споўнілася 210 год з дня нараджэння таленавітага беларуса. Творца заняў асаблівае месца сярод знакамітых грамадскіх і культурных дзеячаў не толькі Беларусі, але і ўсяго свету.

«Дух часу і раскошы». Менавіта так гэта стагоддзе ахарактарызавалі навуковыя супрацоўнікі краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча. Сапраўды, Орда жыў у цудоўны час. Трэба толькі зрабіць крок праз браму старадаўняга заросшага парку, прайсці ў глыб алеі, засяродзіць свой погляд на сілуэце палаца, невялікія вежы якога адлюстраваліся ў вадзе маленькай сажалкі, і душу запаўняюць сумныя пачуцці. Перад намі паўстаюць невялікія эпізоды жыцця, якое два стагоддзі таму віравала і напаўняла гісторыю яркімі падзеямі…

IMG_6585

Разам з супрацоўнікамі музея мы адправіліся ў неверагоднае падарожжа па жыцці заможнага шляхціца, пабывалі ў яго сядзібе, патанцавалі на балі разам з прыгажунямі, за вялікім сталом пагулялі ў салонныя гульні, якія былі папулярны ў той час. Далучыліся да такіх гульняў і госці  музейнай выставы — вучні СШ № 3 і выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў. Шарады адразу захапілі дзяцей, яны стараліся хутчэй адказаць на кожную загадку. Далей каманда дзяўчынак і каманда хлопчыкаў складалі пазлы, у якіх пасля пазналі вёску Баруны і велічны Гальшанскі замак, намаляваныя Напалеонам Ордай.

Засталіся ў далёкім мінулым войны і крывавыя паўстанні, якія не толькі забралі людскія жыцці, але і сцерлі з зямлі дваранскія сядзібы, велічныя палацы і храмы… Канешне, кола часу не раскруціць у адваротны бок, але можна яго спыніць. Так, як спыніў  яго Напалеон Орда.

IMG_6595

Мастак ездзіў па Беларусі дваццаць гадоў, за гэты час ён зрабіў каля 200 замалёвак. Ён надаў асаблівую ўвагу адлюстраванню сядзіб і памятных месцаў, звязаных з імёнамі такіх вядомых дзеячаў культуры, як Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля і многіх іншых. Шэраг малюнкаў зроблены ў Гродне, Віцебску, Мінску, Магілёве, Полацку, Пінску, Наваградку, Нясвіжы, Лідзе, Тураве, Ружанах, Крэве…  З асаблівай увагай мастак замалёўваў старажытныя замкі, многія з якіх ужо ў той час ляжалі ў руінах. У працах Напалеона Орды кожны жыхар Ашмяншчыны пазнае і гістарычныя месцы свайго краю.

Замалёўкі Орды — гэта маўклівы напамін аб былой велічы нашай краіны. Гледзячы на кожную з іх, захапляешся прыгажосцю замкаў, сядзіб, храмаў…

IMG_6605

Падчас выставы госці паглядзелі фільм аб жыцці Орды, здзейснілі віртуальнае падарожжа ў вёску Варацэвічы, дзе дзесяць год таму была адкрыта карцінная галерэя «Напалеон Орда. 200 год», паслухалі мелодыі таленавітага кампазітара.

Напрыканцы кожны з прысутных выбраў карткі, на якіх былі схаваны малюнкі героя выставы, але каб іх убачыць, неабходна было сцерці слой фарбы. Такім чынам, кожны з прысутных змог забраць з сабою часцінку творчасці Напалеона Орды, якая будзе ціхімі мелодыямі вальса нагадваць ім аб цёплай сустрэчы.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *