«Кірмаш вакансій» у Ашмянах працягвае працу

События

Сёння працаўладкаванне — актуальная і важная тэма ў краіне, таму ў раённых і абласных цэнтрах праходзяць кірмашы вакансій. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама з’яўляецца арганізатарам і куратарам гэтай дзейнасці.

Намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці Валянціна Суравец і галоўны спецыяліст Таццяна Шаблінская расказалі, што падчас кірмашоў вакансій людзі змогуць не толькі пазнаёміцца з банкам вакансій, якія адкрыты ў раёне, але і проста пагутарыць з наймальнікамі.

IMG_6760

Атрымаць больш падрабязную інфармацыю аб наяўнасці вольных працоўных месцаў у краіне, у тым ліку на тэрыторыі Ашмянскага раёна можна на партале дзяржаўнай службы занятасці — www.gsz.gov.by.

У пятніцу на сустрэчу з будучымі работнікамі, завітала вядучы спецыяліст па кадрах ААТ «Будаўнік» Тэрэса Усачова. Яна расказала, што прадпрыемства шукае наступных спецыялістаў: інжынера вытворча-тэхнічнага аддзела, геадэзіста і каменшчыкаў. Тэрэса Станіславаўна адзначыла, што навучанне будучых  работнікаў праходзіць без адрыву ад вытворчасці.

Ва ўпраўленні па працы і занятасці паведамілі, што таксама арганізавана прафесійнае навучанне беспрацоўных прафесіям, у якіх зацікаўлены наймальнікі. Сёння праходзяць навучанне дзве групы ў складзе трынаццаці і дзесяці чалавек па прафесіях цясляр-бетоншчык і вальшчык лесу.

У людзей з’явілася магчымасць зарабіць пэўныя сродкі на часовых грамадскіх працах, у працоўных брыгадах. На мінулым тыдні рабочыя выязджалі на падбор камянёў у КСУП «Кракоўка» і «Крэйванцы».

Беспрацоўным жыхарам раёна адчайвацца не варта. «Кірмашы вакансій» будуць праходзіць штотыдзень з удзелам прадстаўнікоў розных арганізацый і прадпрыемстваў.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *