Любіць Ашмяншчыну, як любіў яе Чэслаў Янкоўскі

Культура

Czesław_JankowskiАдышоў у мінулае 2016 год. Ён стаў гісторыяй, пакінуўшы пасля сябе мноства ўспамінаў. У кожнага яны свае. Гэта залежыць ад шырыні інтарэсаў, захапленняў, душэўнай напоўненасці.

Сярод іншых хочацца выдзеліць тэатралізаванае прадстаўленне «Зандажы і міражы Ашмян», прэм’ера якога адбылася ў верасні. Перад гледачамі ажывалі падзеі мінулага, ярка і вобразна паказаныя на сцэне самадзейнымі акцёрамі.

Пры састаўленні сцэнарыя былі выкарыстаны матэрыялы з кнігі Чэслава Янкоўскага «Павет Ашмянскі», а таксама ўспаміны мясцовых жыхароў.

Чатырохтомнік Ч.Янкоўскага напісаны на польскай мове. І таму кіраўнікі гэтага праекта прапанавалі мне зрабіць пераклад на беларускую мову ўступнага слова да першай часткі. Гэта работа вымагала пільнасці і дакладнасці, але працаваць было цікава. Чытаючы твор, я нанова адкрывала для сябе аўтара — слыннага чалавека, пісьменніка, гісторыка, краязнаўца, журналіста, які праславіў Ашмянскі край.

Для нас Ч.Янкоўскі — прыклад працавітасці, прагі да ведаў, любові да Бацькаўшчыны. Куды б ні закінуў яго лёс — у Вільню і Пецярбург, у Варшаву і Кракаў, — нідзе ён не забываўся пра родныя Паляны.

На той час ён атрымаў бліскучую адукацыю. Пасля Віленскай гімназіі была вучоба на філалагічным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта, а потым — на філасофскім факультэце Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Акрамя польскай і беларускай, Чэслаў валодаў рускай, нямецкай, чэшскай і французскай мовамі. Шырокім было поле дзейнасці нашага земляка, аднак для нас найбольш каштоўнай з’яўляецца яго краязнаўчая праца «Ашмянскі павет. Матэрыялы да гісторыі зямлі і людзей». Кніга напісана 120 гадоў назад, але не страціла сваёй актуальнасці і сёння. Гэта вельмі вялікая краязнаўчая праца. Чытаючы яе, заўважаем, што кожная падзея, кожны гістарычны факт суправаджаецца ссылкамі на адпаведныя крыніцы. Гэта тычыцца і генеалогіі знакамітых людзей, і мінулага населеных пунктаў, і біяграфій прадстаўнікоў культуры. Малюнкі і фотаздымкі самага разнастайнага плана: у адным выпадку гэта касцёл, царква, мячэць або сінагога, у другім — панскі двор або вясковая вуліца, у трэцім — палац або замак.

022

Апошні спачын наш зямляк знайшоў на віленскіх Росах у 1929 годзе. На магіле — абеліск з надпісам «Спачывае той, хто ніколі не меў спакою». Імем пісьменніка была названа адна з ашмянскіх вуліц, на жаль, час не пашкадаваў гэтай назвы — яна знікла. Між тым сёння ў новай забудове горада знайшлося месца і для вуліцы Янкоўскага. Большасць узгаданых у «Ашмянскім павеце» помнікаў дойлідства і архітэктуры не захавалася, яны не вытрымалі выпрабаванняў часу і загінулі ў ваенных віхурах мінулага стагоддзя або былі страчаны ў пасляваенныя гады. Толькі пажоўклыя кніжныя старонкі сёння нагадваюць аб тых падзеях і радаводных гісторыях гаспадароў.

55

Пішучы сваю працу, Чэслаў Янкоўскі марыў пра іншае. Заключныя словы аўтара «Ашмянскага павета» застаюцца актуальнымі і ў наш час. «Свяціся ты, зямля наша радзінная, прыгожая і каханая. Бласлаўлёныя тыя, хто душу і жыццё далі табе і, кладучыся ў забытыя магілы, перадалі запавет сваім прадаўжальнікам прыбліжаць да сябе любоў. Так, з сядзібы ў сядзібу, з краю ў край, з народа да народа, ад хатняга ачага да вялікіх супольных ачагоў распаўсюджваецца і разыходзіцца на ўвесь шырокі і далёкі свет, перадаецца з душы ў душу любоў, на якой, як на апоры, стаіць лепшая будучыня і жаданы трыумф асноў хрысціянства».

На жаль, да нашых дзён кніга «Ашмянскі павет» дайшла ў вельмі невялікай колькасці і знайсці яе няпроста. Вядома, што ў Польшчы плануюць працу Ч.Янкоўскага перавыдаць. Яшчэ лепш было б гэта зрабіць у Беларусі з перакладам на родную мову. Тым больш што цяпер, у XXI стагоддзі, заўважаецца цікавасць людзей да свайго радаводу, да сваіх каранёў. Ведаю многія факты, калі прыязджалі сюды людзі з блізкага і далёкага замежжа: з Польшчы і Англіі, з Фінляндыі і Галандыі, з Канады і Аўстраліі, каб пакланіцца той зямлі, дзе нарадзіліся, дзе жылі іх дзяды і прадзеды, хоць найчасцей каменя на камені не засталося на месцы іх родных фальваркаў, сядзіб, хутароў.

rty

Мы, жыхары Ашмяншчыны, можам ганарыцца, што менавіта нам праца Ч.Янкоўскага прысвячалася. Нам аўтар адрасуе сваё ўступнае слова «Маім паветнікам прысвячаю» (Чэслаў Янкоўскі, Паляны,лістапад 1895 г.):

Не для таго, каб дагадзіць уласнай амбіцыі або неўласцівай мудрагелістасці, узяўся я за гэту працу, якая пераўзыходзіць мае мізэрныя сілы і здольнасці. Я толькі рашыў скарыстаць удалы збег акалічнасцей і жыццёвых магчымасцей, якія далі мне доступ да падзейных крыніц, глыбока схаваных у напалову збуцвелых сямейных архівах маіх землякоў і суседзяў. Мне здавалася справай карыснай уратаваць ад канчатковага знішчэння некалькі фактаў, дат і прозвішчаў, якія захаваліся на пергаментах і лістах паперы, не кранутых рукой прафесійных даследчыкаў. Калі я пільна, з замілаваннем разглядаў многія рарытэты, дзе-нідзе старанна захаваныя, але найчасцей закінутыя на гарышчах у заплеснявелых скрынях, перад маімі вачыма ўваскрасалі старадаўнія падзеі, якія налічваюць некалькі стагоддзяў, звязаныя з маім родным куточкам зямлі і домам, пад дахам якога нарадзіліся мае дзяды і я сам на гэты свет з’явіўся. Па чарзе ўваскрасалі постаці, мноства якіх на працягу гадоў і стагоддзяў жыло ў нашай мясцовасці паміж Жодзішкамі і Налібоцкай пушчай, паміж каралеўскімі Меднікамі і Валожынам. Калі я глядзеў на гэтыя «аўтэнтыкі», арыгіналы, мне здавалася, што я непасрэдна дакранаюся да гістарычных падзей гэтай зямлі, адсюль я даведаўся пра людзей больш, чым з друкаваных кніг гісторыкаў.

5676

Потым я адклаў убок усё тое, што было напісана раней пра гісторыю Ашмяншчыны, сказаў сабе, што паверу толькі сапраўдным дакументам. Пачаў перапісваць, парадкаваць, групаваць сабраны сыры матэрыял. Такім чынам паўстала частка невялікая, першая частка працы, якая, калі хопіць сілы і дазволяць абставіны, ахопіць цэлы абшар Ашмянскага павета ў яго сённяшніх межах. У гэтай працы няма ніводнага факта, ніводнай даты, ніводнага прозвішча, якога я не ўзяў непасрэдна з арыгінальнага дакумента, вернутага потым уладальніку або з таго, які быў у маёй уласнасці. Тое, што той ці іншы факт, дата або прозвішча не супадаюць з думкай Балінскага, Нясецкага або каго-небудзь з супрацоўнікаў «Слоўніка геаграфічнага», не мая віна: што які факт, дата або прозвішча не адпавядае агульнапрынятай сямейнай ці суседскай традыцыі — таксама не мая віна. Справа не ў тым, каб мае даследаванні адпавядалі папярэднім даследчыкам гісторыі Ашмяншчыны і ашмянскіх людзей. Я не імкнуся паўтараць чыёсьці бачанне, толькі хацеў сціслай, шчырай, заснаванай на сапраўдным матэрыяле праўды.

err4

Ашмянскі павет, які займае прыблізна сёмую частку Віленскай губерніі, губерніі, большай на тысячу квадратных кіламетраў за цэлую Швейцарыю, мае абшары ў сто дваццаць пяць квадратных міль. Каб зашыць гэту вялізную канву, шывок за шыўком, датамі і прозвішчамі, спатрэбілася б больш за дзесяць тамоў, але на гэта не хапіла б мажлівасці, улічваючы частыя прагалы ў зруйнаваным, панішчаным, пагубляным дакументальным матэрыяле. Я быў вымушаны абмежавацца ўлікам большых пасяленняў, плошчай прыблізна да дзесяці валок, не ўпамінаючы фальваркі, засценкі і асады, за выключэннем тых, гісторыя якіх мела ў сабе асаблівую цікавасць. Чаму я ў гэтай працы не выказаў спачатку агульнага статыстычна-гістарычнага погляду на цэлы павет, але найперш звяртаюся да дэталяў, адказаць проста. Бо каб адным позіркам ахапіць цэлае, зразумець яго і ў ім зарыентавацца, трэба спачатку зразумець дэталі і асобныя часткі гэтай цэласці. Тады няхай мне будзе дазволена ў апрацоўцы гэтага матэрыялу ісці след у след за паступовасцю ўласнай работы: ад дэталяў перайсці да цэлага і толькі пасля гэтага закончыць працу агульным поглядам на павет, беручы пад увагу ў шырэйшым фармаце і яго мінулае, і ўсё тое сучаснае, што мае значэнне для маёй працы. У заключным раздзеле апошняй часткі знойдзецца значнае месца і на дадатковыя звесткі, і на статыстыку, і на тлумачэнні.

У асобным раздзеле я хацеў бы сабраць і разам апісаць падзеі шырэйшага значэння, у час якіх у Ашмянскім павеце адбыліся важнейшыя гістарычныя падзеі.

Цяпер найпільнейшым з’яўляецца імкненне спяшацца, каб уратаваць нечапаны матэрыял ад незваротнай згубы. Няхай мне будзе даравана тое, што я імкнуся аддаць у друк гэту першую невялікую частку распачатай працы. Мной кіруе самае гарачае жаданне зберагчы ад знішчэння гэты сціплы збор матэрыялаў, таксама як стымулам да пачатку гэтай працы было гарачае жаданне ўратаваць ад забыцця ўсё, што напісана на старонках гэтай кнігі. Няхай мяне не папракаюць, што я часам адступаю ад загалоўка, што не заўсёды дакладна прытрымліваюся асноўнага сюжэта, бывае, што адступаю ад тэмы, заглыбляюся ў ашмянскую рэчаіснасць і дэталі, якія нібы і не маюць сувязі з гістарычнай падзеяй, апісваю часам які-небудзь пейзаж, прыводжу для прыкладу ўрывак з дзённіка або апісанне сувеніра ці што-небудзь з этнаграфіі, нават анекдот ці характэрную дробязь. Буду рады пад вокладку гэтай кнігі і кніг, што будуць выдадзены пазней, змясціць усё, што не патрапіла пад увагу прафесійных даследчыкаў, усё тое, што ад згубы ўдасца ўратаваць, што калі не для шырокага кола, то для нас, ашмянцаў, будзе мець нейкую вагу і цікавасць.

i898Калі з часам здарыцца так, што нехта з вучоных, гісторыкаў нашых будзе шырэй разбірацца і звернецца да найдрабнейшых дэталяў у цяперашнім зборы матэрыялаў, прываблены толькі аўтэнтычнай дакладнасцю ўсяго, што тут сабрана — гэта будзе вышэйшай заслугай і ўзнагародай за шматгадовую мазольную працу.

У гэтай працы я карыстаўся толькі ў нязначнай ступені матэрыяламі друкаванымі (найменей са «Слоўніка геаграфічнага), бо там пра Ашмянскі павет змешчаны толькі скупыя драбніцы. Чытач сам лёгка знойдзе сляды тых падзей, якія я стараўся растлумачыць, якія браў з другіх рук, звязваючы пазбіраныя з розных крыніц матэрыялы.

Уся аснова першага тома абапіраецца выключна на змест старых «рарытэтыў», на аўтэнтычныя дакументы, якія знаходзяцца ва ўласнасці маёй (пр. усе дакументы, якія тычацца Солаў і сям’і Пазнякоў) або з прыемнасцю дадзеныя мне. У чарговы раз карыстаўся арыгінальнымі рукапісамі, якія цяпер захоўваюцца ў Кушлянах, у Свілуўцы, у архівах касцёла Гальшанскага, Пашкішках, Болтупе, Рамейкішках, Табарышках (збор незвычайна вялікі і старанна захаваны), Яхімаўшчыне, Бянюнах, Доржах, Навасёлках, Кушлянах, Бярвенцішках, Дзяраках, Беніцы. У тым ці іншым двары знаходзіліся дакументы пра паселішчы, адкінутыя далёка, якія раней былі адным цэлым; знайшліся дакументы незразумелым для мяне збегам акалічнасцей, заблуканыя далёка ад месцаў, да якіх адносяцца (н. паперы Граўжышскія). Цытаваць аднолькава паходжанне кожнай звесткі было б нецікава, я мусіў абмежавацца матэрыяламі з найвышэйшых крыніц.

Усім, хто пры напісанні гэтага тома ласкава і ахвотна мне дапамагалі, а асабліва пані Марыі Скарбэк-Важыньскай, п. Уладзіславу Скарбэк-Важыньскаму, Яну Адынцу, Адаму Чаплінскаму, Канстанціну Швыкоўскаму, Адаму Сальмановічу, Казіміру Падэрню, Баляславу Русецкаму, Андрэю Падбярэзкаму, Казіміру Шафнаглову, Рафалу і Станіславу Паплаўскім, Генрыку Карчэўскаму, Эдварду Чарняку, Антону Юргянсону, Эдварду і Фердынанду Рушчыцам, Францішку Адынцу, Юліюшу Гану, Уладзіславу Хандынскаму складаю шчырую сардэчную ўдзячнасць.

Пераклад з польскай Ядзвігі ЧАПЛІНСКАЙ, Вайшнарышкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *