Напярэдадні Вялікадня ў Ашмянах прайшла дабрачынная выстава-кірмаш

Культура

Напярэдадні вялікага свята Вялікадня прайшла дабрачынная выстава-кірмаш “Вялікдзень: час дабра!” у падтрымку ашмянца Ягора Кумпіцкага. Дзесяцігадоваму хлопчыку  патрэбна дарагое лячэнне за мяжой — у хлопчыка злаякасная пухліна галаўнога мозгу 4-й ступені. Зараз Ягор знаходзіцца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі. Беларускія лекары робяць усё магчымае, каб прыпыніць страшную хваробу…

IMG_5775222

У выставе прынялі ўдзел вучні і настаўнікі СШ № 2 і № 3, а таксама выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Пляцоўка раённага цэнтра культуры стала невялічкім кірмашом, дзе панавала атмасфера творчасці, цеплыні і дабрыні.

Праходзячы побач з яркімі і прыгожымі сувенірамі, людзі спыняліся і ўважліва разглядалі кожны выраб майстроў. Цудоўныя зайцы з тканіны, галоўны сімвал Вялікадня – яйкі, аздобленыя рознымі ўпрыгожваннямі, вербы з прыродных матэрыялаў, магніты, кошыкі, мяккія цацкі, самаробнае мыла…

Пачэснае месца сярод рэчаў занялі вырабы майстроў цэнтра творчасці Наталлі Ромаш, Наталлі Шыдлоўскай, Алесі Гарлуковіч, Ірыны Юнашка, Наталлі Вайцяхоўскай і іх выхаванцаў. Людзі з вялікім задавальненнем набывалі мяккія цацкі, якія весела “глядзелі” на іх і “ўсміхаліся”, куплялі кошыкі, з якімі адправяцца на святую імшу ў суботу. Калі ашмянцы даведваліся, што выстава дабрачынная, то стараліся набыць як мага больш рэчаў, сагрэтых рукамі майстроў.

IMG_5778

Самай шматлюднай была дэлегацыя арганізатараў дабрачыннасці – аднакласнікаў   Ягора Кумпіцкага. Вучні 4 “Б” класа СШ № 3 прыйшлі з галоўным натхняльнікам, класным кіраўніком Людмілай Францаўнай Багдановіч. На ўроках яны разам стварылі пасхальныя кошыкі, зрабілі незвычайныя вербы, якія ўпрыгожаць людскія дамы і зберагуць ад няшчасцяў.

Каб прывабіць увагу людзей на пляцоўку перад раённым цэнтрам культуры прыйшлі юныя гітарысты Захар і Мірон Каржовы, якія напоўнілі вуліцу лірычнымі мелодыямі.

 Не застаўся ў баку ад дабрачыннай акцыі і бацькоўскі камітэт, які таксама спецыяльна для выставы перадаў мноства самаробных вырабаў. Дзякуючы Яне Макарскай, Таццяне Будзько, Ганне Шукяловіч, Алесі Кеда, Таццяне Шыдлоўскай, Алене Каржовай і іншым матулям, выстава напоўнілася аўтарскімі рэчамі.

IMG_5780

Дарэчы, гэта не першая добрая справа аднакласнікаў Ягора Кумпіцкага. Разам з класным кіраўніком яны выстаўлялі свае вырабы на дабрачынным канцэрце Івана Валадзько і Валерыя Готкі, стварылі міні-кірмаш на тэрыторыі касцёла… Разам з неабыякавымі людзьмі, бацькамі і настаўнікамі яны робяць нешта большае, чым проста дабрачынны кірмаш. Маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі вучаць людзей быць лепшымі, чым яны ёсць, вучаць іх усміхацца і дапамагаць адзін аднаму.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *