У Ашмянскім раёне засеяна 38 працэнтаў палеткаў

События

Красавік. З кожным днём вясна ўсё больш убіраецца ў сілу. Адчуваюць гэта і птушкі, і расліны, якія ўсё смялей падымаюць свае кволыя галоўкі і цягнуцца да сонца. Пара прыспешвае аграрыяў — самы час сяўбы.

556

Трэба паспець справіцца ў тэрмін, бо менавіта ад іх руплівасці ў многім залежыць будучы ўраджай.

Па дадзеных райсельгасхарчу, на 11 красавіка ў раёне пасеяна 3648 гектараў яравых зерневых і зернебабовых, што складае 38 працэнтаў ад плана. Хуткімі тэмпамі сяўба ідзе ў КСУП «Ашмянскі світанак». Тут ужо засеяна 77 працэнтаў плошчаў. Трэці тыдзень шчыруе на полі Аляксандр Андрэевіч Зыковіч. Кожны дзень, не зважаючы на святы і выхадныя, у сем гадзін раніцы ён ужо сее. Апошняе зернейка апускаецца ў свежую раллю вечарам, калі сонейка коціцца за небасхіл.

IMG_6548

Ясным вясновым днём мы адшукалі Аляксандра Зыковіча па слупе пылу, які пакідаў за сабой яго надзейны сябар — МТЗ-3022 — на полі каля Павяж. Вопытны механізатар — Аляксандр Андрэевіч працуе ў «Ашмянскім світанку» ўжо трынаццаты год — сеяў пшаніцу. Спорнае насенне аўса ў гэтай гаспадарцы ўжо запраўлена ў глебу на 50 гектарах. Штодня Аляксандр Зыковіч адольвае 40 — 45 гектараў. Разам з ім шчыруюць на палетках памочнік і вадзіцель, які своечасова падвозіць зерне.

— Сёлета, акрамя свайго насення, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Віктар Зянонавіч Міхалоўскі, — выкарыстоўваем элітныя гатункі пшаніцы, ячменю і аўса. Калі будзе спрыяць надвор’е і ўдасца пазбегнуць прыкрых паломак, — адзначае ён, — на гэтым тыдні сяўбу пшаніцы і ячменю павінны скончыць.

Аднак адпачываць земляробам не прыходзіцца. Работа на вясновых палетках не спыняецца ні на дзень: ідзе падборка камянёў, працягваецца сяўба зернебабовых, у асобных гаспадарках прыступілі да сяўбы цукровых буракоў, а там, глядзіш, настане пара і для царыцы палёў — кукурузы. Толькі і глядзі — паспявай!

Спрыяльнага вам надвор’я, шаноўныя землякі!

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *