У Ашмянах адбыўся канцэрт музыканта Ігара Квашэвіча

Культура

Ашмяны сталі 64-м па ліку горадам краіны, у якім адбыўся канцэрт «залатога акардэона» Беларусі Ігара Квашэвіча. Музычна-асветніцкі проект «Беларусь-тур», арганізаваны Міністэрствам культуры, Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Белая Русь» і Асацыяцыяй беларускіх баяністаў і акардэаністаў, уключае наведванне 120 гарадоў Беларусі, у якіх музыкант-віртуоз праводзіць майстар-класы ў мясцовых дзіцячых школах мастацтваў і ладзіць канцэрты для жыхароў.

IMG_5760

Ігар Квашэвічуладальнік мноства ўзнагарод і тытулаў, лаўрэат Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пераможца Вышэйшай лігі мэтраў сусветнага акардэона, кампазітар і выканаўца ўласных песень. Пасля канцэрта, які прайшоў у раённым цэнтры культуры, мы папрасілі майстра падзяліцца ўражаннямі ад наведвання Ашмян.

— Ваша знаёмства з музыкай адбывалася менавіта праз баян: у чатырохгадовым узросце вы ўжо падбіралі мелодыі на слух. Затым бацькі адвялі вас у музыкальную школу, дзе вы прадоўжылі асвойваць музычны інструмент. Як атрымалася, што вы «здрадзілі» баяну?

— Так склалася, што напачатку я нават не задумваўся наконт інструмента. Музыка давалася мне лёгка, і я з задавальненнем іграў на баяне. Калі падрос, «захварэў» футболам. Гэта захапленне выйшла на першы план. Я нават іграў за юнацкую зборную Брэсцкай вобласці. У музыкальную школу хадзіў з бутсамі ў заплечніку. Здаралася, што нават прагульваў заняткі музыкі, накіроўваючыся напрамую на стадыён. Аднак у 12 год усё памянялася. Старэйшы брат Сяргей завёў мяне на канцэрт маладых выканаўцаў, дзе выступаў таленавіты акардэаніст з Брэста Аляксандр Пылік. Як віртуозна ён іграў! Той канцэрт стаў для мяне сапраўдным адкрыццём. Аказалася, што на акардэоне можна выконваць не толькі народныя кампазіцыі, але і іграць Баха, Моцарта, Чайкоўскага, сучасныя мелодыі. Пасля таго канцэрта ў Івацэвічах я цвёрда рашыў, што буду займацца музыкай і іграць так, як мой кумір.

— Якой была ваша дарога да ажыццяўлення запаветнай мары?

— Я на выдатна скончыў мясцовую, Целяханскую школу мастацтваў, затым Баранавіцкае вучылішча, а ў 2003 годзе з чырвоным дыпломам Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Даў не адну сотню сольных канцэртаў у Беларусі і за мяжой. Зараз вучуся ў магістратуры Мюнхенскага ўніверсітэта музыкі і тэатра.

— Мэтай праекта «Беларусь-тур», з якім вы з мінулай восені гастралюеце па краіне, з’яўляецца выхаванне ў падрастаючага пакалення мастацкага густу, маральных і эстэтычных пачуццяў — любові да Радзімы, павагі да яе гісторыі і духоўных традыцый, гонару за дасягненні айчыннага музычнага мастацтва. Падчас наведвання гарадоў вы праводзіце майстар-класы для дзяцей. Як вы лічыце, у нас шмат таленавітых дзяцей?

— Вы ведаеце, беларусы часам скептычна ставяцца да свайго, айчыннага. Лічаць, што ва ўсім мы саступаем замежнаму, у нас горшыя ўмовы для развіцця здольнасцей. Між тым, я ўпэўнены, што ў Беларусі ёсць цудоўныя магчымасці праявіць сябе, раскрыць свой патэнцыял. Узяць хаця б мастацтва. Наша сістэма адукацыі «школа — вучылішча — ВНУ, закладзеная яшчэ ў савецкі час, любой дасць фору. Па якасці складана знайсці аналагічную ў свеце. Я два гады пражыў у Германіі, зараз вучуся ў магістратуры Мінхенскага ўніверсітэта музыкі і тэатра і, паверце, мне ёсць з чым параўноўваць.

Нашы дзеці іграюць кампазіцыі на памяць. Сёння я сустракаўся ў вашай школе з юным музыкантам Максімам. Ён нават і не ведаў, што яго чакае, аднак не разгубіўся, быў гатовы паказаць сваё майстэрства: сыграў экспромтам упэўнена і чыста.

Сёння беларуская школа баяна і акардэона атрымала прызванне ва ўсім свеце, і хочацца, каб і далей яна не губляла дасягнутых пазіцый. У нас ёсць таленавітыя музыканты, у тым ліку і дзеці, якія будуць захоўваць традыцыі папярэдніх пакаленняў.

Заключным этапам нашага праекта стане Гала-канцэрт у Мінску, у якім прымуць удзел і творчыя надзеі нашай краіны, адкрытыя падчас такіх вось візітаў у школы мастацтваў.

-Што неабходна, каб дасягнуць такой вяршыні, якую пакарылі вы? Ці кожнае дзіця можна навучыць дасканала іграць?

— Вялікі кампазітар неяк сказаў, што талент — гэта дзесяць працэнтаў адоранасці, усё астатняе — гэта праца. Як тут не пагодзішся з геніем! У мастацтве нельга дасягнуць ідэалу, аднак імкнуцца да яго трэба пастаянна, неабходна развівацца. Пакуль мы развіваемся, мы жывём. Каб падняцца на пэўную вышыню, перш за ўсё патрэбна любоў да таго, чым ты займаешся, любоў да людзей, задавальненне ад сустрэч з імі, ад таго, што нас акружае.

Усім жыхарам Ашмянскага краю напярэдадні светлага свята Вялікадня хачу пажадаць міру і дабра, веры ў лепшае. Маленькім талентам жадаю быць настырнымі ў дасягненні пастаўленай мэты і цвёрда верыць у тое, што задумалі.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *