Народнаму драматычнаму тэатру — 70 год

Культура

Кажуць, тэатр пачынаецца з вешалкі, але з гэтым выказваннем можна паспрачацца. На мой погляд, тэатр пачынаецца з вялікай драўлянай сцэны, на якой пражываюць непаўторныя імгненні таленавітыя артысты, а таксама з глядацкай залы, дзе на тварах сведак пастаноўкі адна за адной змяняюцца эмоцыі…

Разам з рэжысёрам народнага драматычнага тэатра раённага цэнтра культуры Людмілай Спірыдонавай мы гартаем старонкі летапісу творчага калектыву. У руках Людмілы Васільеўны публікацыі з раённай газеты і абласных выданняў, звесткі з беларускай энцыклапедыі, шматлікія станоўчыя рэцэнзіі і водгукі адданых гледачоў і проста аматараў тэатра.

«Новыя прыгоды Несцеркі»

Семдзесят гадоў плённай творчай працы народнага драматычнага тэатра праляцелі як адно імгненне. За гэты час змянілася не адно пакаленне артыстаў і гледачоў, не адзін дзясятак п’ес…

Пісаць старонкі творчай біяграфіі пачаў рэжысёр Арсенцій Фамін, дзякуючы якому ў рэпертуары артыстаў з’явілася больш за трыццаць пастановак. Напэўна, самай важнай падзеяй у жыцці творчай суполкі стала прысваенне звання «народны» ў 1959 годзе за спектакль па п’есе Уладзіміра Пістоленкі «Аб асабістым». За сем дзясяткаў гадоў важкі ўклад у развіццё тэатра ўнеслі рэжысёры, якія змаглі напоўніць кожны дзень яго існавання яркімі і насычанымі момантамі, якія не сцерці з памяці не толькі артыстаў, але і гледачоў. Для аматараў народнага тэатра імёны Арсенція Фаміна, Пятра Дакукі, Івана Сіднева, Аляксандра Міхеенкі, Аляксандра Спірыдонава, Валерыя Піхтулава, Алены Курневіч і Людмілы Спірыдонавай атаясамліваюцца са сцэнай, за кулісамі якой — багаты рэпертуар, таленавітыя артысты і шчырыя гледачы.

На беларускім і літоўскім тэлебачанні былі паказаны спектаклі «Паўлінка» Янкі Купалы, «Святы і грэшны» Міхаіла Варфаламеева і «Трыбунал» Андрэя Макаёнка. На абласных і рэспубліканскіх аглядах народнай творчасці  і фестывалях тэатр заўсёды атрымліваў высокую адзнаку і прызнанне публікі. У той час часта гастраліраваў  па розных гарадах і мястэчках.

Спектакль «Святы і грэшны». 1982 год

За апошнія гады пад кіраўніцтвам Людмілы Спірыдонавай на сцэне раённага цэнтра культуры было пастаўлена мноства новых твораў — ад класічных да сучасных. Асабліва гледачам запомніліся «Лакейскія гульні» Эміля Брагінскага, «Прымакі» Янкі Купалы, «Незваный гость» Святланы Бартаховай, «Дом Бернарды Альбы» Гарсіі Лоркі…

Сёння пасля доўгага працоўнага дня спяшаюцца на сустрэчу з чароўным самадзейныя артысты народнага драматычнага тэатра: Андрэй Кузьменка, Людміла Ермакова, Яўгеній Астрамовіч, Вячаслаў Янкоўскі, Святлана Брадоўская, Нэла Баркоўская, Наталля Гардзей, Ларыса Жылік і іншыя. Апантаны рэжысёр з кожным годам адкрывае новыя імёны — нядаўна да дружнай сям’і артыстаў далучыўся сын Андрэя Кузьменкі Дзяніс.

40 год тэатру

Людміла Васільеўна добра ведае характары сваіх артыстаў, таму і ролі падбірае ім тыя, якія лепш падыходзяць. Нягледзячы на тое, што на рэпетыцыі прыходзяць людзі розных прафесій, рэжысёр упэўнена, што на сцэне яны перш за ўсё артысты, таму і стаўленне да іх сур’ёзнае і патрабавальнае. Рэпетыцыі праходзяць пасля працоўнага дня некалькі разоў на тыдзень, але гэта зусім не палохае людзей, якія раскрываюць свае здольнасці і здзяйсняюць мары на вялікай сцэне, вучацца адчуваць настрой адзін аднаго, разумець імкненні і жаданні, дзеляцца думкамі і поглядамі…

Сваё сямідзесяцігоддзе трупа народнага драматычнага тэатра разам са сваім рэжысёрам Людмілай Спірыдонавай сустрэне на сцэне раённага цэнтра культуры.  26 сакавіка а 17 гадзіне адбудзецца юбілейны вечар, падчас якога разам з гледачамі яны адправяцца ў вялікае падарожжа па гісторыі тэатра, успомняць імёны рэжысёраў і артыстаў, якія самааддана працавалі ў творчай сферы. Канешне ж, успомняць і тых, чыя зорка на нябёсах згасла, але добрыя ўспаміны працягваюць асвятляць шлях сучаснікаў.

Сённяшнія артысты збяруцца ў зале ў поўным складзе. Яны абавязкова будуць гаварыць аб тэатральных пастаноўках і з усмешкамі на тварах успамінаць свае першыя ролі, пасля якіх не змаглі пакінуць творчае асяроддзе.

3y5cxzDxzRw

Дзень нараджэння тэатра пройдзе ва ўтульнай і цёплай атмасферы — у коле сяброў і ўдзячных гледачоў. Падчас імпрэзы прысутных чакае анонс новай гістарычнай драмы «Чорная панна Нясвіжа» Аляксея Дударава. П’еса прысвечана літоўскай прыгажуні Барбары Радзівіл, якая памерла праз паўгода пасля сваёй каранацыі. Рэпетыцыі, чарговы паўтор сваёй ролі, касцюмы і дэкарацыі — і вось на сцэне Яўгеній Астрамовіч, Андрэй і Дзяніс Кузьменкі, Вольга Барысенка, Наталля Ягела і Людміла Расіцан. Дарэчы, паўнавартасная прэм’ера «Чорнай панны Нясвіжа» адбудзецца напрыканцы красавіка.

Людміла Спірыдонава ўпэўнена, што пакуль самадзейныя артысты маюць жаданне выходзіць на сцэну, іх вочы гараць,   будзе існаваць народны драматычны тэатр. Прыкладаў  для пераймання дастаткова  — пакаленне артыстаў мінулых гадоў, якія дарылі людзям радасць, падымалі настрой, пражывалі жыццё сваіх герояў на сцэне… Але галоўная адзнака працы сённяшніх творцаў — шчаслівыя вочы ашмянцаў, дзеля якіх яны зноў і зноў будуць выходзіць на вялікую сцэну.

Кацярына РУДЗІК.



2 комментария по теме “Народнаму драматычнаму тэатру — 70 год

  1. По необъяснимым причинам в статью закрались неточности. Лариса Жылик не играет в новом спектакле. Участие принимает опытная актриса — Борисенко Ольга. А также, вместо неизвестной многим (в том числе и мне) Людмилы Специан в спектакле гармонично сыграет Людмила Росицан. Очень будем рады всем жителям города, района и гостям на торжестве юбилея и на премьере нового спектакля, которая не заставит себя ждать.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *