У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адкрылася выстава швейцарскага фатографа

Культура

Напрыканцы лютага ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылося адкрыццё выставы швейцарскага фатографа Стэфана Маурэра, прымеркаванай да 150-годдзя Швейцарскага Чырвонага Крыжа.

IMG_0845

Сёння тут сабраліся неабыякавыя людзі — прадстаўнікі раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, валанцёры, сёстры міласэрнасці, супрацоўнікі і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, а таксама падапечныя аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў.

IMG_0805

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Аксана Лукашэвіч расказала ўсім прысутным аб дзейнасці міжнароднай арганізацыі, аб мэтах і задачах, якія яна ставіць. Гасцям сустрэчы было цікава даведацца аб заснавальніку руху Чырвонага Крыжа Анры Дзюнану, аб стратэгічных накірунках арганізацыі і аб тым, як яна з’явілася ў Беларусі.

IMG_0808

Асаблівую ўвагу Аксана Лукашэвіч спыніла на дзейнасці раённай арганізацыі і падкрэсліла, што раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа цесна супрацоўнічае з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

— Уся праца арганізацыі Чырвонага Крыжа ляжыць на плячах Аксаны Францаўны Лукашэвіч і медыцынскай сястры Людмілы Баляславаўны Бароўскай, — адзначае дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лілія Невяркевіч. — Але ім дапамагаюць валанцёры, якія падтрымліваюць пажылых людзей, спачуваюць ім і адыгрываюць не апошнюю ролю ў іх лёсе.

IMG_0812

Нягледзячы на тое, што пажылыя валанцёры і самі ўжо даўно на заслужаным адпачынку, яны стараюцца дапамагаць людзям старэйшага ўзросту. Яны дапамагаюць па гаспадарцы, набываюць у аптэцы лекі, прыбіраюць, аказваюць псіхалагічную дапамогу, выконваюць медыцынскія працэдуры. Валанцёры віншуюць сваіх падапечных са святамі, дораць сувеніры, арганізоўваюць канцэрты. Стараюцца як мага часцей наведваць падапечных аддзялення кругласутачнага знаходжання пажылых людзей у Жупранах. Дарэчы, часта такім людзям нічога не трэба, акрамя ўвагі і клопату, якімі шчыра дзеляцца сёстры міласэрнасці.

Увазе гасцей была прадстаўлена мультымедыйная прэзентацыя з фотаздымкамі, на якіх былі адлюстраваны добрыя справы валанцёраў, іх клопат за цяжкімі хворымі, уборка занядбаных магіл, адкрыццё шахматна-шашачнага клуба і сацыяльнай парыкмахерскай, заняткі з вучнямі школы-інтэрната.

Адна з такіх спагадлівых, цікавых жанчын, якая аддае большасць часу людзям і вядзе актыўны лад жыцця,  — валанцёр, сястра міласэрнасці Ганна Грышан. Ганна Фёдараўна расказала ўсім прысутным аб працы з Чырвоным Крыжом, аб праектах, якія разам з аднадумцамі, яны ўжо рэалізавалі.

IMG_0841

Словы Ганны Грышан падмацавалі аглядам фотавыставы швейцарца Стэфана Маурэра. Яго фотаздымкі адлюстроўваюць дзейнасць Чырвонага Крыжа ў Беларусі.

Стваральнік выставы ўпэўнены, што трэці ўзрост — гэта час для сябе і любімай справы, для таго, каб адчуваць сябе патрэбным, прымаць дапамогу ад людзей і дапамагаць іншым. Таму з фотаздымкаў на нас глядзяць шчырыя вочы нашых бабуляў і дзядуляў, якія выпраменьваюць радасць і дабрыню. Мяккія, пяшчотныя рукі валанцёраў абдымаюць сваіх падапечных і падтрымліваюць у цяжкую хвіліну жыцця, дапамагаюць спраўдзіць тое, што не атрымоўвалася раней. Гледзячы на пажылых людзей, якія радуюцца кожнаму дню, займаюцца любімымі справамі, разумееш, што трэба берагчы кожную хвіліну, якая россыпам падзей дорыць нам важныя моманты жыцця…

 У аб’ектыў фатографа трапілі і нашыя валанцёры ініцыятыўнай групы «Сувязь пакаленняў», сястра міласэрнасці Людміла Бароўская і яе падапечныя. Прыемна ўсведамляць, што любоў і спагада пасяліліся не толькі на фотаздымках Стэфана Маурэра, але і ў нашых сэрцах. Валанцёры з радасцю дораць сваім падапечным міласэрнасць і добразычлівасць, якія ўсё часцей становяцца спадарожнікамі ў паўсядзённым жыцці.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *