З фестывалю праваслаўных песнапенняў ашмянскія выканаўцы вярнуліся з дыпломамі лаўрэатаў

Культура

Ашмянская школа мастацтваў даўно стала другім домам для таленавітых дзяцей. Для юных зорачак  гэта прытулак, дзе пануюць творчасць, сяброўства і цуды. Нібы скарбніцу, трэба прыадчыніць дзверы ўстановы, каб захіснулі прыгожыя песні і таленавітыя спевы. З музычных класаў даносяцца чароўныя мелодыі, рэхам адклікаюцца ў тых, хто пройдзе па калідорах. Але сёння мелодыі змяшаліся з прыемным пахам хатняга печыва…

DSCI0227

У класе харавых дысцыплін выкладчык Ганна Эдуардаўна Буйко рыхтавала не звычайны ўрок, а сяброўскую сустрэчу юных вакалістаў. За кубкам гарбаты з хатнімі ласункамі, прыгатаванымі настаўнікам, яны будуць абмяркоўваць паспяховае выступленне ў Лідзе і выбіраць конкурсы, на якія хутка адправяцца.

Ужо пяты раз выхаванцы Ганны Буйко прымаюць удзел у епархіяльным фестывалі праваслаўных песнапенняў «Слава на вышынях Богу», які праходзіць у Лідзе. Кожны год юныя вакалісты атрымліваюць высокую адзнаку журы  і гасцей фестывалю. Гэты год не выключэнне – выхаванцы вярнуліся дадому з дыпломамі лаўрэатаў.

Фото-0689

Упершыню на конкурсе выступіў дуэт другакласніц Ульяны Зянкевіч і Яны Стэфаноўскай. Дзяўчынкі паспяхова прайшлі рэгіянальны адборачны этап, дзе спаборнічалі з выканаўцамі з Астраўца і Смаргоні. Нягледзячы на тое,  што гэта першае вялікае выступленне, яны доўга рыхтаваліся і вучыліся сцэнічнаму майстэрству. Хараство двухгалосся дзяўчынак і майстэрская ігра на фартэпіяна канцэртмайстра Ганны Валер’еўны Мацкевіч не пакінулі нікога раўнадушным.

Пакарылі вяршыні лідскага фестывалю яшчэ адныя выхаванцы Ганны Эдуардаўны – узорны хор “Сугучча”. Натхнёна, упэўнена і гарманічна выканалі вучні складаныя творы а capellа.

Сёння  хор “Сугучча” выходзіць на сцэну ў складзе трынаццаці чалавек. Напаўняюць музычныя кампазіцыі меладычнасцю голаса дзяўчынкі Аліна Айвазоўская, Вікторыя Барадаўка, Ілона Корзан, Сняжана Акулевіч, Яна Асмольская, Вераніка Прыгодская, Валерыя Сарумянц, Анастасія Сямёнава і Лізавета Яцукевіч, а таксама самыя юныя ўдзельніцы калектыву – Анастасія Голуб і Наталля Яцэвіч. Самая адказная місія у двух вакалістаў, якія спяваюць барытонам, – Алега Буйко і Уладзіміра Гіруця.

Нязменнымі ў калектыве застаюцца традыцыі. Па дарозе ў Ліду ніхто з дзяцей не сачыў за тым, як змяняюцца краявіды за акном, а разам з кіраўніком калектыву спяваў сваю партыю. А вяртаючыся дамоў з дыпломамі лаўрэатаў, спявалі песні пад акампанемент гітары Алега Буйко. Сапраўды, размаўляючы з гэтымі людзьмі, разумееш, што іх галоўная традыцыя – перамагаць!

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *