Гісторык, краязнаўца, даследчык. Сёлета Эдуарду Корзуну магло споўніцца восемдзесят пяць год

Культура

Рисунок1Імкліва бяжыць час. Толькі ў далёкіх закутках памяці захоўваюцца светлыя і цёплыя ўспаміны аб людзях, якія навучылі нас быць лепшымі; аб людзях, якія навучылі нас цаніць жыццё; аб людзях, якія рана пайшлі з жыцця…

Сёлета нашаму земляку, педагогу, краязнаўцу, даследчыку Эдуарду Сямёнавічу Корзуну магло споўніцца восемдзесят пяць год.

З гэтай нагоды ў сярэдзіне лютага для навучэнцаў аграрна-эканамічнага каледжа ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло мерапрыемства «Даследчык гальшанскага краю». Вядучыя Святлана Галінская і Вольга Швец пазнаёмілі ўсіх прысутных з людзьмі, чый лёс  звязаны з краязнаўствам нашага рэгіёна — Аляксандрам Каранеўскім, Валянцінай Лабунінай, а таксама разам з гасцямі кніжнага храма прайшлі жыццёвымі дарогамі Эдуарда Корзуна.

Навучэнцы з цікавасцю слухалі аповед пра чалавека, які амаль сорак гадоў прысвяціў краязнаўству, а яго цікавасць да гісторыі краю і Гальшан і цяпер знаходзіць водгукі ў сэрцах вучняў і настаўнікаў Гальшанскай сярэдняй школы. Эдуард Корзун быў чалавекам неардынарным і апантаным. Ён аб’ехаў з экскурсіямі не толькі Беларусь, але наведаў розныя гарады былога саюза. Дарэчы, Святлана Галінская — вучаніца Эдуарда Сямёнавіча, падзялілася ўспамінамі аб сваім настаўніку, расказала аб цікавых раскопках на замчышчы, экспедыцыях і экскурсіях па гістарычных мясцінах.

Пасля сябе ён пакінуў вялікую памяць — народны гісторыка-краязнаўчы музей, які з 2002 года носіць імя яго заснавальніка. Эдуард Сямёнавіч ведаў, што яго справа будзе існаваць, бо патрэбна яна нашчадкам і ўсім тым, хто будзе жыць пасля нас. Сваім вучням гісторык гаварыў:  «Не ведаючы гісторыі роднага народа, нельга зразумець яго сённяшні дзень, нельга прадбачыць будучае».

Сёння справу Эдуарда Сямёнавіча працягвае яго жонка Яніна Іванаўна, якая беражліва захоўвае багатую спадчыну гальшанскага краю і памнажае справу мужа, праводзіць экскурсіі, а таксама рыхтуе экскурсаводаў. Падчас сустрэчы быў паказаны відэазапіс правядзення экскурсіі па залах школьнага музея. Віртуальна юныя экскурсаводы расказалі  аб заснаванні Гальшан, пазнаёмілі з  гісторыяй мястэчка і  вядомымі землякамі.

Аповед бібліятэкараў суправаджаўся прэзентацыяй «Пакінуў добры след», а напрыканцы мерапрыемства супрацоўнікі ўстановы правялі агляд кніжнай выставы «Настаўнік. Краязнаўца. Даследчык». Сярод выданняў — краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2017 год і брашура з рэкамендацыйным спісам літаратуры да 85-годдзя Э. Корзуна, падрыхтаваныя супрацоўнікамі бібліятэкі, кніга Пятра Шаколы «Каб мог бы я спыніць імгненне», дзе змешчаны верш, прысвечаны Эдуарду Корзуну. У цэнтры выставы —  кніга краязнаўцы «Гальшаны» і шматлікія артыкулы на краязнаўчыя і выхаваўчыя тэмы. Пачэснае месца займаюць «Энцыклапедыя Беларусі» (т.5), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (т.2), кніга «Памяць» (Ашмянскі раён), шэраг зборнікаў і часопісаў, дзе змешчаны матэрыялы аб вядомым гісторыку.

Эдуард Сямёнавіч шмат рабіў для адраджэння невядомых і паўзабытых старонак у гісторыі краю. Аднак самае важнае яго дасягненне, найвялікшая ўзнагарода — гэта людская памяць і добрыя словы, што і сёння гучаць ад тых, хто наведвае музей, ад аднавяскоўцаў і ўсіх тых, з кім ён быў калісьці знаёмы.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *