Герб князёў Гальшанскіх. Адкуль ён?

Культура

Былая Маладзечанская вобласць у прыблізных межах да 1954 года складае досыць арганічны рэгіён і многімі ў такой якасці ўспрымаецца. Аднак, здаецца, не мае прыроджанай сімволікі. З гістарычных тэрытарыяльных адзінак яна найбольш перагукаецца, бадай, з Ашмянскім паветам ВКЛ.

Але нават калі не зважаць на геаграфічныя несупадзенні, у таго павета ўсё адно не было адметнага герба. Харугва, калі верыць “Апісанню абедзвюх Сарматый”, рознілася ад ваяводскай адно колькасцю хвастоў.
Пры абмеркаванні магчымай сімволікі для рэгіёна цяжка не вяртацца думкай да Кітаўруса, кентаўра Гальшанскіх князёў. Паспрабую прадставіць кароткую апалогію гэтай ідэі, якая наведвала, імаверна, досыць многіх.

Антычнае паходжанне

Пачнём з таго, адкуль гэты герб бярэцца. Складзеная ў пачатку 16 стагоддзя хроніка прыпісала Кітаўрусу старажытнарымскае паходжанне і сувязь з першымі вялікімі князямі Літвы. Гэта легенда мела поспех і паспрыяла распаўсюджанню герба. Напрыклад, ім сталі карыстацца Гедройцы, якія да таго ўжывалі герб “Ружа”.

Але ў папярэднім, 15 стагоддзі Кітаўрусам карыстаўся, гледзячы па ўсім, толькі адзін род – князі Гальшанскія.

Найчасцей лічыцца, што праслаўленню герба ў легендзе паспрыяў іх сваяк – уплывовы ўраднік Ольбрахт Гаштаўт, сын гальшанскай княжны. Першымі, хто стаў змяшчаць на пячатках кентаўра яшчэ за часамі Вітаўта, былі сыны Івана Альгімонтавіча – князі Сямён і Міхаіл Гальшанскія. Іх бацька меў на пячатцы іншую выяву – чалавечую постаць. Адкуль сыны ўзялі таго кентаўра, адгадаць цяжка.

Фота kareta-petergof.ru.

Фота kareta-petergof.ru.

Вобраз гэты родам з антычнасці, яго аднолькава лёгка знайсці ў сярэднявечным мастацтве як заходнееўрапейскіх краёў, так і, напрыклад, Ноўгарада ці Пскова. Пэўны час Гальшанскія, відаць, лічылі сваёю эмблемай кентаўра ўвогуле: на трох найстарэйшых выявах у кентаўраў розніцца і выгляд, і зброя.

Пазней замацаваўся звыклы нам варыянт: кентаўр цэліць з лука ў змяю, што расце з ягонага ўласнага хваста.

Ад 16 стагоддзя захавалася каляровая выява, герб біскупа Паўла Гальшанскага ў геральдычным рукапісе Stemmata Polonica: у блакітым полі кентаўр на зялёным узгорку. Рукапіс гэты цяпер захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі (нумар 1 114 са збораў Бібліятэкі Арсенала). Змест яго з чорна-белымі рэпрадукцыямі і славеснымі апісаннямі колераў выдадзены ў 1926 годзе і лёгка шукаецца ў інтэрнэце.

Герб Паўла Гальшанскага ў Stemmata Polonica з публікацыі 1926 года. У першай чвэрці – герб Гальшанскіх, у астатніх – гербы іншых продкаў Паўла – Алелькавічаў, Судзімонтавічаў, Манівідаў.

 

Распаўсюджанне Кітаўруса

Князі Гальшанскія, хаця апошнія з іх і памерлі яшчэ ў 16 стагоддзі, аказваюцца ўдалым аб’яднаўчым сімвалам для рэгіёна, пра які мы вядзём гаворку.

Апроч Гальшанаў, асобныя прадстаўнікі рода тытулаваліся па Трабах, Лебедзеве і, магчыма, Вязыні. Праз жаночую лінію іх Кітаўрус трапіў і ў складаныя гербы апошніх Гаштаўтаў, “парадніўшыся” такім чынам з Геранёнамі, Астраўцом ды Валожынам.

Дарэчным для гэтых краёў здаецца і тое, што ў родзе суіснавалі ў добрай згодзе, наколькі можна судзіць з дакументаў, праваслаўная і каталіцкая галіны. Прычым першая дала свету шанаваную святую, а другая значнага біскупа.

Кентаўр у сінім полі – адметны сімвал

Калі вырашыць, што сімвал рэгіёна падыхо­дзіць, то нас чакае прыемны сюрпрыз. Хаця Кітаўрус і трапіў у многія сучасныя гербы – Гальшанаў і Старых Дарог у Беларусі, Сесікай у Літве, – ніхто, здаецца, дагэтуль не скарыстаўся варыянтам з сінім, а не чырвоным колерам поля.

Гербы Гальшанаў і Старых Дарог.

 

Хаця менавіта сіняе поле мы бачым на той старой каляровай выяве герба, якая адносіцца яшчэ да саміх Гальшанскіх, а не да родаў, якія перанялі герб пазней. Значыцца, кентаўр у сінім полі можа стаць не толькі дарэчным, але і адметным сімвалам.

Васільковы вянок і мядзведзь

На заканчэнне, пасля столькіх сухіх звестак, дадам некалькі больш вольных думак.

Калі захочацца абвіць шчыт вянком у стылі гербаў абласцей, згадаем, што валошка ў антычнасці звязвалася з кентаўрамі і нават завецца па-лацінску centaurea.

Герб Ашмянаў у 19 стагоддзі.

 

Лепшага вянка для герба з кентаўрам за васільковы-валошкавы не знайсці. Калі ж спатрэбяцца трымальнікі для шчыта, тут можна згадаць пра мядзведзя, які коратка пабыў у 19 стагоддзі на гербе Ашмянаў, а цяпер красуецца на Смаргонскім.

Герб Смаргоні. Фота wikipedia.org.

Герб Смаргоні. Фота wikipedia.org.

Герб Смаргоні.

 

У якасці асноўнай рэгіянальнай эмблемы мядзведзь трывала асацыюецца з досыць блізкаю Жамойцю, але ў якасці трымальніка можа прыдацца і ў іншых краях. Гэта, зрэшты, болей думкі ўголас, чым прапановы.

А вось Кітаўруса, думаецца, можна супольна прыняць усур’ёз.

«Рэгіянальная газета»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *