У Ашмянах ушанавалі памяць загінуўшых у Афганістане

События

У часу ёсць свая памяць — гісторыя. І таму свет ніколі не забывае пра трагедыі, якія захіснулі планету ў розныя эпохі, у тым ліку і пра жорсткія войны, якія забралі мільёны жыццяў, зруйнавалі каштоўнасці, створаныя чалавекам. Менавіта такой трагедыяй для нашага народа і была афганская вайна, якая захіснула гарачымі жоўтымі пяскамі нашых суайчыннікаў, іх сем’і, блізкіх, сяброў і таварышаў.

Роўна 28 год аддзяляе нас ад таго памятнага дня, калі апошні савецкі салдат пакінуў зямлю Афганістана, дзе дзевяць гадоў і пяцьдзясят адзін дзень выконвалі інтэрнацыянальны абавязак простыя савецкія юнакі.

IMG_0569

У пятнаццаты дзень лютага на месцах пахаванняў воінаў-інтэрнацыяналістаў у вёсцы Паляны і горадзе Ашмяны адбылося ўскладанне вянкоў і кветак, у якім прынялі ўдзел дэлегацыі ветэранаў афганскай вайны, школьнікаў, моладзі і грамадскасці. На палях бітваў той вайны склалі свае галовы трое салдат з Ашмяншчыны ─ Сяргей Залатароў, Эдуард Кеда і Сяргей Клінцэвіч. Чорным, жудасным крылом стукнула ў вокны бацькоўскіх дамоў навіна аб тым, што родных людзей не стала. Колькі выплакана слёз, колькі гора абрынулася на іх сем’і ў адно імгненне!

У глыбокім маўчанні стаялі воіны-афганцы, прадстаўнікі райвыканкама, ваенкамата ля магіл, дзе пакояцца нашыя землякі. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання, а ваенныя выпусцілі залпы ўрачыстага салюту ў гонар загінулых.

Таксама ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і вываду савецкіх войскаў з Афганістана ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам у горадзе адбыўся мітынг-рэквіем “Рэха Афгана”, прысвечаны гэтым падзеям.

IMG_0585

Дзякуючы ініцыятыве воінаў-інтэрнацыяналістаў на чале са старшынёй Ашмянскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалаем Станіслававічам Лаздзіным  у нашых землякоў-афганцаў з’явілася месца для сустрэч у Дні Памяці. Памятны знак “Сынам зямлі Ашмянскай” быў адкрыты некалькі год таму. Баявая дэсантная машына БМД-1, якая прайшла крывавымі дарогамі Афганістана, сімвалізуе памяць жыхароў раёна аб падзеях той вайны. Тут жа ўладкавана мемарыяльная пліта з памятным подпісам воінам-інтэрнацыяналістам, удзельнікам лакальных войнаў і імёнамі загінуўшых вайскоўцаў.

IMG_0590

Сёння афганцы сустракаюцца, каб успомніць сяброў: і тых, хто жывы, і тых, хто не вярнуўся, ускладаюць кветкі да помніка, але стараюцца не ўспамінаць пра тую вайну…  Не сцерці з памяці гэтых мужчын, якія сёння моўчкі стаялі каля памятнага знака, тыя жахлівыя месяцы афганскай вайны.

Нязвыклы гарачы клімат, халоднае высакагор’е ці гарачыя пустыні, узброены вораг… А ўдалечыні ў іх засталася Радзіма, родны горад, вёсачка, дом, матулі, жонкі, дзеці.

Падчас мітынгу гучала шмат слоў у адрас воінаў-інтэрнацыяналістаў ад старшыні АшмянскагаIMG_0593 райвыканкама Міраслава Сарасека, настаяцеля храма Уваскрэсення Хрыстова пратаіерэя Пятра Пятлёхі, начальніка аддзела ўнутраных спраў Ашмянскага райвыканкама Дзмітрыя Уляшкі.

Міраслаў Сарасек павіншаваў усіх ветэранаў, якія з гонарам выканалі свой абавязак у Афганістане, пажадаў ім здароўя і дабрабыту. Ён таксама зазначыў, што мы заўсёды будзем помніць аб гэтай вайне, краіна засвоіла жудасны ўрок і таму ў Беларусі ўсё робіцца дзеля таго, каб умацаваць мір.

Старшыня Ашмянскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалай Лаздзін падзякаваў сваім саслужыўцам, воінам-інтэрнацыяналістам, пажадаў здароўя, а жыхарам Ашмяншчыны — міра, дабра і росквіту. Таксама Мікалай Станіслававіч прачытаў віншаванне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Маркевіча.

IMG_0609

IMG_0611

Усё далей і далей сыходзіць у мінулае вайна ў Афганістане, але час бяссільны перад памяццю. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся з бою і пайменна ўспомнілі загінулых землякоў. Кранальныя вершы прачыталі вучні СШ №2, пранікнёныя песні выканалі  Іван Валадзько і Сяргей Спірыдонаў.

IMG_0622

IMG_0640-2

Афганская вайна яшчэ доўга будзе нагадваць пра сябе, пакуль жывыя бацькі, якія страцілі сыноў. Яна будзе жыць у памяці дзяцей, якія выраслі без бацькоў. Шматлікія з іх зусім не ведалі цяпла бацькаўскіх рук, іншыя ж усё жыццё будуць захоўваць далікатныя дзіцячыя ўспаміны пра іх. Застануцца вершы і песні, народжаныя на вайне, пра сілу духу і мужнасць салдат, застануцца фотаздымкі і лісты. А той боль будзе рэхам адгуквацца ў афганскіх гарах  і нашых сэрцах.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *